У Кракаве знайшлі дакумэнт з подпісам і пячаткай беларускага асьветніка Васіля Цяпінскага

Дакумэнт зь пячаткай Васіля Цяпінскага

Магістар гістарычных навук Ягор Сурскі з аддзелу крыніцазнаўства і археаграфіі Інстытуту гісторыі беларускай Акадэміі навук знайшоў у Кракаве самы раньні зь вядомых дакумэнт асьветніка, пісьменьніка і кнігавыдаўца Васіля Цяпінскага. Дакумэнт унікальны тым, што мае ўласнаручны подпіс Цяпінскага і ягоную асабістую пячатку — такіх у гістарыяграфіі раней не сустракалася.

Як распавядае Сурскі Свабодзе, дакумэнт знаходзіўся ў бібліятэцы Польскай акадэміі ўмеласьці і Польскай акадэміі навук у Кракаве сярод розных маёмасных і фінансавых папераў шляхецкіх радоў, але храналягічна выбіваўся з пазначанага ў тэчцы датаваньня. Папера была анатаваная, у архіве ў Вільні нават знаходзіцца мікрафільм з дакумэнтам, але ліст дагэтуль ня быў уведзены ў навуковы абарот. За дапамогу ў капіяваньні дакумэнту гісторык выказвае падзяку Юрыю Гардзееву з Кракава.

«Пячатка належыць да гербу Астоя, якім карысталіся і іншыя прадстаўнікі роду Цяпінскіх, на ёй выяўлены крыж і два паўмесяцы. Ініцыялы „WC“ пацьвярджаюць, што гэта асабістая пячатка Васіля Цяпінскага», — тлумачыць Сурскі.

Гісторык зрабіў даклад пра знаходку на кангрэсе «500 год беларускага кнігадруку» ў менскай Нацыянальнай бібліятэцы, чакае публікацыі работы пра знаходку ў навуковым зборніку «Здабыткі: дакумэнтальныя помнікі на Беларусі».

Партрэт Васіля Цяпінскага паводле гістарычнай гравюры. Ляілея і Валянцін Варэцы

Васіль Цяпінскі нарадзіўся каля 1540 году ў Цяпіна, што пад Чашнікамі ў цяперашняй Віцебскай вобласьці. У 1570-я на свае сродкі зладзіў друкарню, распачаў пераклад Эвангельля на старабеларускую мову, пачаў выдаваць Эвангельле на старабеларускай і царкоўнаславянскай, да якога асабіста напісаў прадмову.