На сайце Petitions.by працягваецца збор подпісаў за адстаўку міністра ўнутраных справаў Беларусі Ігара Шуневіча, які, на думку падпісантаў, «ня мусіць кампрамэтаваць імідж краіны» нашэньнем формы НКВД і гамафобнымі заявамі.
За адстаўку Ігара Шуневіча па стане на 11.00 11 чэрвеня публікацыі падпісалася больш як 1300 чалавек. Праз тры дні пэтыцыю маюць адаслаць у адміністрацыю прэзыдэнта і Савет міністраў.
Цягам апошняга месяца Шуневіч выказаўся ў падтрымку «гамафобнай заявы» на сайце свайго ведамства і заявіў, што адносна ЛГБТ-супольнасьці «ніякай дыскрымінацыі няма» і што грамадзтва «не прайшло праверку» вясёлкавым сьцягам, бо не патрабавала яго зьняць з брытанскай амбасады; усклаў на сваё ведамства функцыю «аховы маральнасьці». 9 траўня 2018 году ён зноў надзеў форму НКВД, выказаўшы «вялізарную павагу» да спэцслужбы, якая рэалізоўвала бальшавіцкую палітыку масавых рэпрэсіяў.
Нядаўнюю пэтыцыю адносна «гамафобнай заявы» МУС падпісалі больш як 1800 чалавек. Але начальнік упраўленьня грамадзкіх сувязяў МУС Георгі Еўчар у адказе на зварот ня даў адказу, ці будзе правераная законнасьць выказваньняў з заявы.
Год таму адстаўкі Шуневіча патрабавала партыя БНФ, два гады таму дзьве пэтыцыі за адстаўку Шуневіча набралі 4700 і 1300 подпісаў і засталася без адказу ад уладаў.