Юры Бохан — беларускі гісторык і археоляг, доктар гістарычных навук. Нарадзіўся ў Менску 21 лютага 1966 году. Дасьледаваў урбаністычнае разьвіцьцё, узбраеньне і арганізацыю войска, шляхецкі побыт у Вялікім Княстве Літоўскім.
Адзін з аўтараў кніг «Археалёгія Беларусі» (т. 4, 2001), «Гісторыя Беларусі» (т. 3, 2004).
Памёр 13 красавіка 2017 году.
Гісторык Аляксандар Краўцэвіч сказаў Свабодзе: «Сумная навіна. Я ведаў Юрася з часоў студэнцтва. Я быў апанэнтам на абароне яго кандыдацкай дысэртацыі.
Апроч таго, што Юрась быў выбітны спэцыяліст па вайсковай справе ВКЛ, ён яшчэ быў вельмі сумленным і прыстойным чалавекам. Ён ніколі не ішоў на службу ідэалёгіі. Ён трымаўся чысьціні навукі.
Толькі даведаўся пра гэтую сьмерць, не магу асэнсаваць да канца».
Мікола Волкаў, гісторык:
«Юры Бохан — фактычна заснавальнік гістарычнага збраязнаўства ў Беларусі. Ён стварыў цэлую школу.
Я быў яго вучнем. Я практычна апошні, хто ў яго абараніў кандыдацкую дысэртацыю. Гэта быў вельмі шляхотны чалавек, які, нягледзячы на свае рэгаліі, паводзіўся з усімі прыязна і адкрыта, без фанабэрыі.
Гэтая сьмерць — вялікая страта для беларускай навукі».