У працэсе аб сьмерці на «Валадарцы» ў 2013 годзе вязьня Ігара Пцічкіна дапыталі апошніх сьведак і экспэртаў.
10 кастрычніка суд дапытаў экспэрта Аляксандра Герасімовіча, прафэсара мэдыцыны, вядомага патолягаанатама.
«Ігар Пцічкін памёр ад тупой траўмы сэрца, і ад свайго заключэньня я не адмоўлюся», — заявіў суду экспэрт. Суд высьвятляў у экспэрта Герасімовіча, што ён разумее пад словамі «тупая траўма».
«Гэта можа быць удар кулаком ці прадметам, можа быць і падзеньне», — патлумачыў экспэрт. На пытаньне, ці мог Ігар Пцічкін памерці ад асьфіксіі — сьцісканьня тканак сэрца праз прывязваньне чалавека да ложка – экспэрт такую вэрсію абверг.
«Тканкі сэрца маюць такія мікратраўмы, якія могуць зьявіцца толькі ад удару, ад асьфіксіі такіх мікратраўмаў не бывае», — патлумачыў суду экспэрт Аляксандр Герасімовіч.
Паказаньні экспэрта Герасімовіча аказаліся аднолькавымі з паказаньнямі другога экспэрта, таксама вядомага спэцыяліста ў патолягаанатоміі Сьвятланы Ліхачовай. Яна, як і Аляксандр Герасімовіч, дасьледавала ўнутраныя органы Ігара Пцічкіна пасьля ягонай сьмерці. Сьвятлану Ліхачову суд дапытаў 7 кастрычніка.
«Як напісала ў заключэньні, гэтак і паўтару ў судзе: Пцічкін памёр ад тупой траўмы сэрца», — сказала суду Сьвятлана Ліхачова. У экспэрткі ў судзе спыталі, ці мог Ігар Пцічкін памерці ад сардэчнай недастатковасьці, як сьцьвярджаюць мэдыкі СІЗА №1. На гэта Ліхачова заявіла, што сардэчная недастатковасьць суправаджаецца ацёкам лёгкіх, чаго ў Пцічкіна не было. «Лёгкія Ігара Пцічкіна былі сухія, таму сардэчная недастатковасьць ня можа быць прычынай ягонай сьмерці», — патлумачыла экспэрт. Таксама экспэрт выказалася пра знойдзеныя ў бронхах Ігара Пцічкіна вялікія згусткі крыві:
«Прычынай такіх вялікіх згусткаў мог быць альбо ўдар, альбо сухоты».
Паводле мэдычных дакумэнтаў, на сухоты Ігар Пцічкін да пападаньня ў жніўні 2013 году ў СІЗА №1 не хварэў.
У пятніцу, 14 кастрычніка ў Маскоўскім судзе, дзе разглядаюць справу Ігара Пцічкіна, пачнуцца судовыя спрэчкі.
Раней экспэрт Міхаіл Нядзьведзь, на высновах якога грунтуецца афіцыйны дыягназ прычын сьмерці Пцічкіна, заявіў у судзе, што стан сэрца вязьня быў характэрны для людзей, якія ўжывалі наркотыкі і алькаголь. Экспэрт спаслаўся на свой амаль 50-гадовы досьвед працы патолягаанатамам шпіталя ў Навінках.
Па справе Ігара Пцічкіна абвінавачваюць у неаказаньні належнай мэдычнай дапамогі фэльчара «Валадаркі» Аляксандра Крылова, які не прызнае сябе вінаватым. Сьведкі — супрацоўнікі СІЗА на Валадарскага, а таксама некаторыя сукамэрнікі Ігара Пцічкіна казалі на працэсе, што ён ў турме перажываў «сындром адмены», уласьцівы для наркаманаў, якія трапілі ў зьняволеньне. Маці Ігара Пцічкіна Жанна Пцічкіна не выключае, што яе сына забілі ахоўнікі турмы.