Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі хочуць увекавечыць памяць пра свайго калегу — графа Гутэн-Чапскага


Караль Ян Аляксандар Гутэн-Чапскі
Караль Ян Аляксандар Гутэн-Чапскі

Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў выступіў з ініцыятывай усталяваць у Менску на цяперашняй вуліцы Леніна, дзе колісь месьцілася Менская гарадзкая ўправа, бюст Караля Гутэн-Чапскага — у гонар 155-годзьдзя ад яго нараджэньня.

Ян Караль Аляксандар фон Гутэн-Чапскі стаў гарадзкім галавой у 30 гадоў і кіраваў горадам ад 1890 да 1901 году. У немалой ступені дзякуючы ягоным намаганьням адсталае губэрнскае места на сутыку вякоў ператварылася ў перадавы эўрапейскі горад. На думку некаторых дасьледчыкаў, каб Караль Чапскі пабыў на пасадзе яшчэ гадоў пяць, то Менск стаў бы ледзьве не Парыжам.

Аднак працоўныя нагрузкі не прайшлі бясьсьледна, і былы гораданачальнік памёр ад сухотаў у 44-гадовым веку, неўзабаве пасьля вымушанага адыходу ад спраў. Пасьля ўсталяваньня бальшавіцкай улады нашчадкі паступова забыліся пра свайго рэфарматара. Больш як праз 100 гадоў пасьля ягонай сьмерці выправіць сытуацыю зьбіраюцца сталічныя прадпрымальнікі.

Ініцыятар маштабнага праекту аднаўленьня спадчыны выбітнага земляка — адзін з заснавальнікаў і дырэктар мясцовага гісторыка-культурнага фонду «Леліва», віцэ-старшыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Іван Гардзіеўскі:

Іван Гардзіеўскі
Іван Гардзіеўскі

«Чаму мы вырашылі зьвярнуць увагу менавіта на гэтую асобу? Скажу шчыра: асабіста пазнаёміўшыся зь дзейнасьцю такога яскравага прадстаўніка знакамітага роду, як Ян Караль Аляксандар фон Гутэн-Чапскі, я проста зьдзівіўся, чаму да гэтага часу няма матэрыялізаванай памяці пра гэтага чалавека. Бо калі паглядзець дасьледаваньні, якія правялі навукоўцы, гісторыкі, краязнаўцы, усе аднагалосна прызналі: гэта, бадай, самая заслужаная і аўтарытэтная фігура канца ХІХ стагодзьдзя — як афіцыйны прадпрымальнік, як адказны грамадзянін. Немалаважны факт, што ён быў адзіным каталіком, які выконваў функцыі кіраўніка гораду — асабіста цар прызначыў яго на гэтую пасаду. Таму ў рамках фонду мы пачалі займацца далейшым дасьледаваньнем ягонай дзейнасьці, і ў выніку нарадзілася ідэя ўшанаваць ягоную памяць».

Барэльеф на сьцяне музэю заводу «Аліварыя». Аўтар — скульптар Павал Вайніцкі
Барэльеф на сьцяне музэю заводу «Аліварыя». Аўтар — скульптар Павал Вайніцкі

На пасадзе галоўнага кіраўніка губэрнскага горада Караль Гутэн-Чапскі правёў 11 гадоў. Гэта быў пэрыяд ініцыятыўных рэформаў інфраструктуры, гаспадаркі, сфэры культуры. Такіх тэмпаў разьвіцьця, сьцьвярджаюць гісторыкі, Менск ня бачыў ні да Чапскага, ні пасьля яго. Таму спадар Гардзіеўскі лічыць ганебным той факт, што высілкі цалкам адданага справе грамадзяніна ніяк не ўвекавечаныя:

«Менавіта Караль Чапскі быў пачынальнікам усіх важных спраў, якія пры ім ініцыяваліся ў Менску. Дастаткова пералічыць толькі некаторыя: першая электрастанцыя, першы тэлефон, першая конка, першы лямбард, першае крэдытнае таварыства. Ён завяршыў будаўніцтва тэатру (цяперашні Купалаўскі), адчыніў шмат прытулкаў. А колькі паўстала спартовых аб’яднаньняў! Лічыць можна доўга, ня хопіць, як той казаў, пальцаў на руках, каб усё назваць. У прынцыпе, пра гэта цяпер пішацца, і гэты чалавек варты таго, каб пра яго памяталі, асабліва менчукі. Бо сёньня, калі зьвярнуцца з такім пытаньнем да жыхароў гораду, бальшыня, на жаль, ня ведае, якую ролю ў разьвіцьці гораду адыграў Караль Чапскі. У лепшым выпадку скажуць, што ёсьць такое піва — „Граф Чапскі“. Таму сёньня мы зробім па максымуме, што ад нас залежыць, і спадзяюся, што хутка гэтае імя зноў будзе гучаць».

Іван Гардзіеўскі кажа, што Караль Гутэн-Чапскі прысьвяціў жыцьцё служэньню гораду, зыходзячы з родавага дэвізу: «Жыцьцё — айчыне, гонар — нікому». І абавязак нашчадкаў — аддзячыць яму годна, па-людзку:

«Мы запрасілі ў Менск нашчадкаў беларускай шляхты, і ў працэсе абмеркаваньня прыйшлі да агульнай высновы: выступіць з адпаведнай ініцыятывай перад гарадзкім і абласным выканаўчымі камітэтамі. Так, мы падрыхтавалі зварот з прапановай усталяваць бюст Яна Караля Чапскага на вуліцы Леніна (насупраць „Макдональдса“), а ў цэнтры сквэра паставіць памятны знак, бо калісьці менавіта там быў будынак гарадзкой управы. Прыклалі фатаздымкі, ёсьць нават бюст з плястыліну, энтузіяст пастараўся. Але існуе пэўная працэдура, паводле якой памятныя знакі ўсталёўваюцца пастановай ураду з дазволу прэзыдэнта. Працэдура вельмі складаная: мясцовая ўлада павінна зьвярнуцца ў Міністэрства культуры, тое — зрабіць заключэньне пра мэтазгоднасьць усталяваньня, потым рыхтуюцца дакумэнты для ўраду і прэзыдэнта, які і прымае канчатковае рашэньне. Апроч таго, сам сквэр на вуліцы Леніна — ад „Макдональдса“ да гатэля „Эўропа“ — прапануем назваць імем Караля Чапскага. Замахвацца на ўсю вуліцу — працэс складаны, які патрабуе шматлікіх узгадненьняў. А ў дадзеным выпадку ў сквэра няма назвы, і гэта не патрабуе ніякіх паштовых зьменаў — сквэр імя Чапскага на вуліцы Леніна».
Сквэр на вуліцы Леніна, які можа стаць сквэрам Чапскага
Сквэр на вуліцы Леніна, які можа стаць сквэрам Чапскага

Аднаўленьне памяці пра выбітнага гораданачальніка ня мае зводзіцца толькі да мэмарыялізацыі ў цэнтры Менску. Мяркуюць зьвярнуцца і да мясьцінаў, непасрэдна зьвязаных з родам Чапскіх. У прыватнасьці, як кажа Іван Гардзіеўскі, гэта тычыцца адбудовы капліцы над родавай крыптай у Станькаве і прывядзеньне да ладу адной зь сядзібаў у Прылуках:

«У рамках ініцыятывы да сьвяткаваньня 155-гадовага юбілею гэтай выбітнай асобы мы прапанавалі закласьці памятную капсулу на магіле Караля Чапскага ў вёсцы Станькава. У прыватнасьці, прапануем аднавіць капліцу, якая стаяла на іх родавай крыпце, але была разбураная ў 1960-х — ці таму, што кволая была, ці зь нейкіх іншых прычынаў, нават ня ведаю. Справа ў тым, што сёньня ў Станькаве магіла вядомага прадстаўніка беларускага шляхетнага роду практычна адсутнічае. Ёсьць проста ўзгорак, на якім растуць бярозы. Для цывілізаванай краіны гэта, мякка кажучы, непрыгожа. У нас ужо ёсьць эскізны праект аднаўленьня капліцы, але, зноў жа, дзеля гэтага патрэбная добрая воля дзяржавы. І калі горад, вышэйшыя ўлады ўхваляць нашы пачынаньні, мы неадкладна распачнём акцыю сярод прадпрымальнікаў на збор сродкаў, найперш — на бюст Чапскага. Бо на агульным сходзе прадпрымальнікі нашага саюзу адназначна сказалі: на гэтую справу мы грошы знойдзем, як той казаў, не пашкадуем».

Караль Ян Аляксандар Гутэн-Чапскі — дзяржаўны дзеяч, прадпрымальнік, філянтроп. Нарадзіўся 27 жніўня 1860 году ў вёсцы Станькава Менскага павету (цяпер Дзяржынскі раён), скончыў Дэрпцкі ўнівэрсытэт (цяпер Тарту, Эстонія) са ступеньню кандыдата палітэканоміі і статыстыкі. Цягам 1890–1901 гадоў — гарадзкі галава Менску. Прыклаў нямала намаганьняў, каб надаць будучай беларускай сталіцы эўрапейскі лоск, прыгажосьць і парадак. У 1892 годзе ў горадзе запрацавала конка, у 1895-м — электрастанцыя, яшчэ праз год — тэлефонная станцыя агульнага карыстаньня. Былі пабудаваныя лямбард, начныя прытулкі, шпіталі, амбуляторыі, пачалося электрычнае асьвятленьне вуліц. Спрыяў адкрыцьцю Таварыства аматараў спорту, якое ў 1892 годзе і ўзначаліў, а пры канцы кадэнцыі — гарадзкога крэдытнага таварыства і Таварыства аховы жанчын. Сябра Менскага таварыства сельскай гаспадаркі. Меў маёнткі ў Менскім і Ігуменскім паветах, бровар у Менску (цяпер «Аліварыя»). Памёр у студзені 1904-га на курорце ў Нямеччыне, пахаваны ў Станькаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG