Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дылема Адамовіча. Ці трэба было зьяжджаць зь Беларусі


На прагулцы з Гошам, сабакам мастака Георгія Паплаўскага
На прагулцы з Гошам, сабакам мастака Георгія Паплаўскага

Сёлетні верасень праходзіць пад знакам пісьменьніка Алеся Адамовіча — на пачатку месяца ён адзначыў бы 90-гадовы юбілей.

Радыё Свабода і фатограф Яўген Коктыш прадстаўляюць чорна-белую галерэю характарных вобразаў выдатнага гуманіста, крытыка, кінасцэнарыста, публіцыста, навукоўца, грамадзкага дзеяча ХХ стагодзьдзя. Чалавека ўсясьветнага маштабу.

Унук раскулачанага аднаасобніка

Алесь Адамовіч зьявіўся на сьвет 3 верасьня 1927 году ў вёсцы Канюхі на Капыльшчыне. Праўда, пазьней маці прызналася, што зьмяніла дату, каб падчас акупацыі сына ня вывезьлі на прымусовыя работы ў Нямеччыну. Насамрэч ён нарадзіўся 3 жніўня 1926-га.

У 1928 годзе яго бацька Міхал Восіпавіч пасьля заканчэньня мэдычнага факультэту БДУ разьмеркаваўся ў пасёлак Глуша на Бабруйшчыне. Натуральна, што жонка, выпускніца Магілёўскай фармацэўтычнай школы Ганна Мітрафанаўна, і іх малыя сыны рушылі сьледам. Дарэчы, старэйшы Яўген урэшце таксама стаў лекарам.

Неўзабаве сям’я на сабе зьведала жахі сталінскіх рэпрэсій: у 1930-м раскулачылі і выслалі ў Якуцію разам з жонкай і траімі дзецьмі (чатырох іншых пакінулі) Мітрафана Тычыну — бацьку Ганны, дзеда Алеся і Яўгена. Ганна Мітрафанаўна надоўга засталася «дачкой кулака». Ён так і не вярнуўся дадому, знайшоўшы спачын у краі вечнай мерзлаты. Потым тыя падзеі знайшлі адлюстраваньне шмат у якіх творах Алеся Адамовіча...

З Васілём Быкавым у Забродзьдзі мастака Барыса Цітовіча
З Васілём Быкавым у Забродзьдзі мастака Барыса Цітовіча
З расейскім пісьменьнікам Даніілам Граніным
З расейскім пісьменьнікам Даніілам Граніным
Зь мітрапалітам Філярэтам і мастаком Георгіем Паплаўскім
Зь мітрапалітам Філярэтам і мастаком Георгіем Паплаўскім

Падчас гітлераўскай акупацыі яшчэ падлеткам Алесь разам са сваякамі браў удзел у антыфашысцкім падпольлі. Ад 1943-га ён сувязны ў партызанскім атрадзе, а потым баец. Гэты час апісаны ў дылёгіі «Партызаны» («Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой»), «Хатынскай аповесьці», «Я з вогненнай вёскі» (сумесна з Янкам Брылём і Ўладзімерам Калесьнікам), «Карніках», «Блякаднай кнізе» (сумесна з Даніілам Граніным).

Пасьля вайны зьехаў на Алтай, скончыў Ленінагорскі горна-мэталюргічны тэхнікум. Вярнуўся на радзіму, вучыўся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Скончыў асьпірантуру, абараніў спачатку кандыдацкую дысэртацыю, а пазьней, працуючы ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы, і доктарскую.

Цягам 1962-1966 гадоў жыў у Маскве, вучыўся на Вышэйшых сцэнарных курсах, адначасова чытаў спэцкурс беларускай літаратуры ў МДУ імя Ламаносава. Па вяртаньні ў Менск працягнуў дзейнасьць у Інстытуце літаратуры.

Зь вяскоўцамі па дарозе ў Глушу
Зь вяскоўцамі па дарозе ў Глушу
Са старэйшым братам Яўгенам і пляменьніцай
Са старэйшым братам Яўгенам і пляменьніцай
На ціхім паляваньні
На ціхім паляваньні

Пад канец 1970-х, ужо ў рангу агульнапрызнанага творцы, Алесь Адамовіч трапляе ў аб’ектыў фотакарэспандэнта Агенцтва друку «Новости» (АПН) Яўгена Коктыша. Як аказалася, на ўсе астатнія паўтара дзясятка гадоў адведзенага яму жыцьця.

