Прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў прызнаў, што ў Беларусі зноў ня выканалі заданьне Аляксандра Лукашэнкі па давядзеньні сярэдняга заробку да 1000 рублёў (Лукашэнка абяцае заробкі «па пяцьсот» даляраў ужо больш за 10 год) – у сакавіку паказьнік быў роўны 927 рублёў, піша БЕЛТА.
«Сёньня [на нарадзе ў Лукашэнкі] рабіўся большы ўпор на тыя арганізацыі, якія маюць значныя адхіленьні ад паказьніка ў тысячу рублёў, — казаў Андрэй Кабякоў. — Павінны быць рэалізаваныя меры па тых прадпрыемствах, дзе зарплата 300-400 рублёў, якія б дазволілі ім забясьпечыць пры апераджальных тэмпах росту прадукцыйнасьці працы адпаведны рост заробкаў».
Колькі цяпер такіх прадпрыемстваў і колькі там працуе людзей, Кабякоў не сказаў. Паводле зьвестак Белстату, на лістапад 2017 году менш за 300 рублёў заробку атрымлівалі 9,6% беларусаў, яшчэ 12,1% беларусаў мелі 300–400 рублёў заробкаў. Мэдыянны заробак (гэта значыць, не сярэдні з усіх заробкаў, а заробак сярэднестатыстычнага беларуса) быў роўны 635,4 рубля.
Аляксандар Лукашэнка на нарадзе 3 траўня казаў, што заробкі павінны расьці, бо «мы ня можам у чорным целе трымаць народ». Таксама ён абураўся неэфэктыўнасьцю дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемстваў, але саму падтрымку казаў не скасоўваць.
«Мы ня бачым абяцанага эфэкту ў поўным аб'ёме ад раней аказанай дзяржпадтрымкі, – абураўся Лукашэнка. – Нам патрэбныя прадпрыемствы, якія жывуць без сталага падсілкоўваньня з дзяржбюджэту. Такім чынам мы прывыклі забіраць грошы настаўнікаў і лекараў і накіроўваць іх туды, дзе яны павінны зарабляцца і наадварот накіроўвацца ў бюджэт».
За дзень да гэтага Лукашэнка сказаў, што патрабаваньне росту заробкаў гэта «не папулізм», але заявіў пра недапушчальнасьць «зряплаты». У той жа дзень Нацбанк заявіў пра штучны рост заробкаў беларусаў, які паскарае інфляцыю.