Гарадзенскія прадпрымальнікі сьцьвярджаюць, што, нягледзячы на апошнія рашэньні ўлады, асноўныя праблемы прыватных гандляроў так і засталіся нявырашанымі, а значыцца, многім зь іх давядзецца спыніць прадпрымальніцкую дзейнасьць.
Нягледзячы на тое, што Лукашэнка асабіста дазволіў прадпрымальнікам гандляваць рэшткамі ўвезенага тавару да новага году без адпаведных дакумэнтаў, многіх гэта ня радуе. Спадарыня Алена, якая без энтузіязму раскладвае тавар, кажа, што ўсё роўна падатак, калі ён падвысіцца, яна і многія іншыя гандляры заплаціць ня змогуць:
«Далей, напэўна, будзе тое, што папросту пойдзем дахаты. Ня выцягнем мы гэтага падатку...»
Спадарыня побач, якая гандлюе жаночым адзеньнем, дадае, што пэрспэктывы ў дробных гандляроў змрочныя, і вельмі абураецца, што сустрэча з Лукашэнкам ня выправіла іхніх праблемаў:
«Ніякіх пэрспэктыў няма, і сустрэча гэтая нічога не дала. Бо яны прывялі туды прадстаўнікоў „Конта Спа“ — але навошта нас зь імі раўняць, у іх зусім іншы бізнэс? Нічога добрага для нас не зрабілі. А цяпер ня ўсе выцягнуць гэтыя падаткі, і да новага году многія адыдуць. У людзей заробкі па два мільёны — хто да нас пойдзе што купляць? Але такіх, як мы, ніхто ня слухаў. Слухалі толькі тых, у каго пальцы веерам, у каторых сьпіна ёсьць. А нас, простых, ніхто ня слухаў, мы не патрэбныя».
Спадар Яўген, які прадае абутак, кажа што быў зьдзіўлены тым, наколькі Лукашэнка наагул не валодае пытаньнем дробнага бізнэсу і не ўяўляе, што адкуль бярэцца і якія будуць наступствы яго здушэньня:
«Ды яны папросту адтэрмінавалі сьмерць прадпрымальнікаў, якая павінна была наступіць цяпер. Але відавочна, што прэзыдэнт абсалютна не разьбіраецца ў пытаньнях, якія нас датычаць. Ён не ўяўляе сабе, чаму мы ня можам зрабіць гэтыя дакумэнты, і не пачуў народа, які казаў, што на прасторах Мытнага саюзу гэтых дакумэнтаў папросту не існуе. Яму, як заўсёды, хочацца бегчы паперадзе паравоза. Альбо гэта некампэтэнтнасьць ягонага атачэньня. Яны ня могуць данесьці да яго, на чым палягае дробны бізнэс. Што мы ня можам сэртыфікаваць пяць куртак, бо заўтра ўжо трэба прадаваць ня курткі, а кофты. І гэта нерэальна».
Спадарыня дадае:
«Людзі заробкаў такіх не атрымліваюць, як мы плацім падаткі. Мы па два заробкі плацім падаткі: 4 мільёны 200 — падаткі, сацстрах, арэнда. І калі паехаць адзін раз па тавар, то трэба выкласьці каля 10 мільёнаў, а потым іх адпрацаваць...»
Спадар Уладзімер, які гандлюе курткамі, кажа, што на лета, як і многія іншыя, зьбіраецца спыняць гандаль:
«Я на лета наагул кіну працу, а потым будзе відаць. Мы пры цяперашніх падатках ужо ня можам выжываць, а летам, калі яны падымуцца... Няма сэнсу. Я думаю, што большасьць так зробіць, бо ніхто ня будзе рызыкаваць летам вазіць тавар, паколькі на наступнае лета невядома наагул, якія правілы будуць дзейнічаць. Праўда, нам прапаноўвалі дарыць альбо раздаваць тавар. Ну, ня ведаю. Але тое, што зароблена працай, рызыкай, нэрвамі — і проста так узяць і аддаць... Гэта ж наша праца і нашы грошы ўкладзеныя. Калі ўжо ня будзе іншага выйсьця, то без падказак самі вырашым, што нам рабіць. Справы вось такія: нас мала засталося, а пакупнікоў яшчэ меней...»
Смутную пэрспэктыву для дробнага гандлю бачыць і ягоны сусед спадар Вячаслаў:
«На маю думку, да новага году каля 20% прадпрымальнікаў пакінуць рынкі. Пустата будзе станавіцца большай і большай. Ня змогуць прадпрымальнікі адбіваць гэтыя падаткі, а пакупніцкая здольнасьць пралетарыяту яшчэ болей панізіцца. А нас шмат, і мы ўсе хочам прадаць тавар. Будуць заставацца мацнейшыя і тыя, каму болей пашанцуе. Тут няма праблемаў набыць тавар, ёсьць праблема яго прадаць».