Паводле вынікаў апытаньня, праведзенага Квініпэкскім унівэрсытэтам у ЗША, 75% амэрыканцаў ацэньваюць сваё фінансавае становішча як добрае або выдатнае.
ЗША
Кепскім свой фінансавы стан назвалі 8% амэрыканцаў, ня надта добрым — 14%, добрым — 58%, выдатным — 17%. Пры гэтым прыхільнікі Рэспубліканскай партыі значна часьцей казалі пра выдатны фінансавы стан, чым прыхільнікі Дэмакратычнай (такіх 24% сярод рэспубліканцаў і 14% сярод дэмакратаў), жанчыны ў сярэднім лічаць сябе бяднейшымі (пра добрыя або выдатныя фінансы казалі 71% амэрыканак і 80% амэрыканцаў).
Апошнім часам задаволенасьць фінансавым становішчам у ЗША крыху расьце. Так, у красавіку 2017 году толькі 13% казалі пра выдатнае становішча, 63% пра добрак, 17% пра ня надта добрае, 7% пра кепскае.
Пры гэтым 41% апытаных лічыць, што за цяперашні эканамічны стан Штатаў больш адказны папярэдні прэзыдэнт Барак Абама, 48% — што цяперашні прэзыдэнт Дональд Трамп. 51% ухваляе эканамічную палітыку Трампа, але ў прынцыпе ўсю ягоную дзейнасьць на пасадзе прэзыдэнта ўхваляе толькі 40%.
Паводле амэрыканскага Бюро працоўнай статыстыкі (PDF), мэдыянны заробак у Злучаных Штатах складаў на IV квартал 2017 году 857 даляраў на тыдзень (каля 3700 даляраў на месяц).
Беларусь
Зьвестак пра актуальныя на 2018 год думкі беларусаў пра іхны фінансавы стан няма. Найбольш сьвежыя дадзеныя прыводзяцца ў зборніку «Белстату» пра сацыяльнае становішча і ўзровень жыцьця беларусаў у 2017 годзе, і то зьвесткі пра меркаваньні аб узроўні жыцьця тычацца 2016 году.
Тады, у 2016 годзе, 4,5% беларусаў ацэньвалі сваё фінансавае становішча як кепскае, 26,9% — як ніжэйшае за сярэдняе, 65,5% — як сярэдняе, і 3,1% — як вышэйшае за сярэдняе. Гэта значыць, сумарна 68,6% не лічылі сваё фінансавае становішча горшым за сярэдняе.
Ды справа ў фармулёўцы. Калі пытаньне было пра незадаволенасьць узроўнем грашовых даходаў, толькі 15,7% хатніх гаспадарак (прыводзяцца лічбы не па людзях, а менавіта па гаспадарках) заявілі ў 2016 годзе, што даходамі не задаволеныя.
Ці то шмат беларусаў задаволеныя тым, што маюць ніжэйшыя за сярэднія даходы, ці то бедныя беларусы жывуць у значна больш шматлюдных сем’ях за багатых (у гаспадарках з аднаго чалавека 12,7% былі незадаволеныя, з двух і больш дарослых безь дзяцей — 12,4%, у гаспадарках зь дзецьмі да 18 гадоў — 21%, у гаспадарках толькі з пэнсіянэрамі — 7,7%).
Мэдыянны заробак у Беларусі (які публікуюць рэдка, у адрозьненьне ад сярэдняга) складаў на лістапад 2017 году 635,4 рубля на месяц, або (паводле сярэднямесячнага курсу Нацбанку Беларусі на той момант) 318,6 даляра, што ў 11,6 раза менш за аналягічны амэрыканскі паказьнік.
Кожнае дзясятае дзіця ў Беларусі жыве за мяжой беднасьці
Незалежных зьвестак пра ацэнку дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта Беларусі няма пасьля «выгнаньня» НІСЭПД. У чэрвені 2016 году Лукашэнку, паводле аднаго з апошніх апытаньняў НІСЭПД, давяралі толькі 38,6% беларусаў, і шмат у чым беларусы не пагаджаліся з Лукашэнкам.
Дзяржаўны Інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце пытаўся беларусаў пра давер ураду, войску, міліцыі, БРСМ і іншым, але пра Лукашэнку не пытаўся (так ці іначай, у іхным апытаньні 16,5% заявілі, што выпісваюць пэрыядычныя выданьні на трасянцы, хоць такіх у Беларусі не існуе).