Прэмію Віктара Івашкевіча за найлепшыя вулічныя акцыі атрымаў Зьміцер Дашкевіч

Аляксей Янукевіч узнагароджвае Зьмітра Дашкевіча прэміяй Віктара Івашкевіча

Штогод Партыя БНФ узнагароджвае грамадзкіх актывістаў за найбольш яскравыя вулічныя акцыі. Сёлета прэмію імя Віктара Івашкевіча атрымаў лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч.

Два дзясяткі чалавек прыйшлі на ўрачыстую акцыю, якая пачалася 27 ліпеня а 17-й гадзіне на менскай плошчы Якуба Коласа, ля будынку філярмоніі. Зьміцер Дашкевіч прыехаў на ровары з дачкою Марай. Сябры БНФ і Маладога Фронту разгарнулі вялікі бел-чырвона-белы сьцяг памерам два на тры мэтры і некалькі меншых сьцягоў. Адзін удзельнік прыйшоў з амэрыканскім сьцягам.

Старшыня БНФ Аляксей Янукевіч уручыў пераможцу адмысловы мэдаль. Актывісты павіншавалі ляўрэата кветкамі.

«Я вельмі цешуся, што атрымаў прэмію імя выбітнага дзеяча Адраджэньня Віктара Івашкевіча, для мяне гэта сапраўдны гонар. Малады Фронт і надалей будзе ладзіць цікавыя вулічныя акцыі. Спадзяюся, у наступным годзе мы працягнем дзейнасьць у такім кірунку», — сказаў карэспандэнту Свабоды Зьміцер Дашкевіч.

Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным вялі апэратыўную здымку, часам уступалі ў дыскусію з удзельнікамі акцыі. Пратаколаў не складалі, нікога не затрымлівалі.

***

Віктар Івашкевіч (1959-2013) — беларускі палітычны дзяяч, які браў удзел у першых незалежніцкіх суполках «Беларуская майстроўня» і «Талака». У 1997-2002 гг. быў галоўным рэдактарам газэты «Рабочы». Ад 1988 года — у БНФ, у 2007-2009 быў намесьнікам старшыні БНФ, да 2011 года быў кіраўніком менскай гарадзкой арганізацыі БНФ. З 1980-х ладзіў шматлікія акцыі пратэсту, маршы і забастоўкі.

Памятны знак імя Віктара Івашкевіча быў заснаваны Партыяй БНФ у студзені 2014 году. Першым знак Івашкевіча атрымаў лідэр «Альтэрнатывы» Алег Корбан. У 2015 годзе ім уганаравалі рэжысэрку Вольгу Мікалайчык.