1. Закідалі дымавухамі Мінабароны і падпалілі казіно
Ранейшыя адзіночныя пратэсты беларускіх анархістаў зьліліся ў канцы нулявых гадоў у струмень гучных акцыяў, на якія ўлада мусіла рэагаваць жорстка. У траўні 2010 году ў Заводзкім судзе Менску пачаўся працэс над пяцьцю актывістамі анархісцкага руху, якія, паводле абвінавачаньня, бралі ўдзел у некалькіх рэзанансных акцыях. У тым ліку падпалілі аўтамабіль на тэрыторыі расейскай амбасады, закінулі дымавыя шашкі за агароджу Мінабароны ды нанесьлі шкоду банкаўскаму будынку. Сэнс акцыяў, паводле абвінавачаньня, быў у пратэсьце супроць палітыкі ўладаў. На лаве падсудных апынуліся Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Максім Веткін, Яўген Селівончык і Аляксандар Францкевіч.
Акрамя Максіма Веткіна, усе яны не прызнавалі віны, паводзілі сябе ў судзе мужна і нават дзёрзка. Такім паводзінам падсудных анархістаў адпавядалі атрыманыя ад суду тэрміны. Ігару Аліневічу далі ажно 8 год калёніі, Мікалаю Дзядку — 4, Аляксандру Францкевічу — 3. Хлопцы адбылі свае тэрміны фактычна ад званка да званка, выйшлі на волю з гонарам, Аліневіч і Дзядок напісалі пра свой турэмны досьвед кніжкі. Максім Веткін, які даў паказаньні на аднадумцаў, выйшаў пасьля суду на волю з умоўным пакараньнем і зьнік з палітычнага поля.
2. Адначасова правялі акцыі салідарнасьці з затрыманымі ў клюбе «Піраты»
Але нават «жорсткімі пасадкамі» ўладам не ўдалося сьцішыць актыўнасьць анархістаў. 16 студзеня 2015 году ў Менску анархісты правялі сэрыю акцыяў на знак пратэсту супраць самаўпраўства міліцыі і КДБ на канцэрце 10 студзеня ў клюбе «Піраты», а таксама на знак салідарнасьці са сваімі арыштаванымі таварышамі, якіх затрымалі на канцэрце. Аўтаномныя групы сабраліся ў сымбалічных пунктах гораду, каб «выказаць сваё абурэньне з прычыны беспакаранасьці праваахоўных органаў і судзьдзяў». Яны сфатаграфаваліся з плякатамі на фоне Ленінскага РУУС, суду Ленінскага раёну і Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна.
Улады адказалі рэпрэсіямі. 21 студзеня суд Ленінскага раёну прысудзіў 15 сутак арышту двум анархістам — хлопцу і дзяўчыне, якіх абвінавацілі нібыта ў непадпарадкаваньні міліцыі. Як мяркуюць анархісты, насамрэч маладых людзей пакаралі за акцыю ў падтрымку арыштаваных на панк-канцэрце ў клюбе «Піраты».
3. Намалявалі «Беларусь мае быць беларускай» і кінулі лямпачкай у выяву міліцыянта
Зноў анархісты вельмі гучна заявілі пра сябе ўлетку 2015 году. Пратэст увайшоў у гісторыю пад назвай «Справа графіцістаў». Анархісты Вячаслаў Касінераў, Максім Пякарскі і Вадзім Жаромскі падчас некалькіх акцыяў намалявалі на сьцяне закінутага будынку і плоце былой вайсковай часьці лёзунгі «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці. Яна ўжо ідзе». Таксама ў Менску анархісты закідалі лямпачкамі з фарбай сацыяльныя білборды з выявай міліцыянтаў. Адвакаты даводзілі, што дзеяньні «графіцістаў» трэба было кваліфікаваць як дробнае хуліганства і разглядаць іх у адміністрацыйным, а не крымінальным судзе. Але марна. На пачатку 2016 году анархістаў асудзілі, але не да зьняволеньня, як патрабаваў пракурор, а толькі да грашовых штрафаў. Назіральнікі адзначылі надзіва мяккі — упершыню за 5 гадоў — прысуд паводле палітычнай справы і загаварылі пра пачатак «лібэралізацыі».
4. Закідалі чырвонай фарбай парадны падʼезд БТ
9 чэрвеня 2016 году анархісты зноў выкарысталі лямпачкі з фарбай як інструмэнт пратэсту — закідалі такімі лямпачкамі ўваход у будынак «Белтэлерадыёкампаніі». Паводле заявы, яны выступілі «супраць прапаганды з боку дзяржавы, якая кожны дзень перадаецца з экранаў тэлевізараў, выліваецца на грамадзтва праз радыёпрыёмнікі».
Відэа, у якім невядомыя ў масках закідваюць будынак Белтэлерадыёкампаніі чырвонай фарбай, зьявілася пад нікнэймам Piter Pan на канале Youtube.
Паводле сайта «Анархічны чорны крыж Беларусі», ужо 14 чэрвеня стала вядома, што ў дачыненьні да анархістаў, якія правялі гэтую акцыю супраць БТ, пачаўся перасьлед. Паведамлялася, што ўвечары 13 чэрвеня былі затрыманыя анархіст і анархістка (імёнаў не назвалі), якіх даставілі ў Першамайскі РУУС па падазрэньні ва ўдзеле ў акцыі. Таксама былі праведзены ператрусы прынамсі ў двух чалавек.
5. Прыйшлі на марш з расьцяжкай «Чыноўнік — галоўны дармаед»
У першых жа акцыях «недармаедаў», якія пачаліся ў лютым 2017-га, «засьвяціліся» і анархісты. Але найбольш яскрава — пазаўчора ў Берасьці, дзе мітынг з шэсьцем супроць дэкрэту № 3 аб дармаедах сабраў каля тысячы ўдзельнікаў. Паводле назіральнікаў, найбольшую ўвагу жыхароў гораду прыцягвала расьцяжка «Чыноўнік — галоўны дармаед», якую трымалі анархісты з маскамі на тварах. Усяго ў берасьцейскім маршы «недармаедаў» бралі ўдзел ня болей за паўтара дзясятка анархістаў, але, як паведамлялі мэдыі, гэта была найлепш арганізаваная і рашуча настроеная група. Невыпадкова пасьля акцыі міліцыянты зладзілі на анархістаў сапраўднае паляваньне і 5 зь іх затрымалі. Празь дзень у Ленінскім судзе Берасьця Андрэю Дзенюжкіну і Руслану Халікаву прысудзілі па 5 сутак адміністрацыйнага арышту, Дзьмітры Ляўчук атрымаў 4 дні арышту.