Пасьля зьмякчэньне эканамічных і палітычных санкцый Іран паступова пачаў выходзіць зь міжнароднай ізаляцыі. Зрэшты, як пераканаўся наш карэспандэнт, быць «ізгоямі» іранцы не зьбіраліся, а рознымі даступнымі спосабамі наладжвалі масты з цывілізаваным сьветам.
Рэза Гіябі (Reza Ghiabi) — малады чалавек з сучасным сьветапоглядам і сучаснымі памкненьнямі. Вышэйшая адукацыя, выдатная ангельская мова, узважаная ацэнка падзеяў у краіне і сьвеце. Жыве ў Тэгеране, працуе ў кансалтынгавай кампаніі ILIA\\OPPMAKR, якая дапамагае разьвівацца маладым стартапам. Апошнія тры гады — арганізатар лякальнай канфэрэнцыі TEDxTehran.
Упершыню імпрэзы пад эгідай фонду TED (Technology Entertainment Design) пачалі ладзіцца ў Каліфорніі больш за 30 гадоў таму, а галоўная місія акрэсьлена наступным чынам: распаўсюд унікальных ідэй у самых разнастайных галінах жыцьцядзейнасьці. Прапанаваны фармат адразу ж набыў папулярнасьць і атрымаў працяг у выглядзе TEDx — мерапрыемстваў за межамі ЗША, якія праводзяцца па ліцэнзіі TED.
Мода на інавацыі: набрацца досьведу за мяжой, каб рэалізаваць дома
Як удалося адаптаваць амэрыканскі прадукт у пакуль яшчэ «закансэрваваным» Іране? Дыпляматычны крызіс, які пачаўся разам з захопам прыхільнікамі аяталы Хамэйні больш за паўсотні закладнікаў у амбасадзе ЗША ў Тэгеране ўвосень 1979-га, — нявырашаны дагэтуль. Хоць апошнім часам прасочваецца курс на пацяпленьне двухбаковых адносінаў. Дарэчы, пра тагачасныя драматычныя падзеі і сёньня нагадвае антыамэрыканскае графіці на цаглянай агароджы.
Рэза Гіябі тлумачыць, што ў гэтым выпадку найперш падкрэсьліваецца не геаграфічнае паходжаньне ідэі, а гуманістычная сутнасьць мясцовых праектаў, вартых перайманьня: «У нас ніякіх праблемаў няма. Дзякуючы адкрытаму фармату іранцы ўспрымаюць TEDxTehran хутчэй як рэч інтэрнацыянальную, чым канкрэтна амэрыканскую. Гэта адзін зь відаў канфэрэнцыі, якіх апошнім часам праводзіцца нямала. Перадусім важна, што ты прэзэнтуеш уласным TEDx. Людзі павінны ведаць, што тут таксама нешта адбываецца, што мы не стаім на месцы. Таму, падзея хоць і лякальная — яна усё ж мае праекцыю ня толькі на ўнутраны рынак, а на ўвесь сьвет».
Стэрэатыпы пра Іран мала супадаюць з убачаным у рэальнасьці. 80-мільённая краіна не пакідае ўражаньня краіны-пакутніцы, пакаранай Захадам. Дзякуючы ў тым ліку і сваім прыродным багацьцям. Нягледзячы на рэлігійныя законы, якія фармальна кіруюць усімі сфэрамі жыцьця, разьвіваецца навука і высокія тэхналёгіі, узьнікаюць новыя стартапы і бізнэс-праекты. Калі досьведу нестае, яго набіраюцца за мяжой. А потым, як кажа Рэза, гэта становіцца прадметам калектыўнага абмеркаваньня ў часе TEDx канфэрэнцый:
«Галоўнай тэмай вельмі часта зьяўляецца „Інавацыя“. У Іране шмат адукаваных людзей, якія шукаюць магчымасьці для рэалізацыі сваіх здольнасьцяў. Мы запрашаем іх дзяліцца ідэямі ў суполках, сярод такіх жа разумных і прасунутых людзей. Так, у нас выступалі лектары з галіны генэтыкі, расказвалі пра ствалавыя клеткі. Smartwatches — прамаўляў чалавек, які заснаваў стартап у Лёндане і потым вярнуўся ў Іран. Вядома ж і галіна культуры... Запрашалі, напрыклад, музыку, які грае на дата́ры. Цікава тое, што гэты просты двухструнны інструмэнт выдае такое магутнае гучаньне. Таксама былі бізнэсоўцы, якія рэалізавалі ў Іране такія праекты, якія, як усе былі ўпэўнены, не маглі тут існаваць у прынцыпе».
