Паводле зьвестак Белстату, сярэдні налічаны заробак у Беларусі ў красавіку ўпаў адносна сакавіка ў рублёвым вымярэньні на 0,63%. Але калі пераводзіць у даляры, то адразу на 2,74%.
У красавіку сярэдні намінальны налічаны заробак склаў 921 рубель супраць 926,8 рубля месяцам раней. Паводле сярэднямесячнага курсу Нацбанку, у красавіку сярэдні заробак быў роўны 460 даляраў і 43 цэнты (у сакавіку было 473,39 даляра).
Найбольшы налічаны заробак, як звычайна, мелі ў ІТ-галіне — 3699,3 рубля ў красавіку. Найменшы — 474,8 рубля — у цырульнях і салёнах прыгажосьці.
Аршанца аштрафавалі на 490 рублёў за плякат «Па 500 тут няма»
Паводле Белстату, рэальныя даходы вырасьлі за год на 12,7%. Але рэальныя заробкі значна меншыя за намінальныя налічаныя — трэба адымаць падаткі і зборы. «Па пяцьсот» даляраў рэальных даходаў у Беларусі выходзіць не на чалавека, а на сям’ю — на чалавека ўсяго «па пяцьсот» рублёў.
Аляксандар Лукашэнка больш за дзесяць гадоў абяцае беларусам заробкі «па пяцьсот» даляраў (або 1000 рублёў), маючы на ўвазе не рэальныя даходы, а сярэднія налічаныя (нават не мэдыянныя) заробкі — той паказьнік, які ня ўлічвае наступную выплату падаткаў і збораў. Нават з такой папраўкай «па пяцьсот» атрымліваецца даволі рэдка.