Лукашэнка не абвясьціў рэфэрэндум праз пагрозу «армянскага сцэнару» ў Беларусі, — Статкевіч

Мікола Статкевіч, архіўнае фота

Мікола Статкевіч, адзін зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу, мяркуе, што Аляксандар Лукашэнка прынамсі часова адмовіўся ад плянаў па зьмене Канстытуцыі праз рэфэрэндум пасьля падзеяў у Армэніі.

«Я вельмі ўсьцешаны, што спадар Лукашэнка кардынальна памяняў свае пляны і не наважыўся абвяшчаць рэфэрэндум, — кажа Мікола Статкевіч Свабодзе. — Я думаю, гэта ў меншай ступені заслуга Рады БНК, якая заявіла пра рашучасьць узначаліць пратэсты супраць рэфэрэндуму, а ў большай ступені заслуга армянскага народу, які паказаў, што бывае ў такіх выпадках, і даў прыклад беларускаму народу».

Найперш Статкевіч удакладняе: учорашняя заява БНК не была ягоным асабістым прагнозам, а менавіта ўхваленым радай руху папярэджаньнем — аб плянах Лукашэнкі па рэфэрэндуме і аб гатоўнасьці БНК да пратэстаў.

Your browser doesn’t support HTML5

Пратэстоўцы на плошчы ў Ерэване — відэа з дрона

Паводле той заявы, «з розных крыніц», у тым ліку ва ўладзе, стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка мае намер вынесьці на рэфэрэндум пытаньні аб падаўжэньні прэзыдэнцкага тэрміну да 7 гадоў (і, адпаведна, «перазапуск» прэзыдэнцкіх тэрмінаў) і скасаваньня сьмяротнага пакараньня (у якасьці «дымавой заслоны» да першага пытаньня).

Але ўжо ўвечары — пасьля зыходу з пасады прэм’ера Армэніі — Статкевіч казаў «Белсату», што прыклад армянскіх пратэстаў спыніць Лукашэнку.

Яшчэ не канец. Лідэр пратэсту ў Армэніі агучыў далейшы плян апазыцыі

Статкевіч мяркуе, што калі б рэфэрэндум быў абвешчаны, вынікі маглі б ператварыць Беларусь з «імітацыйнай дэмакратыі ў манархію» і «запусьціць непрадказальныя працэсы ў грамадзтве і вакол краіны». Ён адзначае, што пратэсты ў Армэніі былі ня супраць зьмены сыстэмы ўлады з прэзыдэнцкай на парлямэнцкую, а праз «гэты фінт», калі былы прэзыдэнт меў стаць прэм’ерам з амаль тымі самымі паўнамоцтвамі.

Такая «правакацыя супраць грамадзтва» абурыла армянаў — і такой самай «калясальнай правакацыяй» маглі бы стаць у Беларусі намеры Лукашэнкі падоўжыць свае паўнамоцтвы і «абнуліць» прэзыдэнцкі тэрмін.

Рэфэрэндум у Беларусі падняў бы пратэстныя настроі да «нязьведаных намі велічыняў», мяркуе Статкевіч, але Лукашэнка да армянскіх падзеяў спадзяваўся, што «апазыцыя ўзятая пад кантроль» і што рэфэрэндум атрымаецца правесьці без пратэстаў.

«А то будзе, як у Армэніі». Што Лукашэнка казаў пра армянскую «аксамітную рэвалюцыю»

Цяперашняя «перамога без барацьбы» — толькі праз рашучасьць да пратэсту і прыклад Армэніі — толькі лякальная, дадае ён: «не дапусьцілі яшчэ большага пагаршэньня сытуацыі». Ды й да ідэі рэфэрэндуму Лукашэнка можа вярнуцца празь нейкі час.

Цяпер, кажа Статкевіч, трэба «быць пільнымі» і працаваць над паляпшэньнем сытуацыі празь мірны негвалтоўны ціск — «стратэгіі, што перамагла ў Армэніі».

Ледзяная вайна і нашая віна ў армянскай рэвалюцыі: 15 цытатаў Лукашэнкі са звароту да дэпутатаў і народу