Фота- і відэарэпартаж з акцыі КХП-БНФ у Лошыцкім яры

Тры дзясяткі чалавек узялі ўдзел у жалобным шэсьці і мітынгу ў Лошыцы з нагоды Дзядоў. Радыё Свабода прапануе фотарэпартаж.

Актывісты КХП-БНФ і некалькі дзясяткаў неабыякавых людзей традыцыйна сабраліся каля палацу культуры «Лошыцкі», а затым прайшлі да месца масавых расстрэлаў у Лошыцкім яры пад пільным кантролем вялікай колькасьці супрацоўнікаў спэцслужбаў, якія фільмавалі ўсіх і ўсё, што адбывалася падчас жалобнай акцыі.


Акцыя КХП-БНФ у Лошыцкім яры


Плякаты, бел-чырвона-белыя сьцягі і кветкі ў Лошыцкі яр несьлі, ў тым ліку, маладыя людзі:

Юнак: «Такія дні, як памяці продкаў „Дзяды“, яны заўсёды павінныя быць важнымі для кожнага беларуса. І такія традыцыйныя шэсьці — яны толькі надаюць натхненьня кожнаму чалавеку, хто ў іх удзельнічае».

Дзяўчына: «Я сюды прыйшла, бо адчуваю сваю прыналежнасьць да Беларусі, маю грамадзянскую пазыцыю, а таму заўсёды ўдзельнічаю ў такіх імпрэзах».

Your browser doesn’t support HTML5

Дзяды ў Лошыцкім яры


Каля помнага крыжа «Ахвярам бальшавіцкага тэрору» адбыўся мэмарыяльны мітынг, падчас якога лідэры партыі зачыталі зварот старшыні партыі Зянона Пазьняка. У звароце Зянон Пазьняк нагадаў, што ў Лошыцы забіта ня менш за 10 тысяч бязьвінных ахвяраў, што сёньня неабходна бараніць гэтую памяць ад нашчадкаў сталінскіх катаў. Працягваючы думку, адзін зь лідэраў партыі Валеры Буйвал заявіў:

«У першае сваё зьяўленьне ў інфармацыйнай прасторы Ігар Кузьняцоў заявіў, што немэтазгодна — ён ня ўмее па-беларуску — „не цэлесообразно ставіть кресты в Куропатах, потаму что там похоронены комуністы“. І ў гэтым стылі ён дзейнічаў далей. Мы, патрыёты-фронтаўцы, абаронцы Курапацкай сьвятыні абвяшчаем савецкага палітработніка, падпалкоўніка Кузьняцова пэрсонайнон-грата на тэрыторыі Курапацкай сьвятыні і на тэрыторыі іншых сьвятыняў, дзе ёсьць пакутнікі нашага народа».

Лідэры партыі КХП БНФ Алесь Чахольскі і Юры Беленькі падчас сваіх прамоваў таксама нагадалі пра сувязь паміж сталінскімі рэпрэсіямі і падзеямі, якія зараз адбываюцца ў Беларусі: зьнішчэньне роднай мовы, эканамічную і палітычную залежнасьць ад Расеі. Заяву Валерыя Буйвала пра пэрсону нон-грата гісторыка Ігара Кузьняцова, выканаўца абавязкаў старшыні партыі Юры Беленькі пракамэнтаваў гэтак:

«Партыя ніякіх рашэньняў не прымала, тут гавораць пачуцьці чалавечыя. Курапаты — гэта месца, якое мусіць быць месцам і прымірэньня, і спагады, і месцам, дзе чалавек мусіць задумацца: як ён жыве на гэтай зямлі, што нясе ў сваім сэрцы і што перадасьць сваім дзецям. Меркаваньне, якое выказаў Валеры Буйвал, трэба можа паразважаць над ім, але збольшага я так яго і падтрымліваю».

На завяршэньне мітынгу ўдзельнікі акцыі ўсклалі да крыжа «Ахвярам бальшавіцкага тэрору» кветкі, запалілі сьвечкі і традыцыйна выканалі малітоўны гімн «Магутны Божа».


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:


ЖЫВЫ РЭПАРТАЖ З АКЦЫІ