Першы намесьнік дырэктара Нацыянальнага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Аляксандар Уласюк пры прэзыдэнце Ўкраіны заяўляе, што расейская эканоміка, нягледзячы на крызісныя зьявы, прыстасавалася да новых умоваў і здатная падтрымліваць гібрыдныя канфлікты.
«Эканамічная палітыка Расейскай Фэдэрацыі ўлічвае сытуацыю эканамічнага зьнясіленьня і гатовая да дасягненьня палітычных мэтаў. Іншымі словамі, эканоміка Расеі мае дастатковы патэнцыял для шматгадовай ізаляцыі, а такім чынам застаецца значны рэсурс для падсілкоўваньня гібрыдных канфліктаў і ня толькі на тэрыторыі Украіны», — сказаў Аляксандар Уласюк сёньня ў Кіеве выступаючы на міжнароднай канфэрэнцыі «Трэнды расейскай эканомікі: высновы для Украіны і Захаду».
Паводле яго слоў, эканоміка Расеі прызвычайваецца да санкцый Захаду і пачынае ўспрымаць новыя ўмовы функцыянаваньня. Але, адзначыў экспэрт, ва ўмовах падзеньня валавога ўнутранага прадукту, скарачэньня экспарту і заблякаванага выхаду на ўсясьветны рынак замежных запазычаньняў, Расея зьберагла 15-ю пазыцыю ў сьвеце сярод экспартэраў.
«Расея захоўвае станоўчае сальда ў зьнешнім гандлі. Гэта сьведчыць, што Расея мае надзейныя каналы прытоку валюты, што дазваляе ў поўнай меры ўраўнаважваць праблемы адтоку капіталу. Апроч таго, Расея таксама захавала геаграфічную структуру экспарту, у тым ліку ў краіны Эўразьвязу — гэта Нідэрлянды, Італія, Нямеччына, — менавіта адтуль раздаюцца галасы пра неабходнасьць скасаваньня санкцый», — паведаміў Аляксандр Уласюк.
Паводле экспэрта, Расея таксама працягвае ўплываць на ўкраінскую эканоміку, а гэта значыць, што застаецца магчымасьць яе дэстабілізацыі сытуацыі звонку.
«Існуе высокая верагоднасьць дэстабілізацыі ўкраінскай банкаўскай сыстэмы як у выніку разгортваньня банкаўскага крызісу ў Расеі, гэтак і шляхам рашучых дзеяньняў. Гэта можа быць вывядзеньне расейскага банкаўскага капіталу, банкруцтва даччыных банкаў і блякаваньне працы прадпрыемстваў. Паводле экспэртных ацэнак, частка расейскага капіталу ў украінскай сыстэме складае 15% ад усіх актываў, а таксама 18% крэдытнага партфэлю юрыдычных і фізычных асоб», — адзначыў украінскі эканаміст.