На 87-м годзе жыцьця ня стала народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага. Пра гэта паведамілі ў Беларускім саюзе мастакоў.
Творца працаваў у шырокім дыяпазоне, валодаў тэхнікай лінагравюры, літаграфіі, афорту, малюнку пяром. Аўтар антываеннай анталёгіі «Памяць», касьмічнай сагі «Высокае неба», цыкляў «Белы кантынэнт» і «Камандор», жывапісных сэрый «Мой край» і «Браслаўшчына — край азёрны».
Яго працамі аздобленыя выданьні Янкі Купалы і Якуба Коласа, Васіля Быкава і Алеся Адамовіча, школьныя падручнікі.
Цягам некалькіх дзясяткаў гадоў дакумэнтальным хранікёрам Георгія Паплаўскага быў вядомы фатограф Яўген Коктыш. На ягоных здымках мастак фігуруе зь вядомымі асобамі свайго часу. Ці не найчасьцей — побач з Быкавым і Адамовічам: яны былі блізкімі сябрамі.
«Ён мне ня толькі сябра, а быў, безь перабольшаньня, за брата, — сказаў Свабодзе Яўген Коктыш. — Мабыць, бліжэйшага чалавека я і ня меў — па духу, па сьветапоглядзе. У мяне сотні ягоных здымкаў, пачынаючы ад сярэдзіны 1970-х. Думаю, варта гэта нейкім чынам прэзэнтаваць — майстар на розных этапах сваёй творчасьці...
Часьцяком фатаграфаваў усіх разам — Адамовіча, Быкава, Паплаўскага. Справа ў тым, што ён і таго, і другога шмат ілюстраваў. І, шчыра кажучы, дзякуючы менавіта Георгію я таксама зь імі засябраваў. Асабліва што тычыцца Быкава, бо ён да сябе падпускаў надзвычай асьцярожна.
Канечне, усе блізкія паміж сабой людзі, гэта несумненна. І вось чарговая незаменная страта як для мастацтва, так і для ўсяго грамадзтва».
Георгі Паплаўскі — народны мастак Беларусі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
Пахаваньне Георгія Паплаўскага адбудзецца 1 лістапада, месца разьвітаньня ўдакладняецца.