Беларусь і Расея падпісалі пратакол пра абмен зьвесткамі аб «неўязных»

Дамова тычыцца абменам зьвесткамі аб грамадзянах Расеі і Беларусі. А зьвесткамі пра іншаземцаў, падобна, абменьваюцца ўжо ня першы год.

У Гомлі 8 сьнежня завершылася паседжаньне Савету Міністраў так званай «Саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі — там, як паведамляе беларускі МУС, абмеркавалі ў тым ліку «фармаваньне адзінай міграцыйнай прасторы».

Прадстаўнікі сілавікоў падпісалі пратакол аб абмене зьвесткамі аб грамадзянах Беларусі і Расеі, у дачыненьні якіх дзейнічае абмежаваньне на ўезд. Паводле беларускага МУС, пратакол вызначае парадак і форму абмену дадзенымі, а таксама сьпіс асабістых зьвестак.

Нягледзячы на фактычную адсутнасьць мяжы між Расеяй і Беларусьсю, з канца 2016 году дзейнічае пашпартны кантроль — беларусаў могуць не пусьціць у Расею бяз пашпарта.

«Надзелі чорны мяшок на галаву і павезьлі». Прыгоды расейскага дысыдэнта ў Беларусі

Беларускія суды могуць дэпартаваць расейцаў і забараняць ім уезд. Напрыклад, калі расеец возьме ўдзел у мітынгу на Дзень Волі і будзе «выкрыкваць лёзунгі на беларускай мове», якую ня ведае.

Зьвесткамі пра ўкраіцаў ужо абменьваюцца

Тым часам Беларусь і Расея, верагодна, ужо абменьваюцца зьвесткамі пра «неўязных» грамадзянаў іншых краінаў: у Беларусь могуць не пусьціць людзей з расейскага «чорнага сьпісу», нават калі іх няма ў такіх беларускіх сьпісах.

Так, зь Беларусі прымусілі зьехаць украінскага паэта Сяргея Жадана. У нумар гатэлю ў Менску каля дзьвюх гадзін ночы да яго ўварваўся міліцэйскі патруль — нічога не патлумачыўшы, міліцыянты даставілі Жадана ў пастарунак, потым павезьлі ў Ленінскі РУУС. Урэшце яго прымусілі зьехаць з краіны і забаранілі ўезд у Беларусь, бо яму забаронены ўезд у Расею «за датычнасьць да тэрарыстычнай дзейнасьці». Пасьля таго, як пра гэта паведамілі беларускія і ўкраінскія СМІ, Беларусь скасавала забарону на ўезд.

Шуневіч сказаў, што ня ведае Жадана. Жадан сказаў, што ня ведае Шуневіча. МЗС Украіны шкадуе Шуневіча