«Мы перасякаліся на розных імпрэзах, пачынаючы дзесьці ад 1978-79 гадоў, — згадвае спадар Коктыш. — Але паваротным у прафэсійных і сяброўскіх стасунках стаў „Марш міру“ 1982 году, які стартаваў у Стакгольме і фінішаваў у Маскве. На тэрыторыі Беларусі галоўныя мерапрыемствы ладзіліся ў Хатыні. Усё падавалася зь вялікай помпай, нам нават далі верталёт, каб маглі зьняць панараму зьверху. Дык вось памятаю, Алесь Міхайлавіч на чале калёны, побач ягоная жонка Вера Сямёнаўна... Наогул магутная была падзея, мора людзей, дзясяткі тысяч. Менавіта тады мы закантактавалі асабліва».

Наступствы крытыкі мірнага атаму

Неўзабаве Яўген Коктыш разам зь вялікай здымачнай брыгадай апынуўся ў віры працэсу, які суправаджаў здымкі ў будучыні шматкроць уганараванага мастацкага фільму «Ідзі і глядзі». Яго паставіў паводле «Хатынскай аповесьці» вядомы кінарэжысэр Элем Клімаў.

Ля вясковай студні, якую капаў са стрыечным братам
Ля вясковай студні, якую капаў са стрыечным братам

Зь Нілам Гілевічам і Васілём Быкавым
Зь Нілам Гілевічам і Васілём Быкавым
На чале «Маршу міру-1982», першая зьлева -- Вера Адамовіч
На чале «Маршу міру-1982», першая зьлева -- Вера Адамовіч

«Гэта быў 1984 год, у нас з Адамовічам ужо склаліся даверлівыя адносіны, я пасьпеў неаднаразова пабываць у ягоным бацькоўскім доме ў Глушы. Таму зь вялікім задавальненьем фіксаваў антураж здымачнай пляцоўкі, хоць ад мяне Масква шмат і не патрабавала — толькі бягучыя падзеі. Тым ня меней любую нагоду выкарыстоўваў, каб зьезьдзіць у Бярэзінскі запаведнік, дзе і адбываўся ўласна працэс. А бывала, сам тэлефануе: ёсьць настрой? Якія пытаньні? З задавальненьнем! Сядаем у машыну, Адамовіч пачынае драмаць. А потым спрасонку зьнянацку як запытае нешта пра цешчу ці пра шафу, то пакуль зразумееш, што мае на ўвазе, ня ведаеш нават, як рэагаваць».

У гэты ж час кола аднадумцаў набывае больш шырокі фармат. Стрыжнем становіцца мастак Георгі Паплаўскі. Ён ілюстраваў шмат якія кнігі Алеся Адамовіча і Васіля Быкава, а значыць, наўпрост спрыяў шчыльнаму кантактаваньню мэтраў. У нейкі час, кажа Яўген Коктыш, сустрэць Алеся Міхайлавіча асобна ад Васіля Ўладзімеравіча было амаль немагчыма.

З касой каля роднай хаты ў Глушы
З касой каля роднай хаты ў Глушы
Са скульптарам Заірам Азгурам і сваяком-настаўнікам з Тычынаў
Са скульптарам Заірам Азгурам і сваяком-настаўнікам з Тычынаў
Дзень нараджэньня Алеся Адамовіча, 3 жніўня 1987 году
Дзень нараджэньня Алеся Адамовіча, 3 жніўня 1987 году

​«І з Адамовічам, і з Быкавым я падтрымліваў стасункі да канца іх дзён. Былі ўжо практычна як сваякі. Іх балячкі — гэта мае балячкі, іх праблемы ўспрымаў як уласныя. І наадварот. На лецішча, на сустрэчу, у поле — кругом разам. У гэтым сэнсе вялікая роля была Жоры Паплаўскага, які здолеў нас усіх зьяднаць, зацікавіць агульнымі інтарэсамі. Вельмі насычаны, цікавы быў час...», — падсумоўвае Яўген Коктыш.

Алесь Адамовіч — доктар філялягічных навук, прафэсар, член-карэспандэнт Акадэміі навук БССР, сябра Саюзу пісьменьнікаў, Саюзу журналістаў і Саюзу кінематаграфістаў СССР, сябра Беларускага ПЭН-цэнтру. У 1987-1994 гадах займаў пасаду дырэктара Усесаюзнага НДІ кінамастацтва, сустаршыні Міжнароднага фонду «Дапамога ахвярам Чарнобыля».

Дарэчы, тэмай «мірнага атаму» Адамовіч усхваляваўся яшчэ задоўга да Чарнобыльскай катастрофы. Так, у 1981 годзе напісаў: «На плянэце няма надпісу як на дзьвярах — „запасны выхад“. Ня будзе куды бегчы ў выпадках ядзернага пажару...».

