Экспэрты з Расеі і Ўкраіны ў інтэрвію Свабодзе ацэньваюць, як паўплывае эканамічны крызіс у Расеі на беларускую эканоміку і на Мытны саюз.
Мытны саюз не разваліцца, але замарудзіцца, — Травін
Расейскі эканаміст, прафэсар факультэту эканомікі Эўрапейскага ўнівэрсытэту ў Санкт-Пецярбурзе Дзьмітрый Травін прагназуе замаруджваньне інтэграцыі ў рамках Мытнага Саюзу праз эканамічны крызіс у Расеі.
«Агульная крызісная сытуацыя, калі Расея ўвайшла ў крызіс, а цяпер і стагнацыю, азначае павольнае разьвіцьцё Мытнага саюзу наагул. Ён будзе існаваць, не разваліцца, але, на маю думку, любая інтэграцыя лепей, чым аўтаркія, замкнёнае існаваньне эканомік», — сказаў Дзьмітрый Травін у размове з карэспандэнтам радыё Свабода ў Кіеве ў часе міжнароднай канфэрэнцыі «Трэнды расейскай эканомікі: высновы для Ўкраіны ды Захаду».
У той жа час, паводле яго словаў, нягледзячы на крызіс, расейскі рынак застаецца ёмістым і гэта можа выкарыстаць Беларусь.
«Для Беларусі, вядома, магчымасьць пастаўляць тавары на расейскі рынак — гэта добрая магчымасьць. Але, відавочна, што прысутнічае яшчэ і кантрабанда, калі пастаўляецца забароненая эўрапейская прадукцыя пад выглядам беларускай, хаця гэта мая ацэнка і я ня маю юрыдычных доказаў. Але бізнэс зарабляе на такіх паўлегальных пастаўках, а расейскі бізнэс, які легальна імпартаваў прадукцыю з Эўропы, цяпер прайграе, таму што ня можа займацца такімі пастаўкамі», — мяркуе экспэрт.
У той жа час Дзьмітрый Травін падкрэсьліў, што ў стратэгічным пляне нармальна можа разьвівацца толькі тая эканоміка, якая працуе не ў абыход законаў, і можа прыцягваць інвэстыцыі.
«Вось з гэтым будуць праблемы ў Мытнага саюзу наагул, таму што і ў Расеі ёсьць праблемы з абаронай уласнасьці, і думаю, што і ў Беларусі яны ёсьць. Адпаведна рынак Мытнага Саюзу становіцца менш прывабным, бо ён будзе стагніраваць, і гэта адабʼецца на ўсіх», — адзначыў расейскі эканаміст.
Мытны саюз насамчрэч не існуе, а Беларусь мяняе палітыку, — Агрызка
У той жа час кіраўнік Цэнтру дасьледаваньняў Расеі, былы міністар замежных спраў Украіны Ўладзімір Агрызка перакананы, што Мытны Саюз зьяўляецца залежным хутчэй ад палітычных, чым эканамічных фактараў.
«Гэтага саюзу насамрэч не існуе. Калі паміж трыма яго ўдзельнікамі адбываюцца сталыя спрэчкі наконт забароны экспарту, то, верагодна, гэтая ідэя ўжо неактуальная нават для іх. Я б наагул не разглядаў бы Мытны саюз, як значную эканамічную структуру. Бо гэта выключна расейскі праект, мэтаю якога было прывязаць эканоміку Казахстану ды Беларусі да расейскай і аднавіць такі сабе ўласна Савецкі Саюз. Таму мне здаецца, што гэтая тэма не актуальныя з эканамічнага пункту гледзішча», — патлумачыў Уладзімер Агрызка.
Апроч таго, экс-міністар замежных спраў Украіны мяркуе, што цяпер Беларусь зьмяняе сваю замежную палітыку.
«Мне здаецца, што ў Беларусі пачынаюцца вельмі важныя тэндэнцыі, калі краіна пачынае разумець, што знаходзіцца ў фарватэры выключна Расеі — гэта шкодзіць сабе, і палітычна, і эканамічна. Невыпадкова мы назіраем, што Эўрапейскі Зьвяз паслабляе санкцыі, што павялічваецца абʼём беларуска-эўрапейскага гандлю. Мне здаецца, што мы ва Ўкраіне маем працаваць над тым, каб павялічваўся ня толькі ўзаемны тавараабмен, а і павялічвалася палітычная складовая ўкраінска-беларускай супрацы. Гэтаму будзе супрацьстаяць Пуцін, ён будзе намагацца зрабіць усё, каб збліжэньня па лініях „Украіна-Беларусь“, „Беларусь-Эўразьвяз“ не адбылося. Але ня ўсё ў ягоных руках. Мы маем выкарыстаць усе нашыя магчымасьці», — заявіў Уладзімер Агрызка.