У рамках рэалізацыі праекту «Культурная спадчына краіны — набытак Сьвету» гісторыка-культурны фонд «Ляліва» («Ляліва» — герб роду шляхецкага роду Чапскіх з дэвізам «Жыцьцё — Айчыне, гонар — нікому») сумесна зь Менскім сталічным саюзам прадпрымальнікаў і працадаўцаў выступіў з ініцыятывай стварыць «дэманстрацыйную зону высокай энэргаэфэктыўнасьці і экалягічнасьці» ў вёсцы Прылукі і ў яе навакольлі.
Прылукі месьцяцца за 10 кілямэтраў ад Менску на беразе ракі Пціч. Вядомыя, сярод іншага, тым, што іх апошнімі гаспадарамі былі прадстаўнікі славутага роду графаў Чапскіх. Сеньніцкі сельскі савет, у зону адказнасьці якога ўваходзяць колішнія графскія ўладаньні, ідэю ўжо падтрымаў. Бліжэйшым часам прапанову накіруюць на ўзгадненьне ў Менскі раённы выканаўчы камітэт.
Стрыжнем маштабнага праекту, вакол якога маюць групавацца разнастайныя элемэнты турыстычнай інфраструктуры, мяркуюць зрабіць сядзібу фон Гутэн-Чапскіх. Як расказвае кіраўнік фонду «Ляліва» Іван Гардзіеўскі, за час свайго існаваньня палацавы комплекс зазнаў шмат выпрабаваньняў, але яму пашчасьціла пазьбегнуць лёсу дзясяткаў шляхецкіх куткоў, якія з усталяваньнем бальшавіцкай улады альбо зьніклі з аблічча зямлі, альбо былі разрабаваныя і ляжаць у руінах:
Your browser doesn’t support HTML5
«У графаў Чапскіх былі дзьве буйныя сядзібы: у Станькаве, якое лічыцца радавым, то бок галоўным маёнткам, а таксама ў Прылуках, якая ішла, скажам так, дадаткам да Станькава. Калі галава сям’і Эмэрык Чапскі ад’ехаў у Эўропу, ён пакінуў Станькава старэйшаму сыну Каралю, кіраўніку гарадзкой управы Менску. А Прылукі перайшлі малодшаму сыну Ежы, які быў апошнім маршалкам шляхты („предводителем дворянства“) Менскай губэрні. Такім чынам, Ежы Чапскі быў апошнім уладальнікам Прылукаў аж да рэвалюцыі.
Само сабой, пасьля 1917-га палац перайшоў ва ўласнасьць дзяржавы, там зрабілі санаторый для партыйнай эліты — лячыліся людзі, якія займалі віднае становішча ў тагачаснай герархіі, дзяржаўныя службоўцы. Так працягвалася да вайны. З пачаткам акупацыі тут разьмясьцілася рэзыдэнцыя гаўляйтэра Кубэ, ён прымаў у палацы высокіх нямецкіх гасьцей. І калі ўжо вайна заканчвалася, будынак згарэў. Што сталася прычынай пажару — дакладна не вядома, але ў мірны час парэшткі перайшлі лябараторыі па барацьбе з каларадзкім жуком. Будынак аднавілі і перадалі на балянс Акадэміі навук. Сёньня ў ім месьціцца Інстытут аховы расьлін НАН Беларусі».
У часе нашай гутаркі са спадаром Гардзіеўскім адзін з інстытуцкіх кіраўнікоў выказаў незадаволенасьць чарговай спробай «прынізіць значэньне дзяржавы» ў справе захаваньня помніка архітэктуры. Да таго ж днямі пачнуць фарбаваць фасад. Займацца крытыканствам ніхто і не плянаваў — каб не нашэсьце ў 1950-х каларадзкага жука, яшчэ невядома, у якім стане згарэлая сядзіба дайшла б да нашых дзён. І ўсё ж цікаўлюся ў суразмоўцы: як павінна распарадзіцца дзяржава гістарычнай спадчынай славутага роду?
«Шчыра кажучы, цяпер ужо толькі дзяржава можа прыняць рашэньне, як надалей абысьціся з гэтым будынкам. Ад імя нашага мясцовага гісторыка-культурнага фонду і Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў мы прапануем ператварыць Прылукі ў гісторыка-культурны турыстычны комплекс. Дзеля гэтага мы распрацавалі цэлую праграму, якая ўжо бліжэйшым часам будзе прадстаўленая на зацьвярджэньне ў Менскі раённы выканкам.
Паколькі ў будынку знаходзіцца дзяржаўная ўстанова, толькі дзяржава можа прыцяць рашэньне — пераносіць яе адсюль ці пакінуць. Спадзяюся, у бліжэйшай пэрспэктыве нейкае рашэньне будзе прынятае. Зрэшты, пакуль структуры Акадэміі навук, якія знаходзяцца тут, нам не перашкаджаюць, у нас дастаткова працы вакол будынка. Шмат гаспадарчых пабудоваў, якія захаваліся ад ХІХ стагодзьдзя, таксама патрабуюць істотных капіталаўкладаньняў. То бок дастаткова працы, якую можна рабіць, не чапаючы пакуль галоўнага будынка».
