Атрад «Пагоня» прыпыняе ўдзел у ваенных дзеяньнях

Атрад «Пагоня» пераўтвараецца ў Грамадзкі сэктар Атраду «Пагоня», які павінен абʼяднаць і былых байцоў «Пагоні», і валянтэраў, якія дапамагалі атраду, і беларусаў, якія ня мелі раней дачыненьня да атраду.

Пра гэта паведамляецца ў заяве, якую распаўсюдзіў атрад «Пагоня».

«Спыненьне поўнамаштабных ваенных дзеяньняў на Ўсходзе Ўкраіны прымусіла нас, беларускіх добраахвотнікаў Атраду „Пагоня“, перагледзець сваю ролю ў гэтай вайне. Мы прыпыняем удзел у ваенных дзеяньнях і ствараем арганізацыю „Грамадзкі сэктар Атраду "Пагоня"“, якая ў першую чаргу будзе займацца рознабаковай дапамогай беларускім добраахвотнікам.

Ужо зразумела, што канфлікт на Данбасе замарожваецца. Масква ня можа ні наступаць, ні адступаць. Новая хваля маштабнай эскаляцыі малаверагодная: у Расеі няма рэсурсаў, улічваючы, што войска Ўкраіны за два гады стала нашмат больш прафэсійным і здольным нанесьці ворагу вялікія страты. Пры гэтым беларусы, які хацелі атрымаць баявы досьвед для далейшай абароны Беларусі, яго за гэты час змаглі атрымаць», – гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы «Пагоні».

Як падкрэсьліваецца ў заяве, практычны сэнс удзелу беларусаў у вайне зьменшыўся, але цяпер патрэбная дапамога беларускім добраахвотнікам, якія ваявалі на баку Ўкраіны. Таксама Грамадзкі сэктар Атраду «Пагоня» будзе займацца інфармацыйнай дзейнасьцю.

«У выпадку ж, калі нашая дапамога зноў спатрэбіцца Ўкраіне, мы гатовыя ўзяць зброю ў рукі і дапамагчы братэрскаму народу», – сьцьвярджаюць у «Пагоні».