Мабільная відэагульня ў дапоўненай рэальнасьці Pokémon GO за тыдзень пасьпела стаць фэномэнам як у сьвеце гульняў, так і бізнэсу. Неўзабаве яна можа афіцыйна выйсьці і ў Беларусі для Android і iOS — і беларусы пачнуць, уткнуўшыся ў смартфоны, хадзіць па вуліцах у пошуках віртуальных пакемонаў.
А пакуль не пачалося, Свабода распавядае, хто такія пакемоны і чым можа быць небясьпечная гульня пра іх.
Хто такія пакемоны?
Адны могуць плявацца агнём, іншыя — шпурляцца вадой, нейкія — біць токам, нейкія — гіпнатызаваць. Усяго прыдумалі 750 відаў пакемонаў.
Pokémon (ад ангельскага pocket monster — кішэнная пачвара) — мэдыяфраншыза японскай кампаніі Nintendo, у якую ўваходзяць відэагульні, мультфільмы і мультсэрыялы, коміксы і цацкі. У іх сьвеце, падобным да нашага сучаснага, замест жывёлаў жывуць пакемоны — кішэнныя пачваркі са звышздольнасьцямі. Адны могуць плявацца агнём, іншыя — шпурляцца вадой, нейкія — біць токам, нейкія — гіпнатызаваць. Усяго прыдумалі 750 відаў пакемонаў.
Пакемонаў ловяць авантурысты-трэнэры, якія ладзяць між пакемонамі баі кшталту баёў сабак ці пеўняў у рэальным сьвеце, толькі не да сьмерці. Самі ў баях не бяруць удзелу, толькі камандуюць пакемонамі. Нягледзячы на спрэчную канцэпцыю, у пакемонах звычайна ня бачаць нічога шкоднага для дзяцей. Мультфільмы пра іх паказваліся ў тым ліку ў Беларусі.
Pokémon GO — далёка ня першая гульня пра пакемонаў, а адна з паўсотні. Сэрыя гульняў пачалася ў 1996 годзе на кішэнных кансолях Game Boy (для свайго часу яна мела інавацыю — два чалавекі маглі гуляць адзін з адным, злучыўшы кансолі дротам), з таго часу разьвівалася выключна на прыладах кампаніі Nintendo. Розныя гульні сэрыі прадаваліся мільёнамі копіяў у Японіі і на Захадзе.
Пра пакемонаў за 20 год выйшла 19 поўнамэтражных мультфільмаў і 18 анімэ-сэрыялаў. У Беларусі кансолі Nintendo былі і ёсьць значна меней папулярнымі за канкурэнтаў, таму беларусы хутчэй ведаюць пакемонаў з мультфільмаў, а таксама па цацках і іншай атрыбутыцы.
Чаму гэтая гульня — фэномэн?
Pokémon GO спампавалі больш за 10 млн разоў, па колькасьці актыўных карыстальнікаў яна наблізілася да Twitter
З моманту запуску 6 чэрвеня ў ЗША, Аўстраліі і Новай Зэляндыі Pokémon GO спампавалі больш за 10 млн разоў, па колькасьці актыўных карыстальнікаў яна наблізілася да Twitter (калі не абагнала). Толькі што яна выйшла ў Нямеччыне.
Бясплатная гульня за кошт дадатковых неабавязковых пакупак у ёй штодзень зарабляе паўтара мільёну даляраў — па гадавых выніках яна можа абагнаць World of Tanks нават бяз запуску па ўсім сьвеце. Пасьля яе запуску акцыі Nintendo падаражэлі амаль удвая.
Чаму людзі гуляюць у Pokémon GO нават падчас масавых акцыяў пратэсту ці баёў з тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы»? Заходняя прэса бачыць зьбег абставінаў, «дасканалы шторм»: Pokémon GO зусім не складаная, пакемоны перасталі быць эксклюзіўнымі для плятформы, якая траціла папулярнасьць, і сталі «агульнадаступнымі», а гульні ў дапоўненай рэальнасьці, якія існавалі ўжо даўно, сталі дастаткова простымі для масавага карыстальніка.
Як у гэта гуляць?
Вялікі плюс гульняў у дапоўненай рэальнасьці: яны вымушаюць выходзіць на вуліцу геймэраў, якія звычайна неахвотна пакідаюць дамы. Але тут і мінус: у навальніцу ці сьпёку гуляць цяжка.
Каб гуляць у Pokémon GO, патрэбны толькі смартфон на Android ці iOS. Вы ходзіце па горадзе, бачыце на тэлефоне рэальную мапу гораду з умоўнымі пазнакамі. Як сустракаеце на мапе «дзікага» пакемона — уключаецца камэра, на якой паказваецца рэальная карцінка з «накладзеным» на яе пакемонам, у якога трэба кідаць шарык-«пакебол» (у іх пакемоны затым жывуць). Таксама на мапе можна знайсьці «пакестопы» (гэткія піт-стопы з бонусамі) і залі баёў, якія можна захапіць для сваёй каманды. Асабістыя баі зь іншымі гульцамі адсутнічаюць (прынамсі, пакуль).
Хадзіць трэба менавіта па вуліцы, менавіта нагамі. У памяшканьнях ня ловіцца GPS, неабходны для працы гульні, а пры язьдзе на занадта вялікай хуткасьці гульня зразумее, што вы ашукваеце, і не залічыць крокаў. У гэтым вялікі плюс гульняў у дапоўненай рэальнасьці: яны вымушаюць выходзіць на вуліцу геймэраў, якія звычайна неахвотна пакідаюць дамы. Але тут і мінус: у навальніцу ці сьпёку гуляць цяжка.
Pokémon GO пакуль ня выйшла ў Беларусі, але мае выйсьці найбліжэйшым часам. Пакуль яе можна неафіцыйна ўсталяваць на Android, а на iOS — спампаваць з App Store, калі завесьці амэрыканскі Apple ID.
Што там з рэзыдэнцыяй і КДБ?
У Менску аб’ектамі гульні сталі адміністрацыя Лукашэнкі (названая ў гульні «Президенция резидента»), КДБ, Нацбанк, помнікі Леніну, Нацыянальная бібліятэка, будоўлі і могілкі.
Гульня выкарыстоўвае рэальныя лякацыі ў гарадах для «пакестопаў» і заляў баёў. Яны абіраюцца амаль выпадковым чынам у месцах, дзе часта ходзяць людзі: на плошчах, у парках, ля дзіцячых пляцовак. У Менску такімі аб’ектамі становяцца ў тым ліку адміністрацыя Лукашэнкі (названая ў гульні «Президенция резидента»), КДБ, Нацбанк, помнікі Леніну, Нацыянальная бібліятэка і іншыя. Хіба ў турме на Валадарскага няма ні пакемонаў, ні іншых аб’ектаў гульні.
У гэтым ёсьць пэўная небясьпека. У Беларусі забаронена фатаграфаваць шэраг адміністрацыйных будынкаў, ад тых жа КДБ і «прэзыдэнцыі» да Акадэміі навук і аб’ектаў мэтро. Калі пачаць даказваць міліцыі, што вы проста гуляеце ў гульню, могуць і аштрафаваць: у Менску штрафуюць нават за катаньне на самакаце па гандлёвым цэнтры.
Бацькам трэба пільнаваць, каб іх дзеці не хадзілі па непажаданых месцах у пошуках пакемонаў.
Большая небясьпека ў неасьцярожнасьці саміх гульцоў. Пакемон можа зьявіцца пасярод праспэкту, на чыгуначных каляінах ці на будоўлі. А гулец, які глядзіць толькі на мапу, а не пад ногі, можа пацярпець у пагоні за чарговым пакемонам. У папулярных сярод гульцоў ціхіх месцах могуць адмыслова зьбірацца злодзеі — сьцьвярджаецца, што ў ЗША адну такую банду ўжо злавілі.
Гульца могуць проста не зразумець і з этычных прычынаў: гульня прапануе лавіць пакемонаў у цэрквах і касьцёлах, нават зьбіраць бонусы на могілках і біцца за магілы асобных людзей. У ЗША з падобнай праблемай таксама сутыкнуліся — напрыклад, гульцы просяць аўтараў Pokémon GO прыбраць з гульні аб’екты на мэмарыяле Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру і на мэмарыяле халакосту.
Бацькам жа трэба ня толькі пільнаваць, каб іх дзеці не хадзілі па непажаданых месцах у пошуках пакемонаў, але і сачыць, каб дзеці не маглі скарыстацца іх банкаўскай карткай для непажаданых пакупак у гульні.