Скаргу «хлопца з бэнзапілой» адхілілі, прысуд пакінулі бязь зьменаў

Суд над Уладзіславам Казакевічам, архіўнае фота

Вярхоўны суд 13 чэрвеня адхіліў апэляцыйную скаргу на прысуд Ўладзіславу Казакевічу, які 8 кастрычніка 2016 году напаў з бэнзапілой на наведнікаў гандлёвага цэнтру «Эўропа», забіўшы адну жанчыну і параніўшы дзьвюх. Прысуд — 15 год калёніі агульнага рэжыму — пакінуты бязь зьменаў; лічыцца, што ён набыў сілу. Цяпер закон дазваляе толькі апратэставаць прысуд у парадку нагляду.

Невядома, ці будзе гэта зроблена, бо Казакевіча ў суд не дастаўлялі, ягоны абаронца адмовіўся камэнтаваць вынікі працэсу. Бацька асуджанага Валянцін Казакевіч пасьля перапынку ў суд не зьявіўся.

Прызнаныя пацярпелымі сваякі забітай Алены Александронец сустрэлі рашэньне суду аплядысмэнтамі.

Яшчэ падчас першага працэсу адвакат Казакевіча Ўладзімер Сташкевіч прасіў апраўдаць свайго падабароннага паводле часткі 1 арт. 13, паводле часткі 6 арт. 139, паводле ч.1 арт. 339, а таксама перакваліфікаваць частку 2 арт. 139 на частку 1. Адвакат у апэляцыйнай скарзе настойваў на пераглядзе вынікаў псыхіятрычнай экспэртызы.

Сам абвінавачаны прызнаў віну цалкам, але пры гэтым не павініўся, а ў апошнім слове нават заявіў пра жаль, што ня цалкам зьдзейсьніў задуманае. Паводле прызнаньняў у судзе, Улад Казакевіч, якому толькі пасьля злачынства споўнілася 18 гадоў, плянаваў забіць бэнзапілой некалькі чалавек, каб у выніку яго застрэлілі міліцыянты.

У судзе стала вядома, што раней Улад Казакевіч двойчы рабіў няўдалыя спробы суіцыду. Жаданьне пайсьці з жыцьця падсудны тлумачыў расчараванасьцю ў сабе і людзях. Дасудовая экспэртыза прызнала Ўлада Казакевіча псыхічна здаровым у момант зьдзяйсьненьня дзеяньняў, якія яму інкрымінавала сьледзтва. Між тым да нападу на ГЦ «Эўропа» малады чалавек лячыўся ў псыхіятрычным шпіталі і прымаў адмысловыя лекі.

На працэсе высьветлілася, што з 14 гадоў Улад Казакевіч фактычна жыў адзін, без бацькоў. Ягоныя бацькі разьвяліся, маці зьехала жыць у Нямеччыну, бацька, які жыве ў Менску, таксама ня жыў з сынам. На працэсе бацькі Ўлада Казакевіча прысутнічалі на судовых дэбатах, якія адбываліся 27 лютага.