Ці існуе сёньня пагроза беларускай незалежнасьці? Ад каго ці ад чаго яна паходзіць? З такімі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.
Your browser doesn’t support HTML5
Хлопец: «Не, нічога нам не пагражае. Па-першае, мы ў цэнтры Эўропы і праз нас праходзяць усе шляхі і камунікацыі. А па-другое, мы сябруем з Расеяй, а на сусьветнай арэне Расея сёньня мае сваю вагу...»
Спадар: «Як бы гэта правільна патлумачыць? Калі казаць па-простаму: у нас „усё схвачана“, гэта значыць — усё кантралюецца. Калі параўноўваць сытуацыю зь іншымі краінамі, то ў некаторых стала так горача, бо ў іх было зашмат бандытаў на кожным рагу, а ў нас ён адзін...»
Спадар: «Сур’ёзнай пагрозы ня бачу. Ня ведаю чаму. Магчыма, наша Горадня — спакайнейшы горад, магчыма, у Менску гэта адчуваецца па-іншаму. Ёсьць, вядома, складанасьці і з Расеяй, і з Украінай, з краінамі Захаду. Але пагрозы пакуль не адчуваецца».
Хлопец: «На маю думку, на нас ніхто не нападзе. Але чаму так — патлумачыць не магу. Хоць тое, што цяпер адбываецца ва Ўкраіне, сьведчыць пра тое, што ніхто ня ведае, як там будзе далей...»
Дзяўчына: «Я лічу, што Беларусь застанецца надалей незалежнай краінай і ў яе няма такіх пагрозаў. Мы не канфліктуем зь іншымі краінамі, праводзім міралюбівую палітыку і ў той самы час імкнёмся адстойваць сваю пазыцыю. Таму я лічу, што нам нічога не пагражае».
Ейная сяброўка: «Я цалкам з гэтым згодная, і мне нават няма чаго дадаць».
Спадар: «Я думаю, што пагроза яшчэ існуе, і прычым адкуль заўгодна. Тая самая Амэрыка можа напасьці, бо яна паўсюль лезе. Я бачу, як гэта адбываецца ва Ўкраіне. А таму войска трэба трымаць на вышыні».
Спадар: «Думаю, што такое нам не пагражае. У Беларусі ўсё ціха і спакойна і нават не адчуваецца ніякай небясьпекі...»