«Ніхто дакладна ня ведае, як выглядаюць новыя грошы. Цалкам верагодна, што гэтым скарыстаюцца махляры», — індывідуальныя прадпрымальнікі наракаюць, што дзяржава дыстанцыявалася ад фінансавага лікбезу, і прадракаюць валу фальшывак у першыя дні пасьля дэнамінацыі. Апроч таго, за ўласныя сродкі гандлярам давядзецца замяніць больш за 20 тысяч касавых апаратаў, не прыстасаваных да працы з манэтамі.
Прызначаная на 1 ліпеня дэнамінацыя нацыянальнай валюты, у выніку якой з банкнотаў зьнікнуць чатыры нулі і ўпершыню ў незалежнай гісторыі зьявяцца мэталічныя манэты, суправаджаецца тэхнічнымі цяжкасьцямі і няўзгодненасьцю паміж грашовымі ўладамі, гандлярамі і спажыўцамі.
Першым часам можна баяцца валу фальшывак
Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага абʼяднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка праз сайт арганізацыі вымушаны зьвярнуцца да зацікаўленых дзяржаўных структураў з заклікам нарэшце прыйсьці ў гандлёвыя цэнтры і на рынкі, каб прадэманстраваць узоры новых грошай тым, каму зь імі непасрэдна працаваць.
«Самая важная праблема, якую адзначаюць мае калегі, у тым, што практычна ніхто ня ведае дакладна, як выглядаюць новыя грошы, — не хавае зьдзіўленьня спадар Шумчанка і папярэджвае. — Цалкам верагодна, што гэтым пастараюцца скарыстацца махляры, і першы час на рынках і ў гандлёвых цэнтрах можа назірацца хваля распаўсюджваньня фальшывак. Не выключаю, што атрымаўшы на рукі такую фальшывую купюру, прадпрымальнік перадасьць яе наступнаму пакупніку, міжволі стаўшы саўдзельнікам крымінальнай гісторыі.
Да дэнамінацыі — крыху больш за тыдзень, а пытаньне дагэтуль ня вырашанае. Хоць дзяржаўным структурам даўно трэба было данесьці да працаўнікоў гандлю, як будуць выглядаць банкноты новага ўзору —напрыклад, правесьці сходы на рынках, выпусьціць каляровыя буклеты».
Пры гэтым Анатоль Шумчанка сьпяшаецца разьвеяць засьцярогі пакупнікоў, якія, спасылаючыся на міжнародную практыку, чакаюць, што ў момант дэнамінацыі аўтаматычна падскочаць кошты — перадусім дзякуючы акругленьню ў большы бок:
Заплаціце за тавар 500 даляраў у эквіваленце капейкамі — будзем толькі рады!
«Я адмыслова абмеркаваў гэтае пытаньне з прадпрымальнікамі: усе як адзін запэўніваюць, што канкурэнцыя на рынку сёньня настолькі вялікая, што любы крок да росту цэнаў фактычна выракае гандляра на тое, што ён застанецца без пакупнікоў, — удакладняе суразмоўца. — Больш за тое, у барацьбе за кліента кожны гатовы акругляць капейкі на карысьць пакупніка. Давайце гаварыць шчыра: сёньня ня тая сытуацыя, калі можна паказваць свой характар. Заплаціце за тавар 500 даляраў у эквіваленце капейкамі — будзем толькі рады! Прынясіце парваныя ці пасьціраныя купюры — ніякіх праблемаў. Цяпер гэта пазыцыя бальшыні: мы гатовыя ісьці насустрач кліенту да апошняга».
Але, перш чым разьлічвацца капейкамі, многім прадпрымальнікам неабходна ўкласьціся ў тэхнічнае пераўзбраеньне. Як вынікае з папярэдняга маніторынгу Міністэрства гандлю, з-за дэнамінацыі давядзецца замяніць кожны дзясяты касавы апарат. У прыватнасьці, блізу 24 тысяч адзінак ня могуць працаваць з капейкамі і патрабуюць радыкальнага абнаўленьня.
У ведамстве ўдакладнілі, што ў розных сфэрах у Беларусі зарэгістравана 246 тысяч апаратаў. Бальшыню зь іх можна перапраграмаваць, прымусіўшы працаваць ня толькі з паперай, але і з «жалезам». Іншыя ж састарэлі настолькі, што падлягаюць сьпісаньню. Апошні легальны дзень выкарыстаньня такой тэхнікі — 31 сьнежня 2016 году. Пасьля гэтага іх эксплюатацыя будзе забароненая.
На дэнамінацыі заробяць вытворцы касавых апаратаў
Як кажа прадпрымальнік і актывіст «Пэрспэктывы» Вячаслаў Піліпук, большая частка касавых апаратаў знаходзіцца на балянсе прыватных гандляроў, і выдаткі на абнаўленьне лягуць найперш на іх плечы:
«Думаю, прапорцыя касавых апаратаў па Беларусі дзесьці 60×40 з ухілам у бок прадпрымальнікаў. Перадусім, прыватныя гандляры зноў мусяць укладацца ўласнымі грашыма — альбо на набыцьцё новай тэхнікі, альбо на яе перапраграмаваньне. Зразумела, што дзяржава гэтыя выдаткі ў сваім бюджэце не прадугледжвае. Наадварот, у яе свой карысьлівы інтарэс. Дзяржаўныя прадпрыемствы, якія ўзяліся за выраб касавых апаратаў, пачалі ўключаць у гандлёвы рэестар, зь якога паступова выціснулі практычна ўсіх канкурэнтаў, найперш расейскіх, якія прапаноўвалі ніжэйшыя кошты. Такая палітыка зразумелая, бо гэта цягне за сабой ня толькі продаж уласна апарату, але сэрвіснае абслугоўваньне і праграмнае забесьпячэньне».
Касавыя апараты беларускай вытворчасьці каштуюць у сярэднім каля 100 даляраў за адзінку. Замена амаль 24 тысяч выльецца ў 2 мільёны даляраў зь лішкам — добрая замова для прадпрыемстваў-вытворцаў.
Перапраграмаваньне кожнай касы будзе каштаваць у эквіваленце 30 даляраў. Зноў жа, існуе меркаваньне, што выдаткі паспрабуюць сьпісаць на спажыўцоў. Але ў асацыяцыі «Касавыя апараты, кампутарныя сыстэмы і гандлёва-тэхналягічнае абсталяваньне» запэўніваюць, што затраты ў кошт тавараў уключацца ня будуць:
«Любая мадэрнізацыя альбо адносіцца да выдаткаў вытворчасьці, альбо пакрываецца за кошт прыбытку. Калі мы гаворым пра 30 даляраў на адну касу, то нават для самай простай крамы гэта зусім невялікая сума», — падкрэсьліваюць у арганізацыі.
Пераход на капейкі прымусіць раскашэліцца ўсіх
Праўда, як удакладняе прадпрымальнік Вячаслаў Піліпук, мінімальнымі выдаткамі можна не абысьціся — цана пытаньня наўпрост залежыць ад маштабу бізнэсу ды функцый, якія ўскладаюцца на тэхніку:
«Кошт касавага апарату можа даходзіць і да 200 даляраў. Гэта залежыць ня толькі ад функцый, якія ён выконвае, але і ад гандлёвага абʼекту, ад абароту, ад рэалізацыі, ад частаты апэрацый. То бок, сыходзячы са ступені загружанасьці падбіраецца і сам апарат. Адзінае, што калі прыстасаваньне новае, больш сучаснае, вытворца можа яго рэалізоўваць ужо з праграмным забесьпячэньнем: софт уваходзіць, скажам так, у базавую камплектацыю. Але цалкам унікнуць выдаткаў у любым выпадку ня ўдасца, пераход на капейкі прымусіць раскашэліцца ўсіх».
Адзін зь лідэраў прадрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка, у сваю чаргу, прызнае, што працэдура «абнуленьня» наўпрост адабʼецца на яго калегах, але на пакупнікоў ускладаць свае праблемы гандляры не зьбіраюцца:
«Канечне, крывіць душой ня варта: капейкі ў прыватнасьці і дэнамінацыя ў цэлым на некаторы час ускладняць наша жыцьцё. Зрэшты, на фоне маштабных эканамічных праблемаў гэта выглядае настолькі нязначна, што адступае на другі плян. Так, бальшыні прадпрымальнікаў давядзецца мяняць касавыя апараты, пра што, дарэчы, стала вядома са слоў прадстаўніка Мінгандлю за два тыдні да дэнамінацыі: касы, які не падтрымліваюць працу з капейкамі, могуць легальна выкарыстоўвацца толькі да канца году, а ўжо ад 1 студзеня 2017-га будуць па-за законам. Каштуюць новыя апараты нямала, і гэтыя траты лягуць на нашы плечы. Да таго ж трэба ўлічваць, што дадатковыя сродкі давядзецца выдзеліць яшчэ і на іх рэгістрацыю».
Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, у беларускім дзяржаўным рэестры знаходзіцца 157 апаратных плятформаў касавага абсталяваньня, 124 зь іх могуць працаваць з капейкамі. Касы, не прыстасаваныя да новых коштаў, будуць або перапраграмаваныя, або бясслаўна пойдуць на сьметнік.