Каля аэрадрому «Барысаглебск», што ў Валгаградзкай вобласьці Расеі, разьбіўся вайскова-навучальны самалёт Як-130. Як паведамляе «Інтэрфакс», прычынай аварыі магла стаць няспраўнасьць сыстэмаў рухавіка.
Самалёт разьбіўся ў час навучальнага палёту, але два пілёта пасьпяхова катапультаваліся, адразу па прызямленьні выйшлі на сувязь. Іхнаму жыцьцю, паводле Міністэрства абароны Расеі, нічога не пагражае, для іх эвакуацыі накіравалі пошукава-ратавальную групу.
Ці зьвязаны навучальны палёт з вучэньнямі «Захад-2017», не паведамляецца. Днём раней першай «ахвярай» вучэньняў стаў расейскі самалёт Ту-22М3, які празь няспраўнасьць выкаціўся з узьлётна-пасажачнай паласы.
Як-130 прызначаны для навучаньня курсантаў і падрыхтоўкі іх да палётаў на баявой тэхніцы, але можа выкарыстоўвацца ў якасьці лёгкага штурмавіка. Расея цяпер актыўна закупае такія самалёты, у 2016–2018 годзе мела намер закупіць 30 асобнікаў.