Па пэрымэтры былых уладаньняў апошняга гаспадара Прылукаў — Ежы фон Гутэн-Чапскага — раскіданы цэлы комплекс будынкаў гаспадарчага прызначэньня. Практычна ўсе ў добрым стане, але прыстасаваны пад хоць якую функцыю толькі адзін — былая карэтная. Сюды і скіроўваемся з Іванам Гардзіеўскім. Цяпер тут невялічкі музэй з інфармацыйнымі стэндамі, «офіс» мясцовага цэнтру народнай творчасьці, а ў імправізаванай актавай залі — выстава габэленаў і карцін, выкананых паводле малюнкаў Напалеона Орды:
«Гэта былая карэтная графаў Чапскіх. То бок будынак яшчэ памятае былых гаспадароў. А сёньня тут цэнтар народнай творчасьці (яго дырэктар — заслужаны работнік культуры Леанід Волчак). Менавіта тут нарадзілася народнае аб’яднаньне „Прылуцкая спадчына“, да якога я далучыўся два гады таму. Яны працуюць ужо 12 гадоў і раскапалі вялізны пласт гісторыі роду графаў Чапскіх, гэтая інфармацыя разьмешчаная на 10 плякатах. Можна пабачыць, як выглядаў маёнтак пры Чапскіх, ёсьць схемы ўладаньняў, якія ўдалося здабыць у архівах. Вось сам граф Эмэрык Гутэн-Чапскі, на той момант важная палітычная фігура: ён быў губэрнатарам Ноўгараду, пасьля — віцэ-губэрнатарам Санкт-Пецярбургу, нарэшце — міністрам сельскай гаспадаркі Расейскай імпэрыі.
Пасьля сыходу ў адстаўку займаўся гаспадарчымі справамі. Эмэрык Чапскі лічыўся вядомым у Эўропе калекцыянэрам. Ён зьбіраў усё: ордэны, мэдалі, грошы ўсіх краінаў, карціны, была калекцыя слуцкіх паясоў, вельмі шмат кніг — тысячы асобнікаў. У Станькаве збудаваў скарбніцу-музэй, дзе калекцыя экспанавалася. Сёньня асноўныя рарытэты знаходзяцца ў Кракаўскім нацыянальным музэі, дзе, у сваю чаргу, ёсьць асобны музэй імя Эмэрыка фон Гутэн-Чапскага. Мы нядаўна наведалі Кракаў, сапраўды шмат каштоўнасьцяў, якія некалі захоўваліся ў станькаўскай скарбніцы, якую, вядома ж, неабходна аднавіць».
Іншыя навакольныя пабудовы — пякарня, вінакурня, бровар, сьвіран-лядоўня, дом для абслугі. У 1990-х два будынкі былі прыватызаваныя, але працэс перапрафіляваньня ідзе дагэтуль. На адным аб’екце перасьцілаюць дах — як мяркуе Іван Гардзіеўскі, магчыма, нарэшце пайшлі нейкія ўкладаньні. Іншым пашчасьціла меней — капітальныя будынкі зеўраюць пустымі шыбамі:
«Ну вось, як бачым, стаяць, не функцыянуюць. Я быў у двух будынках, унутры яны як быццам перапрафіляваныя пад гатэлі. Цяпер назіраецца нейкае шавяленьне, можа, знайшліся спонсары. Кірунак сам па сабе правільны, бо калі па-разумнаму распарадзіцца, то ў адным будынку можна зрабіць гатэль эканом-клясы, у другім — клясы VIP з рэстарацыяй і адпаведным антуражам. Будзе вельмі здорава, бо прыедуць турысты і ёсьць дзе спыніцца, ня трэба вяртацца ў Менск. Тым больш у нас ужо адпрацаваная канцэпцыя зь сельскім саветам.
Мы прапануем зрабіць тут зону адпачынку з правядзеньнем рознага кшталту рамесных выставаў рэспубліканскага маштабу. Мяркуем паставіць альтанкі, вакол возера пракласьці тратуарную сьцежку. На адным востраве хочам пабудаваць кавярню, а на меншым — амфітэатар. Натуральна, альтанкі, лавачкі, якасны ляндшафтны дызайн. Ад гэтай часткі тэрыторыі будзе пачынацца экалягічная дарожка, яна паступова пойдзе да Пцічы і ўздоўж яе працягнецца дзесьці кілямэтры на тры. Ва ўсялякім разе, канцэпцыю мы падрыхтавалі і кіраўнікам міністэрстваў культуры, а таксама і спорту і турызму бліжэйшым часам пакладзём на стол».
Валадарыць у Прылуках Чапскія пачалі ў ХІХ стагодзьдзі. За 200 гадоў да іх тут гаспадарыла Ганна Статкевіч-Агінская, якая заснавала праваслаўны манастыр. Новыя ўладальнікі Іванаўскія ператварылі манастыр у замак. У 1815-м Прылукі перайшлі да маршалка шляхты Францішка Оштарпа, а пасьля — да ягонага зяця Антона Горвата. Той перабудаваў замак у палац, вакол якога быў закладзены парк, узьведзена аранжарэя, вежа з гадзіньнікам і комплекс гаспадарчых пабудоў. Большую частку гэтай тэрыторыі цяпер займаюць гароды.
Рэзыдэнцыяй графа Эмэрыка Чапскага палац стаў у 1872 годзе і быў у фамільнай уласнасьці да самай рэвалюцыі. Пасьля бальшавіцкай нацыяналізацыі тут разьмясьціўся санаторый для партыйцаў, а пасьля вайны сюды пераехаў НДІ аховы расьлін, які падтрымлівае «графскія разваліны» ў добрым стане.
Будынак выкананы ў нэагатычным стылі. Яго асноўная рыса — вежачкі, стылізаваныя пад готыку. Палац, як вядзецца, ахоўвалі скульптуры львоў, справа прыбудаваны флігель, а зьлева за савецкім часам прыткнулі прастакутны двухпавярховік лябараторыі.