Суд Ленінскага раёну Горадні прызнаў Паўла Мажэйку вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыі для замежных СМІ. І аштрафаваў на 23 базавыя велічыні — 529 рублёў.
Паводле Мажэйкі, на яго быў складзены пратакол за тое, што 25 сакавіка падчас санкцыянаванага мітынгу ў Горадні ён нібыта зрабіў рэпартаж для польскага тэлеканалу «Белсат», ня маючы пры гэтым акрэдытацыі. У судзе супраць яго сьведчылі два міліцыянты.
— Яны сказалі толькі тое, што я быў падчас мерапрыемства, хадзіў, размаўляў зь людзьмі. Хоць я там нічога не здымаў, і пра гэта сьведкі не маглі нічога сказаць. Але яны знайшлі он-лайн на «Белсаце», дзе час ад часу гучаў мой голас. А таксама знайшлі на маім прыватным твітэры здымкі з гэтае акцыі, і прадставілі ўсё гэта як сьведчаньне майго рэпартажу. Маўляў, здымаў для «Белсата» і камэнтаваў для «Белсата». І было ўжо ня важна, што і як, а папросту прагучаў прысуд — 23 базавыя.
Тое, што Мажэйку выклікалі ў суд праз два месяцы пасьля падзеі, на яго думку, зьвязана з тым, што прыйшоў загад зьверху.
— Мне яшчэ падалося падчас суду, што справа была скіраваная ня столькі на мяне, колькі на «Белсат», бо падчас судовага працэсу ўзгадваліся іншыя прозьвішчы журналістаў. Я думаю, што трапіўся нават выпадкова. На маім месцы мог апынуцца любы іншы журналіст. Але зь нейкай прычыны ўсё ж абралі мяне.