Daily Mail: сёньня ад удзелу ў Алімпіядзе адхіляць усю зборную Расеі

©Shutterstock

У нядзелю, як чакаецца, МАК абвесьціць рашэньне па пытаньні аб поўным адхіленьні ўсіх спартсмэнаў з Расеі ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях.

Брытанская Daily Mail паведаміла са спасылкай на «добра інфармаваныя крыніцы», што Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) у нядзелю адхіліць ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях у Бразыліі ўсю расейскую каманду (387 чалавек) праз допінгавы скандал.

У нядзелю, як чакаецца, МАК абвесьціць рашэньне па пытаньні аб поўным адхіленьні ўсіх спартсмэнаў з Расеі ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях, якія адбудуцца з 5 па 21 жніўня. Рашэньне МАК рушыць усьлед за зьняцьцем з Алімпіяды расейскіх лёгкаатлетаў, якім на гэтым тыдні не ўдалося аспрэчыць забарону на свой выступ у Рыё ў Спартыўным арбітражным судзе ў Лазане.

Пазбавіць Расею права ўдзельнічаць у Алімпіядзе просяць спартовыя фэдэрацыі 10 зь лішнім краін і проста вядомыя спартоўцы.

WADA заклікала адхіліць расейскіх спартоўцаў ад усіх міжнародных спаборніцтваў

«Расейская допінгавая сыстэма — жудаснае злачынства супраць алімпійскага руху, і Расея павінна быць пакараная» — такія словы брытанскага скелетаніста Адама Пенгілі, сябра МАК і неаднаразовага прызёра Алімпійскіх гульняў, цытавала напярэдадні сёньняшняга рашэньня BBC.

Якім бы ні было рашэньне МАК, допінгавая эпапэя расейскага спорту на гэтым не скончыцца — наперадзе яшчэ пераправеркі допінг-пробаў спартсмэнаў, якія выступалі на зімовай Алімпіядзе і Паралімпіядзе ў Сочы.

Гэтая пераправераі можа прывесьці да масавага пазбаўленьня расейцаў мэдалёў (у неафіцыйным камандным заліку ў Сочы зборная Расіі перамагла з вялікім адрывам). Пераправеркі допінг-пробаў, узятых на летніх алімпіядах у Лёндане і Пэкіне ўжо на ўсю моц ідзе, у час яе выяўлены дзесяткі спартсмэнаў, якія ўжывалі допінг.

А пачалася эпапэя з выкрывальных фільмаў пра допінг журналіста нямецкага тэлеканала ARD Хаё Зеппельта ў 2014 годзе і працягнулася сэнсацыйнымі адкрыцьцямі былога дырэктара расейскага антыдопінгавага агенцтва Рыгора Родчанкава ў інтэрвію The New York Times.

Менавіта з інтэрвію Родчанкава вынікала, што ўтойваньне выкарыстаньня допінгу кантралявалася на Алімпіядзе ў Сочы наўпрост прадстаўнікамі расейскіх уладаў і сілавых структур, у першую чаргу — ФСБ.