Расея хоча кантраляваць беларускія межы з Эўразьвязам

Беларусь супраціўляецца спробам расейскіх чыноўнікаў кантраляваць паток тавараў з Эўропы на беларускіх памежных пунктах.

Расея не спыняе спробаў дамагчыся ад Беларусі ўдзелу ў кантролі за прадуктовымі патокамі з краінаў Эўразьвязу, каб забясьпечыць харчовае эмбарга, уведзенае ў адказ на санкцыі Эўразьвязу за падзеі ва Ўкраіне. Між тым беларускі бак пакуль не паддаецца.

У лютым Рассельгаснагляд чарговым разам прапанаваў Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі наладзіць сумесны маніторынг падкантрольнай прадукцыі, якая трапляе ў Беларусь з-за межаў Мытнага саюзу. Маюцца на ўвазе пастаўкі харчовай прадукцыі, на якія ў Расеі ўведзенае эмбарга і якія паводле дакумэнтаў прызначаныя трэцім краінам. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі адказала на прапанову з Расеі, што такія захады магчымыя толькі пры адначасовым увядзеньні сумеснага маніторынгу на зьнешніх межах Мытнага саюзу ў Казахстане і ў Расеі.

10 сакавіка крыніца ў Рассельгаснаглядзе, на якую спасылаецца «Независимая газета», абурылася гэтай пазыцыяй Беларусі.

«Пры гэтым ігнаруецца тое, што праз гэтыя ўчасткі, у адрозьненьне ад беларускага, не праходзяць масавыя патокі кантрабандных грузаў з Эўразьвязу», — сказаў, паводле выданьня, адказны чыноўнік расейскага ведамства і далей прывёў дадзеныя, што з часу ўвядзеньня прадуктовага эмбарга (жнівень 2014 году. — РС) было спынена 254 партыі кантрабандных харчоў агульнай вагой 2,5 тысячы тон. Паводле расейскага чыноўніка, паток кантрабанднага харчаваньня з Эўропы ідзе ў Расею празь Беларусь пад выглядам транзыту ў іншыя краіны.

Даказваючы гэта, Рассельгаснагляд спасылаецца на 166 падробленых сэртыфікатаў на імпарт харчоў, якія ўдалося выявіць кантралёрам ведамства ў 2015 годзе. Паводле Рассельгаснагляду, гэта ўдвая больш, чым выявілі падробак за ўвесь 2014 год. «Гэта і мяса замарожанае, і рыба, і гародніна невядомага паходжаньня. Частку зь іх правозілі пад выглядам будаўнічых матэрыялаў, кардону, солі. Так, такія спробы былі і застаюцца», — цытуе «Независимая газета» кіраўніцу Рассельгаснагляду Ганну Папову.

Залескі: Намер Расеі кантраляваць беларускую мяжу супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі

Міхал Залескі

Чым тлумачыцца пазыцыя Беларусі, якая не пагаджаецца дапусьціць расейскіх чыноўнікаў да кантролю тавараў з Эўропы на беларускіх памежных пунктах? Калі скончыцца расейскае эмбарга на пастаўкі харчаваньня з Эўропы? Незалежны эканаміст Міхал Залескі гэтак пракамэнтаваў сытуацыю.

— Ужо другі дзясятак гадоў ідзе палітычная мітусьня вакол незразумелых саюзных дзяржаў, мытных саюзаў і гэтак далей. Пачынаючы ад СНД, ідзе гэтая рэстаўрацыя СССР. Але яна з-за дрэнных выканаўцаў не атрымліваецца, і, фактычна, усе нацыі з былога СССР, які разваліўся, дзейнічаюць у сваіх нацыянальных інтарэсах. Абурэньне расейцаў пазыцыяй Беларусі зьвязанае з тым, што нацыянальныя інтарэсы Беларусі тут не супадаюць з нацыянальнымі інтарэсамі Расеі. Яны хочуць, каб мы не прапускалі гэтыя тавары, выконвалі іхняе эмбарга, а мы ў гэтым не зацікаўленыя. Я не прыхільнік цяперашняй беларускай улады, але тут яна дзейнічае ў сваіх інтарэсах, разумеючы іх як інтарэсы дзяржавы. Іх інтарэс у тым, каб на гэтых таварных плынях зарабляць, зарабляць на кожнай сытуацыі, якая не на карысьць Расеі. Бо гэта дае магчымасьць зарабіць лішні даляр. Вось яны і стараюцца.

— Пры якой умове расейскі бок можа дамагчыся такога сумеснага маніторынгу, пра які просіць?

— У нашых чыноўнікаў жаданьня няма, але рукі можна выламаць кожнаму. Калі праблему зьвязаць з крэдытамі, з нашымі абавязаньнямі ў АДКБ, то могуць дамагчыся. Скажуць, што альбо ідзіце ваяваць за нас, бо на нас напалі «ўкрафашысты», альбо мы ўчынім дадатковую мытню. Нашы будуць выбіраць зь дзьвюх бедаў меншую і пагодзяцца. Рукі выламаць могуць, магчымасьці і інструмэнты ў іх ёсьць. Але згоды на гэта ад нашага кіраўніцтва я не чакаю.

Калі расейцы хочуць кантролю за таварнымі масамі, што ідуць з захаду і з усходу, то хай яны ўводзяць мяжу зь Беларусьсю

Калі шчыра, хай бы расейцы сваю мытню лепш глядзелі. Вось Кітай дае дадзеныя, што ад іх, за пэўны пэрыяд, на 500 мільёнаў даляраў вывезьлі ў Расею тэлевізараў, а паводле дадзеных расейскай мытні выходзіць, што завезьлі ўсяго на 20 мільёнаў. І таму, калі ўжо падсумаваць, скажу гэтак. Калі расейцы хочуць кантролю за таварнымі масамі, што ідуць з захаду і з усходу, то хай яны ўводзяць мяжу зь Беларусьсю і там усё кантралююць, а ня лезуць на нашу мяжу з Польшчай і Літвой.

— Калі можна чакаць адмены расейскага эмбарга на прадуктовыя тавары з Эўропы?

— Цяпер сытуацыя дваістая. З аднаго боку, расейцы будуць распальваць вайну ва Ўкраіне, тут у мяне ніякага сумневу няма, і санкцыі Эўропе прыйдзецца ўзмацняць. Але сустрэчныя санкцыі Расеі, іх эмбарга, яшчэ больш страчваюць сэнс, бо вялікай шкоды Эўропе яны не наносяць, толькі што ствараюць пэўныя нязручнасьці, якія трэба вырашаць. Гэтае эмбарга зьвязанае выключна з адной асобай. Псыхануў расейскі тыран і гэтак зрабіў, гэтаксама і ў нас бывае. А эканамічнага сэнсу тут няма ніякага.