Трамп заблякаваў продаж найбуйнейшага вытворцы чыпаў для тэлефонаў. Прычына — «нацыянальная бясьпека»

© Flickr

Буйному сынгапурскаму вытворцу электронікі Broadcom забаронена купляць найбуйнейшага ў сьвеце вытворцу мабільных працэсараў Qualcomm. Сынгапурцы прапаноўвалі за кампанію 117 млрд даляраў, піша Reuters.

Рашэньне аб блякаваньні ўгоды прыняў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Ён растлумачыў: ёсьць «дакладныя доказы» таго, што зьдзелка «можа паставіць пад пагрозу або ўчыніць шкоду нацыянальнай бясьпецы ЗША». Раней Камітэт замежных інвэстыцыяў у ЗША выявіў рызыку ў сувязях Broadcom з «замежнымі трэцімі бакамі», а таксама пабачыў небясьпеку ў патэнцыйным кітайскім дамінаваньні на рынку 5G-тэхналёгіяў у тэлекамунікацыях.

Broadcom з такімі ацэнкамі не пагадзілася, але апэляцыяў да рашэньня Трампа не прадугледжана. Скасаваньне ўгоды адбылося празь некалькі месяцаў пасьля таго, як кампанія анансавала перанос галоўнага офісу ў ЗША, а Трамп, стоячы побач з кіраўніком Broadcom у Белым доме, называў патэнцыйнага пакупніка Qualcomm «адной з сапраўды выдатных кампаніяў».

Qualcomm цяпер перадусім вядомая як вытворца чыпаў для смартфонаў — кампанія займае каля 42% гэтага рынку, то бок вырабляе працэсары двух зь пяці смартфонаў у сьвеце. На другім месцы Apple з 20%, на трэцім тайваньская MediaTek з 14%.

Але Qualcomm таксама важны гулец на рынку тэлекамунікацыйнага абсталяваньня, мае каля 15% патэнтаў, важных для будучых тэхналёгіяў 5G-сувязі (11% мае Nokia, 10% усе кітайскія кампаніі разам). Мяркуецца, што Qualcomm можа выпусьціць чыпы з падтрымкай 5G-сувязі ў канцы 2018 году ці пачатку 2019-га.