Сем гадоў пры падтрымцы нямецкіх фондаў у Гомлі займаюцца сацыяльнай інтэграцыяй цыганоў. Свабода даведалася, зь якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый, працуючы з цыганскай супольнасьцю Беларусі, і якіх вынікаў яны чакаюць.
Праект пачынаўся з сацыяльнай дапамогі старым ромам — ахвярам нацыянал-сацыялізму. Ім фінансава дапамагаў нямецкі фонд «Памяць. Адказнасьць. Будучыня». Зь беларускага боку за рэалізацыю праграмы адказвала Гомельскае абласное грамадзкае аб’яднаньне «Сацыяльныя праекты».
«Праблема ромаў тычыцца ўсёй Эўропы, там шмат розных праграмаў па іх падтрымцы. Гэта глябальная праблема, таму нямецкія фонды дапамагаюць і нам», — патлумачыла дырэктар «Сацыяльных праектаў» Ніна Кекух.
У працэсе працы са сталымі ромамі выявіліся вострыя праблемы дыяспары — беспрацоўе, маргіналізацыя і крыміналізацыя супольнасьці, адсутнасьць дакумэнтаў, нізкі ўзровень адукацыі, нэгатыўнае стаўленьне грамадзтва да цыганоў.
За адукацыю дзяцей ромаў і асьвету іхніх бацькоў узяліся «Сацыяльныя праекты» пры падтрымцы Пратэстанцкага агенцтва па дыяканіі і разьвіцьці «Хлеб для сьвету — Пратэстанцкая служба разьвіцьця» (Бэрлін). Агенцтва працуе на сто краінаў сьвету, ягоны прыярытэт — найбольш уразьлівыя групы.
У школах Гомля і Прыбара для дзяцей арганізавалі дадатковыя заняткі, іх вазілі на экскурсіі, у цырк і тэатар, стымулявалі да добрай вучобы і наведваньня заняткаў партфэлямі, асадкамі і алоўкамі, адзеньнем і абуткам. Удзел у праекце ўзялі 108 дзяцей ромаў і 165 бацькоў. Цяпер праект скончыўся, каб аднавіцца ў пашыраным варыянце — ён будзе рэалізоўвацца ў пяці школах Гомельскага рэгіёну.
«З аднаго боку — сацыялізаваць дзяцей, з другога — захаваць іх самабытнасьць»
Многія праблемы ромскай супольнасьці застаюцца пакуль невырашальнымі, кажуць удзельнікі праектаў.
«Але наша задача, з аднаго боку, — сацыялізаваць дзяцей, а з другога — захаваць іх самабытнасьць. У гэтым і ёсьць цяжкасьці. Калі мы іх будзем, скажам так, ламаць — не захаваецца самабытнасьць, цыганская нацыя страціць сябе, таму тут трэба шукаць залатую сярэдзіну. І для гэтага павінна быць праведзена сярод пэдагогаў сур’ёзная праца», — лічыць Ніна Кекух.
Гомельскі абласны Інстытут разьвіцьця адукацыі падрыхтаваў Мэтадычныя рэкамэндацыі для пэдагогаў, якія працуюць зь дзецьмі ромаў.
Пры працы зь імі, вынікае з рэкамэндацыяў, варта ўлічваць асаблівасьці выхаваньня ў сям’і ў духу свабоды, нізкія камунікатыўныя навыкі (дома размаўляюць на цыганскай мове, у школе — на расейскай), экспрэсіўнасьць, іншую сыстэму каштоўнасьцяў.
«У дзяцей цыганоў слова настаўніка заўсёды будзе ісьці пасьля слова бацькоў. Гэта варта ўлічваць. Для цыганоў іх дзіця — выключнае. Таму пэдагогам трэба карыстацца разумнай дыпляматыяй», — кажа Ніна Кекух.
Яна зьвярнула ўвагу, што цыганскія дзеці — жвавыя, непасрэдныя і няўрымсьлівыя, валодаюць здольнасьцямі да творчасьці і спорту.
Пэдагогам пры працы зь дзецьмі ромаў варта ўлічваць этнакультурныя асаблівасьці:
- цыганскі суд, які фармуе сыстэму каштоўнасьцяў,
- сьвяты (Раство, Вялікдзень), якія ў ромаў расьцягваюцца на доўгі час,
- тое, што бацькі пакідаюць старэйшых дзяцей дома, каб глядзелі меншых.
Павярнуць пэдагогаў тварам да дзяцей ромаў
У цыганоў ёсьць пэўны недавер да грамадзтва, але пры блізкіх кантактах, калі яны бачаць, што да іх прыйшлі з дабром, — шмат хто адкрыты да дыялёгу, кажа прадстаўніца «Сацыяльных праектаў».
Пакуль дзеці займаліся дадаткова, для бацькоў былі арганізаваныя клюбы. Там яны атрымлівалі кансультацыі юрыстаў, лекараў, псыхолягаў.
«Пытаньняў з боку цыганоў было вельмі шмат. Гэта значыць, такая праца запатрабаваная», — сказала Кекух.
Дырэктар «Сацыяльных праектаў» падкрэсьлівае, што мэта праграмы — «хаця б новае пакаленьне вывесьці на годны ўзровень жыцьця».
«Наўрад ці дарослыя ромы сядуць за парты, але варта праводзіць сярод іх асьветніцкую працу па адказным бацькоўстве, выхаваньні дзяцей, неабходнасьці адукацыі. Важна і пэдагогаў разьвярнуць тварам да дзяцей ромаў», — кажа прадстаўніца грамадзкай арганізацыі.
