Беларускі гісторык Ігар Мельнікаў, аўтар шэрагу кніг пра жыцьцё беларусаў у міжваенны час, прэзэнтаваў 3 кастрычніка кнігу-альбом «Мяжа была пад Менскам, 1921–1941 гг.».
Мельнікаў выдаў альбом на ўласныя грошы накладам усяго 95 асобнікаў. У кнізе раскрываецца тэма, апісаная дагэтуль больш з польскага боку, а ў Беларусі амаль забытая.
У кнізе больш за 500 здымкаў — як з уласнай калекцыі Мельнікава, так і з замежных архіваў, а таксама сучасныя здымкі зь мясьцін у цэнтры сучаснай Беларусі, якія былі памежнымі ў 1920-х і 1930-х. У кнізе згадваецца і польскі Корпус аховы памежжа, і савецкія памежнікі, і кантрабандысты, і дывэрсанты, і звычайныя беларусы, якія два дзясяткі год жылі, падзеленыя «мяжой цывілізацый».
Усяго на савецка-польскай мяжы было чатыры пераходы, але менавіта Коласаўскі быў найбольш вядомы. Менавіта праз Коласава ішоў цягнік Парыж — Уладзівасток, менавіта пра выпадак на гэтым памежным пераходзе Маякоўскі напісаў свой «Верш пра савецкі пашпарт». Гэтае месца Мельнікаў апісвае як «вароты ў эўрапейскую цывілізацыю» для савецкіх грамадзян і «вароты ў савецкі сьвет», адпаведна, для жыхароў Эўропы і Амэрыкі.
Звычайна фатографаў у такія месцы не пускалі, бо здымаць на памежнай тэрыторыі было забаронена. Але ў 1934 годзе галяндзкі фатограф Вільям ван дэр Пол здабыў усё ж дазвол на здымкі — а Мельнікаву ўдалося атрымаць дазвол на выкарыстаньне здымкаў ад галяндзкага архіву.
«У 1924 годзе КАП пачаў ахоўваць польска-савецкую мяжу, пачалі ўзводзіцца такія тыповыя „стражніцы“, якіх на мяжы было збудавана шмат, — кажа Мельнікаў. — У кнізе я апісваю, дзе знаходзіліся гэтыя стражніцы і як выглядалі. У Беларусі такіх будынкаў ужо не захавалася, але вядомыя месцы, дзе яны былі, там яшчэ ляжаць артэфакты, і нешта, што знаходжу, зьбіраю ў прыватную калекцыю».
Калі Польшча была падзеленая між Нямеччынай і СССР у верасьні 1939 году, савецкіх памежнікаў са старой мяжы перавялі на новую, пад Бугам. Але і «старая» мяжа ня зьнікла, а была ператвораная Саветамі ў «зону загароды». Здымак вышэй Мельнікаў набыў больш як за 150 эўра з уласнай кішэні — гісторык кажа, што гэтыя памежнікі якраз маглі ахоўваць і «старую» мяжу, і «новую».
«У кнізе я апісваў і савецкую памежную ахову, як яна змагалася супраць кантрабандыстаў і выведнікаў, якія рэпрэсіі чыніла супраць жыхароў памежных тэрыторый», — кажа гісторык.
«Я зьвяртаю вялікую ўвагу на незаслужана забыты момант — гераічную абарону Менскага ўмацаванага раёну ў 1941 годзе, на Заслаўі тры дні абарона трымалася, — кажа Мельнікаў. — Менскі ўмацаваны раён тады быў слаба падрыхтаваны да баявых дзеяньняў супраць немцаў, бо яго рыхтавалі да 1939 году на выпадак вайны супраць Польшчы, але не прыйшлося ваяваць — мяжа „паехала“ на 300 км на захад. Раён спачатку замарозілі, а потым пасьпелі за некалькі тыдняў да пачатку вайны зь Нямеччынай прывесьці ў парадак, але ня ўсе ДАКі.
Ён мог бы адыграць такую ж ролю, як Кіеўскі, які трымаўся месяц, але не адыграў цалкам. Але ўсё роўна — жаўнеры змагаліся, не далі немцам адразу ўварвацца ў Менск. Да сёньняшняга дня бачныя сьляды баёў, побач з ДАКамі знаходзілі парэшткі жаўнераў-чырвонаармейцаў».