З кінарэжысэрам Элемам Клімавым
З кінарэжысэрам Элемам Клімавым

Пад бусьлянкай
Пад бусьлянкай
З мастаком Арленам Кашкурэвічам
З мастаком Арленам Кашкурэвічам

Прадказаную самім жа трагедыю ён паставіў у адзін «пякельны ланцужок» разам з Хатыньню і Курапатамі. І цягам усёй актыўнай дзейнасьці настойваў на тым, што вінаватых трэба судзіць. «Калі не спыніць гэтую безадказнасьць, гэтую кругавую паруку і вялікую хлусьню на ўсіх узроўнях, мы не ўратуемся ні ад Чарнобыля, ні ад непазьбежных новых катастрофаў», — пісаў Адамовіч, нібыта праецыруючы позірк на атамныя пляны сёньняшняга кіраўніцтва Беларусі.

У 1987 годзе Алесь Адамовіч скончыў сцэнар «...Імя гэтай зорцы Чарнобыль» для мастацкага фільму, рэжысэрам якога павінен быў стаць знакаміты амэрыканец Стэнлі Крамэр. Сцэнар быў ухвалены кінакампаніяй Columbia Pictures, аднак з асабістых прычынаў Крамэр адмовіўся ад здымкаў і эпахальная стужка пра маштаб бяды беларускага народа так і засталася на паперы.

Вандэя беларускай памяркоўнасьці

Вайна Адамовіча працягнулася ў мірны час — зь бюракратамі, партыйнай намэнклятурай і іх ідэйнымі нашчадкамі. Яна прывяла да таго, што ён і сёньня ўспрымаецца парушальнікам спакою на абшарах ўсеагульнай стабільнасьці.

З дачкой Натальляй і жонкай Верай
З дачкой Натальляй і жонкай Верай
З «партызанамі» на здымках фільма «Ідзі і глядзі»
З «партызанамі» на здымках фільма «Ідзі і глядзі»
У згарэлым рэквізыце царквы
У згарэлым рэквізыце царквы

Як вынік, імя літаратара і грамадзкага дзеяча ўшанавана ў назьве вуліц на яго радзіме ў Глушы, а таксама ў Стоўпцах і Івацэвічах, а вось бліжэйшы такі пункт ад сталіцы — пасёлак Калодзішчы. Нават у Маскве вісіць памятная дошка на доме па Вялікім Казіхінскім завулку, дзе ён жыў, а вось у Менску пра Адамовіча стараюцца ня згадваць.

«Алесь Адамовіч увасабляе ў сабе генафонд нашай гаротнай і ўзьнёслай нацыі», — сказаў аднойчы пра сябра Васіль Быкаў, чыя памяць у Беларусі, дзеля справядлівасьці, «адзначана» аналягічным чынам.

«Такое стаўленьне да асобы Адамовіча і зьдзіўляе, і не, — кажа Яўген Коктыш. — У нейкім сэнсе гэта плата за «вандэю перабудовы» — артыкул у часопісе «Огонёк», у якім ён ацаніў палітычную сытуацыю ў Беларусі. Яшчэ жывыя тыя, хто баяўся адказнасьці за свае чорныя справы. Яны, дарэчы, зрабілі ўсё, каб ня даць яму і Клімаву Ленінскую прэмію... Тым ня меней, я перакананы: гісторыя ўсё паставіць на свае месцы — і па Адамовічу, і па Быкаву. Проста пакуль каціцца па інэрцыі — як бы чаго не выйшла. Але гэта магутнейшыя постаці нашай культуры, грамадзкага жыцьця. Як існуе тандэм Купалы і Коласа, гэтак жа для мяне непарыўныя Адамовіч і Быкаў. Пройдзе час і ўсё ўсталюецца...»

Сьвежая бульба пры дарозе
Сьвежая бульба пры дарозе
Імянны дубок у Забродзьдзі
Імянны дубок у Забродзьдзі
На здымках у Бярэзінскім запаведніку
На здымках у Бярэзінскім запаведніку

У 1993 годзе, як аказалася, ужо ў канцы свайго жыцьця, Алесь Адамовіч падпісаў знакаміты «Ліст 42-х» дзеячоў культуры за неабходнасьць дэмакратычных пераўтварэньняў, чым яшчэ больш абвастрыў дачыненьні з уладнымі вярхамі як у Маскве, так і ў Менску.

