Класкоўскі: У жаданьні закансэрваваць сытуацыю і перавесьці стрэлкі Пуцін і Лукашэнка вельмі падобныя

Аляксандар Класкоўскі

Палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі лічыць, што прэс-канфэрэнцыя Уладзімера Пуціна была наўмысна пабудаваная на двух прадуманых пасылах: супакоіць расейскае грамадзтва наконт эканамічнага крызісу і пераключыць увагу на зьнешняга ворага.

Такое меркаваньне экспэрт выказаў у інтэрвію Свабодзе.

«Натуральна, гэта ўсё ў піяраўскім пляне было прадумана. Я маю на ўвазе нейкія рэчы, што мусяць закалыхаць масавую сьвядомасьць расейцаў — напрыклад, што ўжо пік крызісу эканоміка праходзіць. Хаця, думаю, Пуцін тут выдае жаданае за існае, бо падаюць цэны нафты і аналітыкі кажуць, што гэта, груба кажучы, капец расейскай эканоміцы.

Другі складнік — гэта пераключэньне ўвагі на зьнешняга ворага. У гэтым сэнсе таксама вельмі прадуманай была яго абразьлівая тырада наконт туркаў, якія, маўляў, хацелі „лізнуць“ Амэрыцы і таму зьбілі расейскі самалёт. Пуцін вызначаецца тым, што ён гэтую мову, умоўна, блатную, грубы слэнг, выкарыстоўвае. І гэта не таму, што яму самому не стае адукацыі — гэта наўмысна на плебс разьлічана і ў гэтым канкрэтным выпадку на распальваньне варожасьці да туркаў», — кажа ён.

Між тым, на думку Класкоўскага, прэс-канфэрэнцыя Пуціна паказала, што расейскай ўладзе ў выпадку небясьпечных для яе народных пратэстаў усё ж даводзіцца хаця б часткова адступаць — напрыклад, як у сытуацыі з дальнабойшчыкамі.

Пуціна і Лукашэнку яднае жаданьне любым чынам апраўдаць тую сыстэму кіраваньня, якая зьяўляецца недэмакратычнай, адсталай і тармозіць разьвіцьцё

«Я думаю, што ў пэрспэктыве і беларускія ўлады могуць сутыкнуцца з падобнымі выклікамі, таму што нашая эканоміка жорстка завязана на Расею, і гэты ланцуг будзе таксама цягнуць на дно і беларускую эканоміку. Таму, як бы не круціўся беларускі правадыр, як бы ён не стараўся перахапіць грошы і там, і там, эканоміка для яго галоўны вораг. І думаю, што зь цягам часу, нягледзячы на цярплівасьць беларусаў, будзе незадавальненьне нарастаць», — лічыць экспэрт.

Параўноўваючы паводзіны Лукашэнкі і Пуціна падчас вялікіх прэс-канфэрэнцый, Класкоўскі зьвярнуў увагу на тое, што гэтыя адрозьненьні хутчэй стылёвыя. Але па сваёй сутнасьці два прэзыдэнта вельмі падобныя.

«Лукашэнка выглядае болей расслаблена, ён стараецца выглядаць гаспадаром краіны. У Пуціна, усё ж, кадэбэшная школа, ён заўсёды напружаны, востры, ён можа зрэзаць адной фразай. А Лукашэнка ў гэтым сэнсе больш гаваркі, у яго вельмі доўгія канфэрэнцыі. Таму адрозьненьні ёсьць, але гэта адрозьненьні ў стылі — гэта нюансы адной ды іншай натуры.

А тое, што іх яднае — гэта аўтарытарызм, гэта жаданьне любым чынам апраўдаць тую сыстэму кіраваньня, якая зьяўляецца недэмакратычнай, якая зьяўляецца адсталай і тармозіць разьвіцьцё, адпаведна, расейскага і беларускага грамадзтва. У гэтым жаданьні закансэрваваць сытуацыю, знайсьці крайніх, перавесьці стрэлкі — яны вельмі падобныя», — кажа аналітык.