Пракурор папрасіў для Замяталіна 6 гадоў зьняволеньня

Суд Заводзкага раёну

Абвінавачаны Дзяніс Замяталін так і не прызнаў сваёй віны ў ілжэпрадпрымальніцтве.

У Заводзкім судзе Менску скончыліся судовыя спрэчкі на працэсе над Дзянісам Замяталіным і яшчэ шасьцю абвінавачанымі разам зь ім у ілжэпрадпрымальніцтве. Напярэдадні пракурор папрасіў для сына былога высокапастаўленага чыноўніка 6 гадоў зьняволеньня, для іншых абвінавачаных — меншыя тэрміны. Дзяніс Замяталін выступіў з апошнім словам, у якім зноў не прызнаў сябе вінаватым. Ягоны адвакат таксама настойваў на невінаватасьці свайго падабароннага. Прысуд абвесьцяць празь месяц, 17 красавіка, паведаміла Свабодзе памочнік старшыні Заводзкага суду Ірына Захарава.

Пра апошняе слова Дзяніса Замяталіна апавяла крыніца, якая прысутнічала ў судзе.

«Дзяніс Замяталін выступаў гадзіну, ягоны адвакат — 2 гадзіны. Замяталін даводзіў, што ягоную справу сфальшавалі сьледчыя. Згадаў, што як быў на волі пасьля першага арышту, яму інкрымінавалі 285 артыкул — гэта стварэньне злачыннай арганізацыі, а потым паведамілі, што справу закрылі, бо не знайшлі доказаў. То бок увесь час ціск на яго быў вельмі сур’ёзны. Ён лічыць, што пагрозамі імкнуліся атрымаць ад яго прызнаньне. Казаў, што прыбытак, які яму налічылі, налічаны недакладна, амаль усе сумы залічаныя двойчы. Пры гэтым зьвярнуў увагу на тое, што нічога не сказана ў справе пра сумы, якія засталіся на ягоных рахунках: куды яны падзеліся, хто імі скарыстаўся? Паводле ягоных словаў, матэрыялы справы аказаліся пераблытаныя з матэрыяламі іншай справы, якая тычыцца арганізаванай групоўкі, затрыманай у Наваполацку і Воршы».

Паводле крыніцы, іншыя абвінавачаныя па справе таксама не прызналі сябе вінаватымі.

Сваякі Дзяніса Замяталіна сказалі пасьля судовага пасяджэньня, што яны спадзяюцца на апраўданьне, бо таксама ня лічаць яго вінаватым.

Дзяніса Замяталіна абвінавачваюць у ілжэпрадпрымальніцтве ў складзе злачыннай групоўкі, якая, паводле сьледзтва, займалася грашовымі махінацыямі, у прыватнасьці, дапамагала ўтойваць прыбыткі ад падаткаабкладаньня.

Бацьку Дзяніса Замяталіна Ўладзімера Замяталіна, які на пачатку 2000-х працаваў намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, а яшчэ ў 2013 годзе ўзначальваў «Беларусьфільм», журналісты на працэсе над сынам ня бачылі.