Усяслава Чарадзея саджалі ў поруб. А што такое пограб?

Язэп Драздовіч. „Усяслаў Полацкі сядзіць у порубе пад палатамі кіеўскага князя“. 1923

Пограб — тое самае, што склеп? А ёсьць яшчэ лёх, падпольле, яма... Пра народныя і гістарычныя назвы падземных памяшканьняў ды іх прызначэньне

Па-беларуску заглыбленае ў зямлі памяшканьне са сьценамі для захоўваньня прадуктаў мае некалькі назваў. Самыя пашыраныя — склеп, пограб, лёх.

У пэўных гаворках яны суіснуюць, у іншых пануе нейкае адно слова. На Віленшчыне і ў ваколіцах Менску гэта склеп, на Заходнім Палесьсі звычайнае слова — лёх, а на Магілёўшчыне і большай частцы Гомельшчыны — акурат пограб.

Ужываньне словаў „пограб“, „склеп“ і інш. Лексычны атляс беларускіх народных гаворак, т. 4. Менск, 1997

Склеп і пограб — сынонімы, але ня ўсюды

У сучаснай літаратурнай мове гэта сынонімы. Але ў Насовіча (1870) яны розьніліся матэрыялам: склеп саліднейшы за пограб, бо мураваны.

Яўгенія Аляксандраўна доўга змагалася за вяртаньне свайго пляцу з мураваным склепам. Вёска Зарачанка (Баля Касьцельная) Горадзенскага раёну, 2019

У гаворках часам асобную спаруду і схоў пад домам разьмяжоўваюць (як на Нясьвіжчыне): пограб у хаце, склеп асобна на вуліцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Склеп і скляпеньне

Ёсьць варыянты назвы: поргаб; падпольле (або пóдпал) — гэта толькі ў хаце; урэшце, проста яма (невялікая — кот улезе, чалавека не засунеш).

Спэцыялізаваныя — вінныя і парахавыя — у нас толькі склепы, склепікі (і ня блытайма з скляпеньнем — гэта перакрыцьце).

Піўніца ў сутарэньні — нармальна. Абы ня ў лёху!

А піўны склеп мае даўнюю асобную назву піўніца. Зрэшты, нашыя продкі ў эпоху ВКЛ ужывалі слова яшчэ шырэй. Яно мела тры значэньні: першае — тое ж, што і склеп:

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Піва

„У піўніцы бочак піўных дваццаць, воцтавых з воцтам дзьве, кадзей капусных дванаццаць, вушаткаў шэсьць, вёдзер дзьве, дзеж хлебных дзьве“, — так у 1590 годзе моваю сухіх дакумэнтаў апісваецца дворскі дабрабыт.

Як бачым, для продкаў важна, каб у склепе было піва.

Другое і трэцяе значэньні — 'піўны бровар' і 'піўная карчма'. Значыць, апошнім сёньня даюць камэрцыйныя імёны „Піўніца“ невыпадкова.

Ёсьць архітэктурныя дадаткі да пограбу/склепу, якія маюць свае назвы: прыгрэбнік — прыбудоўка перад уваходам у склеп; а яшчэ „надбудову над пограбам у нас называюць паграбнёй (Быхаў).

Сутарэньне — слова шырэйшага значэньня: „нулявы паверх“ (паводле звыклай для нас нумарацыі) увогуле, падвал.

А лёх (лёха) азначае падземны ход, нару, але і склеп таксама. Праўда, у беларускай літаратуры ў лёхі кідалі вязьняў. У Міхася Машары, у сацыяльнай паэме „Мамчына горка“ (Вільня, 1936), граф пасадзіў Янку ў „цёмную лёху“за злачыннае каханьне да графянкі. Але вартаўнікі не ўпільнавалі лёх:

Можа, чары хто кінуў на іх,
апаілі мо зельлем благім?
Гэты лёх вартавалі ўтраіх
і заснулі адзін за другім.

Беларускі пограб: толькі пазытыў!

У расейскай мове слова погреб словаўтваральна блізкае „погребению“. (Зрэшты, і беларускае слова склеп часам значыць ‘падземнае памяшканьне для дамавінаў’.)

Паводле Даля, слова погреб мела там у даўніну значэньне ‘цямніца, турма’. Яшчэ погреб ёсьць у крымінальным арго, дзе азначае доўгую кішэню на ўсю калашыну, куды злодзей-кішэньнік хавае здабычу.

Прыватны склеп за пару мэтраў ад брамы Ружанскага палаца. 2014

А вось беларускі пограб ​ дадатковай адмоўнай сэмантыкі ня мае. Гэта сымбаль ня толькі спакойнага дабрабыту, але і асабістай свабоды, прыватнай уласнасьці. І нават лятэнтнага супраціву сыстэме.

Якуб Колас. „Чырвоная Беларусь“, 1932, № 23-24

У аповесьці Якуба Коласа „Адшчапенец“ (1932), насуперак яе афіцыйна заяўленаму калектывізатарскаму патасу, адчуваецца пакрыёмая сымпатыя да ўпартага беларуса:

Чыкілевіч раней за ўсіх адчуў подыхі небясьпекі... Хоць у яго і былі некаторыя надзеі, што калектывізацыя не адбудзецца або пойдзе нейк іншым шляхам, ён тым ня меней на ўсякі выпадак прымаў свае меры. Яшчэ з восені выкапаў ён патайны паграбок у сваёй клуні і ў гэтым паграбку хаваў кубел сала, дзьве кадушачкі крупы і іншы свой скарб. Быў у яго добры япрук, і ён закалоў яго нядаўна. Каб людзі ня ведалі аб гэтым, (...) Чыкілевіч асмаліў япрука ў пограбе...

Поруб як кар’ерны трамплін

Фраза „пасадзіць у пограб“ у кожнага, хто чытаў школьны падручнік гісторыі, а пагатоў у выпускніка гістарычнага факультэту асацыюецца з выразам „пасадзіць у поруб“. Порубам у Кіеве называлася зрубная вязьніца ў зямлі, нават безь дзьвярэй, а пасадзілі туды нашага Ўсяслава Чарадзея. (Слова і цяпер бытуе ў пскоўскіх і цьверскіх гаворках — са значэньнем ня толькі ‘зруб’, але і ‘пограб’.)

Вось жа таму са словам поруб у беларускім патрыятычным гістарычным дыскурсе трывала зьвязаны трыюмф народнага правадыра: у 1068 годзе кіяўляне паўсталі, вызвалілі Ўсяслава з таго самага порубу/пограбу і паставілі над сабою княжыць. А потым ён вярнуўся на Полацкі пасад.

Дзякую ўдзельнікам суполкі „Толькі пра мову“ у ФБ, якія падзяліліся ведамі пра назвы гэтага аб’екту ў сваіх мясьцінах.