Самая папулярнае пытаньне да іранцаў, адказ на якое хоча пачуць любы замежнік, — як краіна выходзіць з ізаляцыі пасьля санкцый. Бо нават павярхоўнага знаёмства было дастаткова, каб зразумець, што заходнія каштоўнасьці тут не адкідаюцца. Хутчэй, наадварот. Пра гэта сьведчаць не зусім легальныя спробы адаптаваць пад мясцовыя рэаліі такія брэнды, як KFC ці McDonaldʼs.
Рэза Гіябі кажа, што на гэты конт мае ўласныя погляды і назіраньні, але не настолькі, каб ягоныя асабістыя меркаваньні мелі экспэртную вагу. «Я не экспэрт», — сьціпла зазначае суразмоўца, хоць, як аказалася, ён рыхтуе нават адмысловае дасьледаваньне гэтай зьявы:
«Я магу вам паказаць штосьці асаблівае і незвычайнае, невялікую частку маніторынгу іранскага рынку. Нямецкая Audi, кампаніі з Італіі, бізнэс-праекты з Захаду і Ўсходу — яны падпісалі кантракты нядаўна, пасьля адмены санкцый. Пра гэта маё апошняе дасьледаваньне. На жаль, я не магу дзяліцца ім для шырокага прагляду, але скажу: сёньня эўрапейскія кампаніі надзвычай зацікаўленыя, каб стаць партнэрамі іранскіх фірмаў, і наадварот. Так, з пэўных прычынаў мы ня робім бізнэсу з ЗША, але зь Нямеччынай, Італіяй, Францыяй, Швайцарыяй, Кітаем у нас добрыя дачыненьні. Дарэчы, той жа Кітай падчас санкцый дасылаў нам прадукты дрэннай якасьці. Цяпер сытуацыя зьмянілася».
Акіян інвэстыцый: дагнаць Турэччыну і ня думаць пра Эміраты
Рэсурсная і чалавечая ёмістасьць іранскага рынку робіць яго прывабным з гледзішча фінансавых укладаньняў. Гэта, як лічыць Рэза Гіябі, найлепшая магчымасьць для ўзаемапранікненьня ня толькі капіталаў, але і сучасных тэхналёгій. Кіраўніцтва Ірану нават ініцыявала адмысловую праграму, якая стымулюе замежнікаў узамен на навучаньне мясцовых спэцыялістаў рабіць інвэстыцыі на самых выгадных умовах:
«Што мне сапраўды падабаецца, дык гэта праграма на разьвіцьцё краіны, якая падштурхоўвае мясцовыя фірмы да росту. Інакш кажучы, замежныя кампаніі ня толькі займаюць нішы на сапраўды вялікім іранскім рынку, а яшчэ і „трэніруюць“ сваіх іранскіх партнэраў. Ад такога супрацоўніцтва растуць паказьнікі як прамых замежных інвэстыцый, так і ВУП краіны. Канечне, калі параўноўваць з Турэччынай, якая знаходзіцца недалёка ад Ірану і мае падобную колькасьць насельніцтва, то відаць, што наўпрост інвэстуюць туды ў пяць разоў больш. Значыць, у Ірана вялізны патэнцыял, што, уласна кажучы, паказвае прыклад Турэччыны. У тыя ж Абʼяднаныя Арабскія Эміраты, наадварот, інвэставана ўжо зашмат. Мы як бязьмежны акіян для замежных інвэстыцый».
Акурат тры гады таму на выбарах прэзыдэнта Ірану 51% насельніцтва прагаласавалі за новы курс для сваёй краіны. Кіраўніком быў абраны Хасан Рухані. Бальшыня хоць і хісткая, але ўсё ж паказальная: палітыка Махмуда Ахмадынэджада ня толькі прычынілася да маштабных санкцый, адкінуўшы Іран назад амаль ва ўсіх сфэрах, але і ледзь не паставіла перад пагрозай вайны.
І хоць вярхоўным лідэрам па-ранейшаму застаецца аятала Хамэйні, а самай уплывовай сілай — Корпус стражаў ісламскай рэвалюцыі, грамадзтва ў масе сваёй вітае арыентацыю на лібэральны курс. Асабліва, як падкрэсьлівае Рэза, гэта тычыцца ягоных аднагодкаў:
«Яшчэ адно маё дасьледаваньне: лінія на графіку паказвае пік папуляцыі. Гэта якраз маё пакаленьне — ад 25 да 29 гадоў. Сёньня ўсё перапоўнена маладымі людзьмі — школы, унівэрсытэты, вуліцы. Паміж намі вялізнае спаборніцтва. Для наступнага пакаленьня ёсьць больш спрыяльныя і спакойныя ўмовы. Адпаведна, яны маюць значны патэнцыял для росту. Урбанізацыя складае 73%, а гэта значыць, што моладзь адукаваная і хоча здабываць веды. З улікам, што мы маладая краіна (67% насельніцтва мае 35 гадоў ці менш) ёсьць шанцы штосьці пабудаваць. І мне гэта падабаецца. У нас 5 мільёнаў студэнтаў, прычым прапорцыя паміж дзяўчатамі і хлопцамі на карысьць першых. Варта сказаць, што жанчыны ў Іране наогул вельмі актыўныя, дый агулам настрой у краіне пазытыўны».
