Мікіту Семяненку ўжо другі раз адмаўляюць у рэгістрацыі кандыдатам: на мінулых мясцовых выбарах подпісы за яго называлі сфальшаванымі, але тады ён ня стаў абскарджваць рашэньне — вырашыў замест гэтага разьбірацца са справамі па вучобе. Цяпер жа зьбіраецца абскардзіць адмову.
«У камісіі ўсё той жа склад, што быў на мінулых выбарах, — расказвае Свабодзе Семяненка. — У пастанове было напісана, што пытаньняў да подпісаў ніякіх няма, але ёсьць пытаньні да дэклярацыі: было напісана, што не задэкляраваў кватэру, а яна ў мяне ёсьць. Я пачаў сьмяяцца: кажу, вы ўяўляеце, дзе ў Беларусі ў 22 гады магчыма зарабіць на кватэру? Мне ніхто ніякай кватэры не дарыў, ніякай кватэры няма.
Адказваюць, што ўсе пытаньні да кадастру, мы можам толькі прагаласаваць па тым, ці зарэігстраваць вас. Старшыня камісіі Жыголкіна прапанавала галасаваць, усе чальцы адзінагалосна былі супраць рэгістрацыі. Але ўсе яны былі на такім прыўзьнятым настроі — іх пацешыла, што ніякай кватэры ў мяне няма, а яе патрабуюць зарэгістраваць. Нават адзін з чальцоў камісіі сказаў: ідзіце патрабуйце свае ключы ў гаспадара кватэры, калі яна ў дэклярацыі павінна быць».
Семяненка вырашыў не патрабаваць ключы: кватэра належыць ягонай матулі (але ён жыве асобна). Пазьней ён удакладніў, ці не дарыла маці яму кватэру — тая кажа, не дарыла, яна мае дакумэнты пра тое, што кватэра належыць ня сыну, 100% кватэры ў яе ва ўласнасьці.
Цяпер Семяненка зьбіраецца атрымаць пастанову аб нерэгістрацыі, наведаць кадастар з копіямі дакумэнтаў аб прыналежнасьці кватэры, атрымаць прынамсі вусныя выбачэньні ад кадастру, абскардзіць адмову ў выбарчай камісіі — а затым паспрабаваць адсудзіць «сымбалічную» кампэнсацыю прынамсі ў адну базавую велічыню за «адтэрміноўку» пачатку агітацыі і маральную шкоду.
І гэта не адзіны сябра руху «За свабоду», хто атрымаў адмову ў рэгістрацыі кандыдатам. Лідэр руху Юры Губарэвіч назваў завяршэньне рэгістрацыі кандыдатаў «вечарам расправы»: большасьць кандыдатаў руху не была зарэгістрараная «з надуманых прычынаў», сьцьвярджае ён, а зарэгістравалі толькі яго і ягонага намесьніка Юрыя Меляшкевіча.