Яраслаў Драгун з Рэчыцы аштрафаваны на неназваную суму паводле артыкулу 9.22 КаАП РБ «Парушэньне заканадаўства аб мовах», перадае «Наша Ніва». У ліпені ў камэнтарах «УКантакце» ён назваў беларускую мову «дзікай сумесьсю расейскай, украінскай і польскай».
Заяву ў Рэчыцкі райвыканкам на Драгуна напісаў юрыст Ігар Случак, а райвыканкам у жніўні накіраваў запыты ва ўстановы адукацыі і экспэртныя ўпраўленьні, каб атрымаць неабходныя заключэньні. Урэшце ў верасьні Случаку адказалі, што на Драгуна накладзена адміністрацыйнае спагнаньне.
Случак мяркуе, што Драгун прызнаў сваю віну, бо пастанову выносіў райвыканкам, а ня іншая ўстанова, а калі ён сапраўды прызнаў віну, пакараньне мае быць мінімальным.
Пасьля скаргаў Случака ўжо чатыры разы людзей прызнавалі вінаватымі ў абразе беларускай мовы. Сам Случак кажа, што не атрымлівае асалоды ад такіх скаргаў.
Ігар Случак: «Хтосьці думае, што я ад гэтага кайфую. Наадварот, мне брыдка гэтым займацца»