Перагібы на месцах: небясьпечная Эўропа і спакойны Іран
Тым ня меней, закладзенае ў сьвядомасьць уяўленьне пра Іран не спрыяе пераўтварэньню адной з калысак усясьветнай цывілізацыі ў папулярны турыстычны маршрут. Нават у Беларусі, жыхары якой любяць бравіраваць «начытанасьцю», рэакцыя на жаданьне наведацца да пэрсаў практычна аднолькавая: «Ну-ну, знайшлі час — сунуцца ў самае пекла». Цікава, што іранцы тэрарыстычную небясьпеку бачаць якраз... у Эўропе. Рэза Гіябі ілюструе прыкладам зь сямейнага жыцьця:
«Я нядаўна езьдзіў у Францыю, але калі перад адʼездам сказаў пра гэта маме, яна запытала: „Рэза, а там бясьпечна? Можа, пабыць дома?“. І як толькі мы вярнуліся з Парыжу, там сапраўды адбыліся два тэракты. Нідзе няма абсалютнай бясьпекі. А вось цікавінка: за апошнія гады ў Іране не было ніводнай тэрарыстычнай атакі! У нас добрыя законы і ўмовы, каб гарантаваць замежныя інвэстыцыі і гарантаваць бясьпеку турыстам. У рэгіёне ўсе краіны ў стане вайны ці тэрарыстычнай пагрозы (абсалютна ўсе!) і акурат сярод іх — Іран, дзе ўсё спакойна. Ірак, Пакістан, Афганістан, Сырыя, Турэччына... Дарэчы, раней шмат іранцаў прыяжджала ў Стамбул, а цяпер — не: там небясьпечна».
У мусульманскай краіне шматлікія мячэці ды іншыя знакі ісламскай традыцыі не выглядаюць чымсьці чужародным — інакш, чым у імкліва ісламізаванай Эўропы. Аднак, што жанчыны ўжо змалку спрэс захутаныя ў чадры і хіджабы, — гэта ня надта адпавядае дэкляраваным жаданьням рушыць насустрач цывілізацыі. Тым больш, дастаткова згадаць зусім недалёкае мінулае, калі іранскія жанчыны былі ці ня першымі модніцамі Блізкага Ўсходу. Рэза Гіябі гаворыць, што ўнутраны стан чалавека ня мусіць вымярацца ступеньню адкрытасьці твару ці цела, але падганяць сытуацыю пад адзін шаблён таксама ня трэба:
«У нас на TEDx выступала дызайнэр, якая распрацоўвае вопратку для іранскіх жанчын — вельмі адрозную ад той, што паказваецца ў замежных СМІ. Бо там павальна ўсе паўстаюць у чорных хустках і шаліках, у чорных да пятаў чадрах і г.д. Але ў рэальнасьці ёсьць нашмат больш варыянтаў, чым паказвае тэлебачаньне ці пішуць часопісы. Так, калі ты едзеш у Язд ці Ісфахан, там жанчыны да нашэньня шаляў ставяцца вельмі сурʼёзна. Гэта, скажам так, ісламскія гарады. Бо той жа Ісфахан — адна з міжнародных сталіц ісламу. А вось у Шыразе інакш — гэта нашмат больш адкрыты горад. Ну, а Тэгеран — гэта і тое, і тое разам. Дый на вуліцах можна пабачыць, што для моладзі гэта, часьцей за ўсё, даніна традыцыі. Унутрана яны адчуваюць сябе вельмі свабодна».
У красавіку 1980-га, напярэдадні няўдалай апэрацыі па вызваленьню амэрыканскіх закладнікаў, ЗША разарвалі дыпляматычныя адносіны з Іранам, і не аднавілі іх да гэтага часу. Інтарэсы Амэрыкі ў Тэгеране прадстаўляе амбасада Швайцарыі. Гандлёвыя стасункі канчаткова спыненыя адмысловай пастановай адміністрацыі Біла Клінтана ў 1995 годзе.
У часы прэзыдэнта Махамада Хатамі была спроба аднавіць двухбаковыя дачыненьні. Але Махмуд Ахмадынэджад зрабіў новы віток супрацьстаяньня, які прывёў да яшчэ больш маштабных санкцый супраць Ірану. Перш-наперш яны былі зьвязаныя з замарожваньнем замежных актываў і забаронай на экспарт нафты. Краіна апынулася перад пагрозай ваеннай атакі за адмову спыніць сваю ядзерную праграму. Леташнія шматбаковыя перамовы істотна аслабілі путы для Тэгерану, але некаторыя абмежаваньні дагэтуль дзейнічаюць.