А 26 студзеня 1994-га, неўзабаве пасьля выступу ў Вярхоўным судзе Расеі з прамовай у абарону маёмасных правоў Саюзу пісьменьнікаў і Літфонду, Алесь Адамовіч памёр ад другога інфаркту.

Яўген Коктыш перакананы: Адамовічу ня варта было ехаць у Маскву, якая яго «праглынула і перамалола». Паводле суразмоўцы, такога ж гледзішча трымаўся і Васіль Быкаў.

За працай
За працай
З унучатымі пляменьнікамі Жэнем і Сярожам
З унучатымі пляменьнікамі Жэнем і Сярожам

Лыжныя працэдуры
Лыжныя працэдуры

«На Маскву яго фактычна ўгаварыў Клімаў. Тады, памятаю, пасадзіў Быкава ў машыну, і мы паехалі праводзіць сябра на вакзал. Кажу па дарозе: „Васіль Уладзімеравіч, страцім Алеся Міхайлавіча...“. Быкаў памаўчаў, а потым кажа: „Адамовіч — гэта генэратар-акумулятар. Калі ў мяне праблемы, калі мяне цкуюць, я зашываюся ў куточак — і ў мяне нараджаецца новае апавяданьне. Алесю ж трэба выступаць на людзях. Пазбавіць яго аўдыторыі — гэта падобна катастрофе...“. Сапраўды, Адамовіч зараджаўся ад такіх публічных прамоваў, пасьля чаго выдаваў трапныя тэксты. Сапраўдны генэратар-акумулятар...»

Апошні прытулак Глушы

На пачатку студзеня 1994 году, на праваслаўныя Каляды, Алесь Адамовіч прыехаў у Менск. Узяў удзел у Сойме Беларускага Народнага Фронту, сустрэўся зь сябрамі, наведаў родную Глушу. Там пабываў на магілах бацькоў і брата, які памёр за два гады да таго. І паказаў месца побач зь Яўгенам, дзе хацеў бы ляжаць пасьля сьмерці. Праз два тыдні яго ня стала...

Тры гады таму там жа знайшла вечны спачын Вера Адамовіч, жонка і незаменная памочніца свайго мужа і аднадумца. Бацькоўскую справу сёньня працягвае дачка Натальля.

Зь сябрам і паплечнікам Васілём Быкавым
Зь сябрам і паплечнікам Васілём Быкавым
Рукапацісканьне аднадумцаў
Рукапацісканьне аднадумцаў
У Доме літаратара
У Доме літаратара

«Амаль паўтара дзясятка гадоў мы былі ў прыцэле бачнасьці адзін аднаго, — гаворыць Яўген Коктыш. — Супольна з Уладзімерам Бойкам зрабілі фотаальбом пра Адамовіча з маімі ілюстрацыямі. Усе пагадзіліся, што ў прысьвячэньні павінны быць словы Быкава. На жаль, не пасьпелі, ня стала і Васіля Ўладзімеравіча... Усе апошнія падзеі адбываліся на маіх вачах — 60-годзьдзе, сямейныя сьвяты, афіцыйныя мерапрыемствы. Любая паездка ў Глушу — гэта цэлая падзея. Выяжджалі ўсёй сям’ёй — Вера Сямёнаўна, дачка Наташа. А то сам тэлефануе: „Жэня, у нас тут Купальле! Ты дзе?“ — „Зараз буду!“. У машыну, яшчэ каго за кампанію — і туды. Ну і здымаў, мне было цікава...»

Са старэйшым братам Яўгенам
Са старэйшым братам Яўгенам
З дачкой і пляменьніцай
З дачкой і пляменьніцай
Творчы працэс
Творчы працэс

Апошні твор, які выйшаў пры жыцьці Алеся Адамовіча, — гэта аповесьць-успамін 1993 году «Vixi» («Пражытае»). Пісьменьнік, нібы прадчуваючы хуткую разьвязку, падводзіць вынікі свайго жыцьця, глядзіць на сябе збоку, ацэньваючы строга і адначасова з доляй самаіроніі.

А практычна за тыдзень да сьмерці пасьпеў перадаць у часопіс «Нёман» рукапіс твору «Падарожжы зь Менску ў Маскву і назад» — кнігі вострай і надзённай, якая прымушае думаць і аналізаваць. Зрэшты, як і ўся творчасьць вялікага пісьменьніка...

У вёсцы з Элемам Клімавым
У вёсцы з Элемам Клімавым
Зь землякамі ў Глушы
Зь землякамі ў Глушы
Водны прамэнад. Другі зьлева — Яўген Коктыш
Водны прамэнад. Другі зьлева — Яўген Коктыш

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG