Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Вілейкай як герояў перапахавалі памежнікаў, якія баранілі мяжу 1939 году ад бальшавікоў


У Даўгінаве Вілейскага раёну перапахавалі парэшткі польскіх памежнікаў, выяўленыя падчас эксгумацыі каля вёскі Пагост.

У жніўні Беларусь дала дазвол польскаму Інстытуту нацыянальнай памяці на пошукавыя работы ля вёскі Пагост. Дасьледчыя работы пачаліся ў верасьні з удзелам беларускага 52-га спэцыялізаванага пошукавага батальёну.

Плянавалася адшукаць парэшткі жаўнераў польскага Корпусу аховы памежжа (КАП), палеглых 17 верасьня 1939 году, калі савецкія войскі ўвайшлі ў Заходнюю Беларусь. Польскія дасьледчыкі ня мелі пэўнасьці, ці жаўнеры са стражніцы ў раёне Пагосту загінулі ў баях з савецкімі войскам, ці былі расстраляныя ў палоне.

Каля Пагосту выявілі брацкую магілу з парэшткамі пяці польскіх памежнікаў. Акрамя гэтага знойдзены фрагмэнты вайсковых ботаў, гузікаў і знакі адрозьненьня. Раскопкі даказваюць, што польскія памежнікі загінулі ў баі, гаворыць гісторык Ігар Мельнікаў.

"Звычайна ў палоне памежнікаў не растрэльвалі, гналі на Ўсход. Быў нават выпадак, калі параненага сяржанта павезьлі ў Заслаўе, але там ён памёр. Але тых, хто загінуў у баі на стражніцы 17 верасьня, хавалі, часьцей за ўсё, мясцовыя.

Урачыстая цырымонія перапахаваньня салдат Корпуса аховы памежжа адбылася 27 верасьня ў Даўгінаве на брацкіх ваенных могілках. У цырымоніі прынялі ўдзел польскі амбасадар у Беларусі Конрад Паўлік і віцэ-міністар унутраных справаў Польшчы Якуб Скіба.

Гісторык Мельнікаў выдаў кнігу-альбом пра жыцьцё беларусаў, падзеленых між СССР і Польшчай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG