Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аграгарадок Вярхоўе: камунальнікі ня дбаюць пра жыхароў, бо «ім усё адно няма чым плаціць за кватэру»


Жыхары аграгарадка скардзяцца на аварыйны стан гаўбцоў, на халадэчу ў пад’ездах, адсутнасьць гарачай вады і ямы на дарогах ля пад’ездаў. Але ў адказ атрымліваюць або пустыя абяцаньні, або папрокі: хто мае пэрыядычныя пазыкі за квартплату, той мусіць цярпець і маўчаць.

Гаспадарку трымаць забаранілі, а працы няма

Пра тое, што Вярхоўе — гэта аграгарадок у Бешанковіцкім раёне, сьведчыць хіба толькі расфарбаваны камень на ўезьдзе ў мястэчка. Яно больш нагадвае нейкую ўскраінную вёску, да якой у старшыні сельсавету «не даходзяць рукі».

Вярхоўе, камень пры ўезьдзе ў аграгарадок
Вярхоўе, камень пры ўезьдзе ў аграгарадок

Зрэшты, жыцьцё ў Вярхоўі яшчэ горш, чым у якой-небудзь вёсцы, гаворыць мясцовы жыхар Сяргей Кавалеўскі:

«У нас была сьвінафэрма, але яе зьнішчылі колькі год таму, бо сказалі — эпідэмія сьвіной чумы. Працаваць няма дзе і ўласных сьвіней трымаць нельга, забараняюць празь небясьпеку той самай чумы. Вунь хлеўчукі стаяць пустыя, а трымаць можна толькі курэй. Яны й пасьвяцца ў двары нашых трохпавярховікаў. А што рабіць? Неяк жа жыць трэба. І так не жыцьцё, а пакута!

Сяргей Кавалеўскі
Сяргей Кавалеўскі

Яшчэ адна бяда для Сяргея Кавалеўскага — адсутнасьць гарачай вады. І ня толькі для яго, а для ўсіх жыхароў трохпавярховікаў 26А і 26Б па вуліцы Савецкай. Бо ўзімку, пакуль ёсьць ацяпленьне, гарачая вада ёсьць штодня, а з красавіка па кастрычнік — толькі па пятніцах і суботах. І тоепару гадзін у дзень. Дый награецца далёка не адразу, кажа спадар Сяргей.

На гаўбец страшна выйсьці, а ў пад’езд — зайсьці

Пра тое, што ў аграгарадку жыцьцё не адпавядае сучаснаму статусу Вярхоўя, гаворыць і мясцовая жыхарка Сьвятлана Арцюх. У мястэчку нядаўна зачынілі аддзяленьне банку, вядзецца гаворка пра закрыцьцё школы, дарогі спрэс у ямах ды выбаінах. Але самае страшнае для спадарыні Сьвятланы — гэта выходзіць на гаўбец сваёй кватэры, які ўжо шмат гадоў у аварыйным стане.

Сьвятлана Арцюх
Сьвятлана Арцюх

«Наш дом збудаваны ў 1980-м, рамонту тут ніколі не было. Гаўбцы парасьлі мохам і цьвільлю, падлога раскрышылася да арматуры. Мы зьвярталіся ў Бешанковіцкую службу ЖКГ, і да самога Лукашэнкі! Няхай бы прыехаў ды паглядзеў, як людзі жывуць у хвалёных аграгарадках! У пад’езьдзе вокны разваліліся, дык пасьля нашых скаргаў паставілі іншыя — толькі ня новыя, а такія самыя, ламаныя. Шчыліны ў сьценах такія, што палец улазіць. Мы стараемся глядзець за парадкам у доме, у двары, але ж гэта немагчыма ў такіх умовах!» — ледзь ня плача гаспадыня.

Яшчэ адзін мясцовы «актывіст» — з тых, што не баяцца скардзіцца на праблемы — гэта інвалід першай групы Пётар Яначкін. Ён перасоўваецца выключна на вазку, але ў пад’езьдзе нехта зламаў самаробны пандус.

Пётар Яначкін
Пётар Яначкін

«Я прасіў у ЖКГ, каб яго адрамантавалі, ён жа з дошак зроблены, на гэта шмат грошай ня трэба. Не, ніхто не варушыцца. Прасіў, каб наладзілі ацяпленьне ў пад’езьдзе, дом жа гніе! Каб рамонт дарогі ў двары зрабілі, прасіў. Бо не праеду ж на вазку... Дык дасылаюць адны абяцанкі. Калі ім верыць, то ўсё мусілі зрабіць і адрамантаваць яшчэ ў 2017-м годзе. А дагэтуль нічога ня зроблена», — скардзіцца сталы хворы чалавек.

«Нас папракаюць даўгамі за квартплату, але ці ж мы вінаваты, што зарабіць ня можам?»

Абяцаньні засталіся нявыкананымі. Стаўленьне раённай службы ЖКГ да просьбаў насельнікаў Вярхоўя вельмі своеасаблівае. Загадчыца аддзелу ЖКГ Бешанковіцкага раёну Натальля Аўчыньнікава лічыць, што для жыхароў так лепей:

«Вось яны скардзяцца, а ў іх запазычанасьць па аплаце кватэры. Калі ім даць гарачую ваду штодня, ці будуць яны за яе плаціць? Ня будуць! Якія могуць быць рамонты? Мы сьцены ў пад’ездах пафарбавалі, рамы памянялі».

Спрэчкі незадаволеных жыхароў Вярхоўя з камунальнікамі працягваюцца ўжо ня першы год. Чыноўнікі пагражаюць, што забяруць дзяцей у самых актыўных скаржнікаў, калі тыя асьмеліліся наракаць на кепскія бытавыя ўмовы ды несвоечасова плацяць за кватэру.

Сьвятлана Арцюх, якая асабіста атрымала такое папярэджаньне, толькі плача ад крыўды: працы ў аграгарадку практычна няма, а калі ёсьць — то заробкі ня больш за 200 рублёў.

Вярховенцы прасілі мясцовыя ўлады, каб ім дазволілі ўзараць кавалачак зямлі каля трохпавярховікаў ды пасадзіць пад вокнамі гародніну — усё нейкі прыбытак у гаспадарцы. Але ім сказалі, што нельга: тут ня вёска, каб садзіць гароды. Тут — аграгарадок.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG