Прэм’ер — новы, палітыка — старая

Андрэй Кабякоў

15 студзеня ў Авальнай залі адбылася пазачарговая сэсія Палаты прадстаўнікоў. Дэпутаты згодна з Канстытуцыяй павінны былі разгледзець пытаньне аб прызначэньні Андрэя Кабякова прэм’ер-міністрам. Як і меркавалася, ніякіх заўвагаў і прэтэнзіяў да прэзыдэнцкага вылучэнца у дэпутатаў не было: яны аднагалосна далі згоду на гэтае прызначэньне.

Андрэя Кабякова дэпутатам прадстаўляў Аляксандар Лукашэнка. Ён нагадаў, што ў дапамогу Кабякову абноўлены новы склад ураду, узмоцнены яго эканамічны блёк. Лукашэнка запатрабаваў надаць міністрам болей паўнамоцтваў:

«Урад павінен быць калегіяльным органам, дзе галоўнае зьвяно — міністар. Найважнейшая задача прэм’ер-міністра — дакладная каардынацыя ўсёй працы. Прасьцей кажучы, разьвесьці міністраў і віцэ-прэм’ераў так, каб намесьнік прэм’ера ня мог дзейнічаць па-старому, калі даваліся вытворчыя ўказаньні і міністар быў павязаны гэтым па руках і нагах, ня мог дзейнічаць самастойна».

Міхаіл Чыгір

Андрэй Кабякоў — ужо сёмы кіраўнік ураду часоў Лукашэнкі. А самы першы прэм’ер — Міхаіл Чыгір — лічыць, што і раней, і цяпер у міністраў хапала паўнамоцтваў:

«Самае галоўнае ў кіраваньні — і гэта было, ёсьць і будзе — каб рацыянальнае зерне, якое зьявіцца ў каго заўгодна: дырэктара заводу, міністра, віцэ-прэм’ера. прэм’ера, — было скарыстанае. І каб ніхто, якую б пасаду нейкі чыноўнік ні займаў, ня мог гэтаму перашкодзіць. Тады будуць нейкія вынікі.

Калі я кіраваў урадам, у нас усё будавалася, зь лёгкай рукі Міхаіла Гарбачова, на кансэнсусе. Здаровы сэнс павінен перамагаць. І няма справы, ад каго ён ідзе. Калі міністар хоча нешта зрабіць, а віцэ-прэм’ер яму перашкаджае, то ніхто ж не забараняў і цяпер не забараняе такому міністру прыйсьці да прэм’ера альбо да прэзыдэнта і сказаць: мне перашкаджаюць».

Лукашэнка таксама публічна заявіў, што чакае ад новага ўраду сьвежых ідэяў для збалянсаванага разьвіцьця эканомікі. «Ці дачакаецца кіраўнік дзяржавы новых падыходаў?» — пацікавіўся я меркаваньнем ў кіраўніка фонду Мізэса Яраслава Раманчука:

Яраслаў Раманчук

«Я ім дваццаць сьвежых ідэяў ужо скінуў. Калі Лукашэнка казаў пра гэта, я адразу напісаў у Фэйсбуку два дзясяткі ідэяў, каб стварыць новую эканамічную палітыку.

Калі Кабякоў іх возьме — значыць, будуць. Ня возьме — ня будуць. Я думаю, што самі ўрадоўцы ня ў стане інтэграваць новыя ідэі».

У Авальнай залі Аляксандар Лукашэнка запэўніў, што прэзыдэнцкія выбары, якія ў Беларусі адбудуцца ў 2015 годзе, пройдуць «выключна чэсна». Ён падкрэсьліў, што будуць вытрыманыя як тэрмін правядзеньня выбараў, так і іх працэдура. Лукашэнка ўпэўнены, што народ падтрымае цяперашнюю ўладу:

«Нас народ падтрымае ў любым выпадку, нават у самыя цяжкія часы. Але іх, гэтых часоў, ня будзе, таму што мы гэтага не дапусьцім».

«Такія заявы пра чэснасьць, справядлівасьць, адпаведнасьць заканадаўству Лукашэнка робіць перад кожнымі выбарамі», — кажа сустаршыня не зарэгістраванага ў Беларусі грамадзкага аб’яднаньня «За сумленныя выбары» Віктар Карняенка:

Віктар Карняенка

«Калі б улада сапраўды адчувала сваю трываласьць, то яна б, як мінімум, уключыла ўсіх без вынятку прадстаўнікоў апазыцыі ва ўчастковыя камісіі. Іх ня так многа ўжо і прапануецца — чалавек 400–500. І праз гэта паказала ўсім — і беларусам, і Захаду — свой істотны запас трываласьці.

Але на ўсіх папярэдніх выбарах такога не было. Упэўнены, тое ж самае будзе і сёлета. Асабліва ў складанай эканамічнай сытуацыі. Таму ўсе гэтыя словы пра чэснасьць і справядлівасьць — дэмагогія. І ня больш».

Андрэю Кабякову сёлета будзе 55 гадоў.

Ён нарадзіўся ў Маскве, але з трохгадовага веку жыве ў Беларусі.

Вялікая службовая кар’ера Кабякова пачалася з 1995 году, калі ён стаў намесьнікам начальніка прэзыдэнцкай Службы кантролю.

Затым ён займаў пасады першага намесьніка прэм’ер-міністра, намесьніка прэм’ера, міністра эканомікі, намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, пасла ў Расеі.

З 27 жніўня 2012 году па 27 сьнежня 2014 — кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта.