Пяць нявырашаных праблемаў на менскіх перамовах па Данбасе

Ілюстрацыйнае фота

У Менску 20 сьнежня адбудзецца апошняе ў бягучым годзе паседжаньне Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе. Перамовы чакаюцца складанымі, бо сабраўся цэлы клубок нявырашаных праблемаў.

Абмен палоннымі

Кантактная група 5 сьнежня заявіла, што дамовілася пра абмен палоннымі па формуле «306 на 74» (306 — са сьпісу з акупаваных раёнаў Данбасу, 74 — са сьпісу палонных украінскіх байцоў). Але 14–15 сьнежня прадстаўнікі «ДНР» і «ЛНР» падалі новыя сьпісы – у іх людзі «не вэрыфікаваныя», то бок невядома, колькі зь іх сапраўды ва ўкраінскіх турмах і ці хочуць яны ехаць на акупаваную тэрыторыю Данбасу. Таму дата абмену палоннымі пад пытаньнем.

Абстрэлы

Між «ДНР», «ЛНР» і Ўкраінай абвяшчаліся і «хлебнае замірэньне», і «школьнае замірэньне», але абстрэлы на Данбасе працягваліся, а апошнімі днямі нават сталі больш інтэнсіўныя. Перад цяперашнім паседжаньнем прарасейскія баевікі ўпершыню за доўгі час абстралялі «Градамі» сяло Новалуганскае.

У бліндажах на ўкраінскіх пазыцыях, 14 сьнежня

Зоны бясьпекі

Бакі канфлікту фактычна не змаглі дамовіцца пра новыя зоны бясьпекі на лініі сутыкненьня на Данбасе. У верасьні 2016 году абвясьцілі тры такія зоны: Пятроўскае, Залатое і Станіца Луганская, але ў апошняй дагэтуль так і не адбылося адводу сілаў і сродкаў паражэньня. Пляны на 12 такіх зонаў бясьпекі замарожаныя, перамовы фактычна спыненыя.

Супольны цэнтар кантролю і каардынацыі

Пад пагрозу прыпыненьня пастаўленая дзейнасьць Супольнага цэнтру кантролю і каардынацыі, які зь верасьня 2014 году сачыў за выкананьнем рэжыму цішыні на Данбасе. Гэта адбылося пасьля рашэньня Крамля адклікаць расейскіх афіцэраў з гэтага цэнтру праз «напружаную маральна-псыхалягічную абстаноўку». Гэтае рашэньне можа прывесьці да далейшага абвастрэньня сытуацыі — можа так стацца, што калі нават бакі дамовяцца пра рэжым цішыні, сачыць за яго выкананьнем ня будзе каму.

Від на падкантрольную прарасейскім баевікам тэрыторыю ў Папасьнянскім раёне Луганскай вобласьці, 13 сьнежня

Вада

Увосень гэтага году Ўкраіна пачала зноў пастаўляць ваду на акупаваныя тэрыторыі Данбасу, бо адтуль за яе пайшла аплата. Але цяпер плацяжы зноў сарваныя.

Акрамя гэтага, няма прагрэсу ані ў палітычнай, ані ў эканамічнай падгрупах, працягваецца ўкраінская эканамічная блякада Данбасу, а акупацыйная адміністрацыя так званых «ДНР» і «ЛНР» бярэ пад сваё кіраваньне ўкраінскія прадпрыемствы. Сацыяльная сытуацыя на мяжы гуманітарнай катастрофы.