«Шоў скончылася». Раманчуку так і не пазванілі наконт распараджэньняў Лукашэнкі

Яраслаў Раманчук

Тыдзень таму падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» Аляксандар Лукашэнка прапанаваў уключыць эканаміста Яраслава Раманчука ў склад Рады разьвіцьця прадпрымальніцтва і рабочай групы па стымуляваньні дзелавой актыўнасьці, выключэньні залішніх патрабаваньняў да субʼектаў гаспадараньня, удасканаленьні кантрольна-нагляднай дзейнасьці.

Але пакуль Яраслава Раманчука афіцыйна так нікуды і не запрасілі.

«Ніякіх тэлефонных званкоў, ніякіх запрашэньняў не было. Шоў скончылася. То бок акрамя таго, што было сказана там, ні дадаць, ні адняць няма чаго. Гэтага сцэнару нельга было выключыць», — паведаміў ён Свабодзе.

Раманчук наогул невысокай думкі аб эфэктыўнасьці гэтых органаў — рады і рабочай групы.

«Нават сам Лукашэнка казаў, што Рада разьвіцьця прадпрымальніцтва, якую ўзначальваў Пракаповіч, а сёньня Мацюшэўскі, стала месцам, празь якое лабіруюць інтарэсы тыя бізнэсоўцы, якія туды ўвайшлі.

Другая структура — рабочая група, якая была створана на пачатку студзеня. Там адбылося толькі адно пасяджэньне, і нічога яшчэ сказаць пра яе нельга. Але, зыходзячы з таго, хто туды ўваходзіць — 90% чыноўнікаў, ніводнага незалежнага эканаміста — то тут казаць пра якасьць працы таксама не прыходзіцца», — кажа Раманчук.