ФБР папярэдзіла аб пагрозе атакаў крамлёўскіх хакераў на энэргетычныя і ядзерныя аб’екты ЗША

©Shutterstock

Дэпартамэнт унутранай бясьпекі ЗША і Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў выдалі папярэджаньне аб пагрозе кібэратакаў хакераў расейскага ўраду, нацэленых на амэрыканскі ўрад, энэргетычныя, ядзерныя і камэрцыйныя аб’екты, авіяцыю і іншыя цэлі.

Папярэджаньне ўтрымлівае падрабязнае апісаньне таго, як дзейнічаюць хакеры. Шкодныя праграмы, якія зьвязваюць з крамлёўскімі хакерамі, ужо выявілі ў сыстэмах некалькіх кампаніяў з энэргетычнага і ядзернага сэктараў.

Амэрыканскія спэцслужбы, як пішуць у папярэджаньні, характарызуюць гэтую дзейнасьць як шматступеньчатую кампанію кібэр-спэцыялістаў расійскага ўраду. Хакеры арыентаваліся на сеткі малых камэрцыйных аб'ектаў, дзе яны ўсталявалі шкодныя праграмы, правялі прыцэльны фішынг (выцягваньне зьвестак карыстальнікаў праз зман) і атрымалі аддалены доступ у сеткі энэргетычнага сэктару, правялі выведныя дзеяньні ў сетках і сабралі інфармацыю, зьвязаную з доступам да індустрыяльных сыстэмаў кантролю.

Месяц таму паведамлялася, што расейскія хакеры атрымалі доступ да зьвестак буйных кампаніяў, якія супрацоўнічаюць з Міністэрствам абароны ЗША (у тым ліку Boeing і Airbus). Напад зазналі амаль 90 супрацоўнікаў, якія працуюць над стварэньнем бесьпілётнікаў, ракет і зьнішчальнікаў.

Кіраўнік Нацыянальнай выведкі ЗША Дэн Коўтс пасьля таго заяўляў, што Расея ўзмацняе кібэратакі супраць ЗША і іх саюзьнікаў, «разглядае выбары 2018 году ў ЗША як патэнцыйную мэту для новай апэрацыі».

А кіраўнік Агенцтва нацыянальнай бясьпекі адмірал Майкл Роджэрс у канцы лютага адзначаў, што Злучаныя Штаты не зрабілі крокаў для таго, каб Расея заплаціла высокую цану за ўмяшаньне ў амэрыканскі выбарчы працэс у 2016 годзе.