Якія цэньнікі правільныя з 2017 году: толькі «новыя» рублі, цана за кг нават у інтэрнэце

Ад 1 студзеня 2017 году Міністэрства гандлю рэкамэндуе субʼектам гандлю пазначаць цану за 1 кг харчовых тавараў. Гэта тычыцца як цэньнікаў у крамах, так і рэклямных матэрыялаў альбо каталёгаў інтэрнэт-крамаў. Цэны за 1 кг ня трэба пазначаць для прадуктаў, што прадаюцца па 50 г і меней (за выключэньнем спэцыяў).

Памер, форму, разьмяшчэньне, колер і іншыя прыкметы цэньнікаў могуць вызначаць самі крамы. Але ў пастанове Саўміну (.doc) ёсьць правілы продажу. Згодна зь імі і з новымі рэкамэндацыямі прадавец павінен пазначаць на цэньніку:

— цану толькі ў дэнамінаваных рублях;

— найменьне тавару;

— гатунак;

— масу і меру тавару;

— цану за адзінку меры (кг, л...) пад цаной тавару;

— краіну паходжаньня тавару;

— дату афармленьня цэньніка;

— калі тавар на зьніжках — памер зьніжкі ў адсотках ці грашовых адзінках (як для цаны тавару, так і для цаны за адзінку меры).