Я сяджу ў гасьцях у Аксаны Марцінкевіч, пяцідзесяцігадовай цыганкі. У вёсцы Маствілішкі, што пад Ашмянамі. Мы разам спрабуем прасьпяваць якую-небудзь песьню, бо для мяне пасьпяваць цыганскую песьню разам з сапраўднай цыганкай — неверагоднае задавальненьне.
У Ашмянах і ваколіцах пасьля вайны аселі некалькі цыганскіх сем’яў. На сёньняшні дзень іх тут пражывае каля трох дзясяткаў. Большасьць працуе на дзяржаўных прадпрыемствах. І галоўныя стэрэатыпы пра цыгана-злодзея і ашуканца тут не працуюць.
— Цыганы — вельмі дружны народ, вельмі справядлівы народ. Якія сьвяты, заўжды зьбіраемся. Заўжды дапамагаем адно аднаму.
— Але ж ёсьць, хто крадзе.
— Ёсьць. Але я па жыцьці не краду. У мяне муж працуе. На мясакамбінаце. Вельмі добры работнік. Усё жыцьцё працуе. У мяне чацьвёра дзяцей, дзевяць унукаў.
Мяне заўжды захапляла ўменьне цыганоў хваліць сваіх дзяцей і ўнукаў. Якасьць, якую варта пераняць беларусам. У Аксаны што ні дзіця, то «прыгажун» ці «прыгажуня».
— Сын у мяне таксама на гітары грае, прыгажун! Дачка пяе, прыгажуня. Харошая лялька. Пяюць, у маці пайшлі. І другі сын у мяне танцуе па-цыганску, прыгажун.
Мне вельмі хацелася засьпець хоць адну цыганку, якая памятае качавое жыцьцё. Кібіткі, шатры, зімовыя начоўкі ў сялянскіх хатах. Беларусы заўжды дзяліліся з цыганамі цяплом сваіх печак. Нягледзячы на скрадзеных курэй ці авечак. Зрэшты, цыган ня краў там, дзе жыў. Але той спрадвечны цыганскі лад ужо не застаўся нават у памяці.
— Сьвет памяняўся. Раней нельга было ўявіць, каб цыган рускую ўзяў. Ці руская выйшла за цыгана. А цяпер цыгане бяруць рускіх. Гэта да лепшага. Бо па каханьні жэняцца. А раней бацькі не дазвалялі.
8 красавіка ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень цыганоў. Будуць адбывацца канцэрты, канфэрэнцыі, выставы. Але, здаецца, ашмянскія цыганы пра гэтае сьвята пачулі толькі ад мяне. Мы гутарым са Сьцяпанам Багдановічам і Канстанцінам Марцінкевічам. Немалады хударлявы Сьцяпан ужо гадоў дваццаць працуе ў ашмянскім Палацы культуры. Кіраўніком цыганскага ансамблю.
— Цыганам не пагражае зьнікненьне?
— Думаю, не. Хоць цыганы ўжо аселі, не качуюць, але мова родная ніколі не забываецца. Мая жонка руская, але ж дзеці цыганы!
У размову ўступае Канстанцін. Моцны мужчына са зьнешнасьцю кіназлыдня. Мускулісты, нагала паголены і аднавокі. Паводле Канстанціна, вока ён страціў на трэцяй чачэнскай вайне. Прычым так паглядае на цябе здаровым вокам, што верыш.
— Да рамалаў вельмі кепска ставяцца. Жыльлё ня здымеш. Ня хочуць мець праблем з цыганамі. Цыган — значыць злодзей. Але ж насамрэч гэта ня так. Людзі ўсе розныя.
— Гэты стэрэатып, цыган-злодзей, калі-небудзь разбурыцца?
— Ня ведаю. Гэтаму стэрэатыпу стагодзьдзі.
— Не разбурыцца ніколі.
— Бо цыганскі народ сам па сабе такі. У яго гэта ў крыві.
— Можа, з часам, гэтыя кражы адыдуць. Бо цыганы абеларусяцца. Але ж гэта не адно пакаленьне пройдзе. А пакуль усякае здараецца.
— А пакуль па вясковых хатах ходзяць цёткі.
— І вельмі многа ходзяць. Яны нідзе не працуюць. Здабываюць сабе на хлеб. Ім трэба дзяцей карміць. Мужыкі іхныя дома сядзяць і за кошт сваіх жонак жывуць. Усё забясьпечвае жанчына.
Мяне заўжды раздражняла ў іншаземцах няздольнасьць адрозьніць беларускае ад расейскага. Але цыганы жывуць тут не адно стагодзьдзе. А мы, падобна на тое, для іх усе «рускія». Ці не зусім? Слова Канстанціну.
— Беларусь адзіная краіна, дзе няма ачагоў напружаньня паміж славянамі і цыганамі. Беларускі народ — просты, не крыўдлівы, не агрэсіўны, цярплівы. Няма злапамятнасьці. Вельмі добразычлівы народ. Ідзеш да любога чалавека. І два рублі дасьць, і тры. Я сам дзіўлюся. Але цяпер такая сытуацыя, што ўлады ставяцца да рамалаў жорстка. Ёсьць і перасьлед, ёсьць і праверкі пастаянныя. Тыя рамалы, што адседзелі ў турмах, — пад пастаянным кантролем. Цыгане — самы шматпакутны народ.
Калі я слухаю цыганскія скаргі пра тое, як іх прыціскаюць праз адсутнасьць сваёй дзяржавы, я міжволі прыгадваю дзясяткі беларусаў, якія сёньня сядзяць толькі за тое, што яны беларусы. І сядзяць быццам у сваёй дзяржаве. Выходзіць, гэта не цыганы павінны нам зайздросьціць, а мы ім. Зрэшты, калі не зайздросьціць, дык нечаму павучыцца. 15 стагодзьдзяў таму зь Індыі ў Візантыю прыйшоў народ. Тысяча чалавек. І празь некаторы час расьсяліўся па ўсёй Эўропе, дасягнуўшы колькасьці 10 мільёнаў. Вам гэтыя лічбы нічога не нагадваюць? Я ведаю цывілізаваны народ, які, маючы сваю вялікую культуру і дзяржаву, зь дзесяці мільёнаў скараціўся ледзь не да тысячы. Калі за нацыянальную прыкмету браць родную мову. Якая адзіная дапамагла цыганам выжыць. Не дзяржава, а мова. А агульную песьню з Аксанай мы ўсё ж знайшлі. «Бахталыс». Што па-цыганску значыць «шчасьліва».