На сайце petitions.by зьявілася пэтыцыя ў падтрымку польскага беларускамоўнага тэлеканалу «Белсат» — яго просяць пусьціць у вяшчаньне як кабэльны тэлеканал або дазволіць стварыць афіцыйную беларускую рэдакцыю. На момант публікацыі сабрана звыш 250 подпісаў.
«Белсат», што вяшчае ўжо 10 год, цяпер яго можна глядзець праз спадарожнік або праз інтэрнэт, карэспандэнты працуюць у Беларусі фактычна нелегальна і пастаянна атрымліваюць штрафы за сваю працу, а менскія офісы тэлеканалу гэтай вясной разграмілі.
У Беларусі ж тым часам амаль няма беларускамоўнай тэлевізіі, а цалкам беларускамоўны тэлеканал пакуль толькі зьбіраюцца ствараць самі кабэльныя апэратары. Цалкам беларускамоўным задумваўся дзяржаўны канал «Беларусь-3», але ня стаў такім.
Аўтар пэтыцыі, актывіст Крысьціян Шынкевіч заўважае, што хоць на базе беларускіх тэлеканалаў створаны шэраг папулярных перадачаў, застаюцца папулярнымі і расейскія кшталту «Пусть говорят» і «Прямой эфир», што паказваюцца на «беларускіх» (зробленых на базе расейскіх) тэлеканалах АНТ і РТР-Беларусь. Само тое, што ў Беларусі расейскія каналы паказваюцца не наўпрост, а «ператвараюцца» ў беларускія з часткай беларускага кантэнту, аўтар пэтыцыі называе «стратэгіяй інфармацыйнай бясьпекі», што «апраўдала сябе».
Рэтрансьляцыі расейскіх перадачаў проціпастаўляюцца ўласныя перадачы «Белсата», як то «Асабісты капітал», «Відзьмо-невідзьмо», «Вяскоўцы», «Кожны з нас», «Людзкія справы», «Мова Нанова», «Прыват», «Belsat music live» і іншыя.
Таксама аўтар пэтыцыі нагадвае, што беларускія ўлады зьбіраліся ў 2014 годзе стварыць беларуска-ўкраінскі тэлеканал, але так і не зрабілі (апошні раз анансавалі, што пытаньне вырашыцца да верасьня), хоць украінскі бок кажа, што застаюцца адно «тэхнічныя пытаньні».
Пасьля завяршэньня збору подпісаў пэтыцыю зьбіраюцца накіраваць у Белтэлерадыёкампанію і да Міністэрства інфармацыі Беларусі.