Паэт Ярыла Пшанічны (сапраўднае імя — Уладзімер Банкер) памёр 19 красавіка 2015 году.
У беларускай паэзіі ён быў прыкметнай фігурай, гаворыць Свабодзе сябра нябожчыка паэт Сяргей Сыс:
«Яму было толькі 44 гады. Сьмерць Ярылы была нечаканай і раптоўнай — адарваўся тромб. Здарылася гэта на ягонай гістарычнай радзіме каля возера Нарач.
Я добра памятаю прэзэнтацыю ягонай унікальнай для Беларусі кнігі, напісанай на трасянцы, „Пішчавыя лішкі“. Гэта кніга-пародыя, кніга-зьдзек з нашай псэўдаінтэлігентнасьці, з гэтага заскарузлага жыцьця. Напачатку кніга ўспрымалася неяк падазрона. Але калі я перачытаў яе некалькі разоў, то зразумеў, што аўтар знайшоў свой фармат у паэзіі, у літаратуры.
Апроч гэтага, Ярыла Пшанічны вядомы і як цікавы музыкант, які ўдзельнічаў у многіх праектах. Тут можна прыгадаць і „Князя Мышкіна“, і ягоную супрацу з Уладам Бубнам — знакамітым нашым электронным музыкам.
Ён часта праводзіў розныя пэрформансы. Напрыклад, у розных гарадах сьвету чытаў на відэакамэру свае вершы. Так ён чытаў нямецкім рабочым каля помніка Карлу Марксу ў Бэрліне. Тое ж самае ён вырабляў у Піцеры ды іншых гарадах.
Мне вельмі шкада, што ён сышоў. Зусім нядаўна мы сустракаліся ў мяне дома. І ён сказаў, што рыхтуе яшчэ адну цікавую кнігу. Мусіць, яна і выйдзе. Але ён яе ўжо не пабачыць. Мы пастараемся, каб усё, што напісаў Ярыла, дайшло да чытача.
Вечная яму памяць!»