Прадпрымальніцу з суду адвезьлі ў Навінкі

Архіўнае фота

Суд над прадпрымальніцай Тацянай Аляхновіч скончыўся выклікам хуткай дапамогі і дастаўленьнем «асобы, якая працягваецца да адміністрацыйнай адказнасьці» ў псыхіятрычны шпіталь ў Навінках.

23 чэрвеня ў Фрунзенскім судзе Менску пачаўся адміністрацыйны суд над менскай прадпрымальніцай Тацянай Аляхновіч, адносна якой суд зьбіраўся разгледзіць два пратаколы, зьвязаныя з гандлем. Працэс вяла судзьдзя Ганна Буйноўская. Яна мелася разгледзець пратаколы, якія кантралёры Мінгандлю склалі на прадпрымальніцу ў пачатку красавіка падчас праверкі яе гандлёвага пункту на вуліцы Ляшчынскага. Паводле пратаколаў Тацяне Аляхновіч пагражае штраф да 500 базавых велічынь. Пры гэтым свой бізнэс прадпрымальніца ўжо зачыніла, як яна казала, «з-за неабгрунтаваных прыдзірак і немагчымасьці нармальна працаваць». Тацяна Аляхновіч заявіла суду, што ня мае грошай на велізарны штраф і распавяла пра парушэньні, зь якімі рабілася праверка яе гандлёвага пункту. Падчас працэсу прадпрымальніцы, якая раней ужо праходзіла абсьледаваньне ў адмысловай клініцы, зноў стала блага, і да яе выклікалі хуткую дапамогу.

«Калі лекары аказвалі Тацяне дапамогу, нас зь яе маці з кабінэту судзьдзі выдалілі. Таму тое, што там адбылося, мы ня ведаем, але ў выніку жонку павезьлі ў Навінкі. Кажуць, што да вечара адпусьцяць, але як будзе насамрэч?» — непакоіцца муж прадпрымальніцы Артур.

Драматычныя і нават трагічныя інцыдэнты з удзелам прадпрымальнікаў, якія казалі пра перасьлед кантралюючых органаў, сталі ўсё часьцей зьяўляцца ў зводках навін. Найбольшы розгалас атрымала гісторыя гомельскай прадпрымальніцы Тацяны Дупанавай, якая пакончыла жыцьцё самагубствам напярэдадні суду, які мусіў разгледзець справу аб канфіскацыя яе тавару за парушэньні правілаў гандлю. Тацяну Дупанаву пахавалі 22 чэрвеня ў вёсцы Дземяхі Рэчыцкага раёну — побач зь яе бацькамі.