Беларускі бізнэсовец Віктар Пракапеня ня стане ўладальнікам банкаў — чуткі пра гэта ён сам пацьвердзіў Tut.by.
Ягоная кампанія VP Capital адклікала заяву аб набыцьці ўкраінскай «дачкі» расейскага «Сбербанка» і адмовілася ад дазволенага Аляксандрам Лукашэнкам выкупу дзяржаўнай долі беларускага «Парытэтбанку» за 50 млн даляраў.
Рашэньне прынятае, каб сканцэнтравацца на іншых інвэстыцыях і праектах (асноўны фокус на мабільны «фінансавы дапаможнік» capital.com). У кампаніі заявілі, што праекты ў галіне штучнага інтэлекту «ёсьць найлепшым выкарыстаньнем нашага часу», а набыцьцё банку — «неверагодна складаны працэс».
Тымчасам кампанія Astro Digital, у якую інвэставаў Пракапеня і расейскія бізнэсоўцы Гуцэрыевы, запусьціла на арбіту два спадарожнікі з касмадрому Байканур. Фатаграфаваньне Зямлі з гэтых спадарожнікаў мае пачацца ў першым квартале 2018 году і працягнецца больш за пяць гадоў. Плянуюцца запускі наступных апаратаў. Камэры спадарожнікаў будуць нацэленыя на сельскагаспадарчыя тэрыторыі ЗША, Канады і Расеі, выявы тэрыторыяў у высокім разрозьненьні плянуецца прадаваць тамтэйшым земляробам.