Мерапрыемствы праекту накіраваныя на руйнаваньне межаў паміж грамадзтвам і цыганскай дыяспарай.
«...Каб дзеці расьлі свабоднымі»
Дырэктар адукацыйнай установы «Рамана дром» Вольга Нячаева кажа, што праблема зь легалізацыяй гомельскіх ромаў практычна вырашаная: за апошні час каля ста чалавек атрымалі пашпарты. І працэс працягваецца.
«Мы разумеем, што, можа, ромы зарэкамэндавалі сябе ня зь лепшага боку, але мы намагаемся зламаць гэтыя стэрэатыпы. Няроўны лёс — няроўныя людзі. Трэба памятаць — у кожнага свой лёс, свае раны», — кажа Нячаева.
Яна распавяла пра выпадак, калі дзяцей ромаў не хацелі прымаць у школу.
«Я разумею, што ня маюць права адмаўляць, але таксама мы не хацелі і канфліктаў, бо дзецям там яшчэ вучыцца», — сказала дырэктарка школы.
Яна нагадала, што ў выхаваньні дзяцей ромаў ёсьць асаблівасьці, адна зь якіх — тая, што бацькі выхоўваюць іх у духу свабоды, практычна нічога не забараняюць.
«Вучаць, тлумачаць, канечне, але не забараняюць, каб яны вырасьлі свабоднымі», — падкрэсьліла Нячаева.
Праект па адукацыі ромаў яго ўдзельнікі ацанілі як пасьпяховы.
«Мы — адзіны народ!»
12 траўня на першым у Беларусі Фэсьце цыганскай культуры, які прайшоў у межах праекту «Адукацыя ромаў — погляд у будучыню», асноўны акцэнт быў зроблены на моцны бок дыяспары — сьпевы і танцы. Таксама адбыліся выставы, конкурсы, майстар-клясы.
Валянцін Еўдакімаў — старэйшына ромаў. Ён з гонарам апавядаў пра свайго продка, цыгана-партызана, які ваяваў пад Бабруйскам, а пасьля вайны першы атрымаў ад дзяржавы дом у Гомлі. Сям’я ў партызана была вялікая — 12 дзяцей. На фэсьце дзеці і ўнукі Еўдакімавы з гонарам прадстаўлялі свой род на выставе фатаздымкаў і свае працы, у тым ліку абразы, вышытыя бісэрам.
«Абразы робім самі, але прадаваць іх нельга — гэта сьвятое. Толькі дорым — дзецям, пляменьнікам. Унучкі нашыя таксама перанялі майстэрства. Адной зь іх прысьнілася бабуля — і праз сон прыйшло да яе натхненьне вышываць іконы», — кажа Вольга Еўдакімава.
«Мы людзі Божыя, нам усе перадаецца ад Бога!» — кажа Валянцін Еўдакімаў.
Са сцэны ў гэты момант прагучала, што Ўсявышні быў так уражаны вясёлым норавам цыганоў, што не прывязваў іх да земляробства, а дазволіў вандраваць па зямлі.
«Увесь сьвет — наш!», — гукнуў нехта з натоўпу.
«Мы ўсе — адзін народ», — нагадаў са сцэны прадстаўнік габрэйскай супольнасьці, які прыйшоў павіншаваць цыганоў са сьвятам.
Усяго ў сьвеце, у большай ступені ў Эўропе, жыве ад 12 да 18 мільёнаў цыганоў, у тым ліку ў краінах Усходняй Эўропы — 8 мільёнаў. Паводле перапісу насельніцтва 2009 году ў Беларусі жыве 7079 цыганоў. А самі ромы мяркуюць, што іх на тэрыторыі краіны каля 60 тысяч.
«Напэўна, праўда недзе пасярэдзіне», — лічыць Ніна Кекух.
У Гомельскай вобласьці жыве больш за 2500 цыганоў — самая шматлікая дыяспара ў Беларусі. Найменш цыганоў, згодна зь перапісам, у Горадзенскай вобласьці — 372.
«Сацыяльныя праекты» з партнэрамі праводзілі дасьледаваньне, паводле якога большасьць дзяцей ромаў маюць толькі базавую адукацыю. Вышэйшую адукацыю атрымліваюць толькі каля 2% ромаў. Каля 30% цыганоў ня ўмеюць пісаць і чытаць.
«Іх дзеці насьледуюць ня толькі беднасьць, але і ўзоры мысьленьня і паводзін. А ўсё гэта вядзе да далейшай сацыяльнай ізаляцыі», — лічыць Ніна Кекух.
У асяродзьдзі ромаў распаўсюджаныя раньнія шлюбы, дзяўчынкі нараджаюць у 15–16 гадоў. Шлюб у 13–14 гадоў супярэчыць беларускаму заканадаўству, з гэтым у ромаў узьнікаюць праблемы.
Летась 19-гадовы Альбэрт, жыхар Гомельскага раёну, быў прызнаны судом вінаватым у «палавым кантакце з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту» (артыкул 168 КК). Яго пакаралі пазбаўленьнем волі тэрмінам на тры гады з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на два гады. Цыганская супольнасьць была ўпэўненая: Альбэрт не парушаў закону, а «законна» ажаніўся з Луізай. Сьледзтва і суд палічылі інакш.