Лукашэнка сустрэўся зь міністрам замежных справаў Нямеччыны. Чакае «новую старонку ў стасунках»

Віцэ-канцлер і фэдэральны міністар замежных спраў ФРГ Зыгмар Габрыэль, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 17 лістапада правёў у Менску сустрэчу зь віцэ-канцлерам і фэдэральным міністрам замежных справаў Нямеччыны Зыгмарам Габрыэлем. Візыт нямецкага палітыка такога ўзроўню адбыўся ўпершыню з 1995 году.

Напярэдадні сустрэчы МЗС Нямеччыны апублікаваў зварот Габрыэля:

«Што іншы раз забываюць: Беларусь гэта краіна ў сэрцы Эўропы, — гаворыцца ў звароце Зыгмара Габрыэля. — Мы хочам мець з гэтай краіна большых і лепшых адносінаў. Гэта было часам цяжка ў мінулым, і не заўсёды проста ў будучыні.

Але ў апошнія два гады, паўстала асьцярожнае збліжэньне паміж ЭЗ і Беларусьсю. Гэтае збліжэньне мы хочам далей падтрымаць, як раз напярэдадні саміту ЭЗ і Усходняга партнэрства на наступным тыдні. Канечне, на наш погляд для гэтага патрэбныя далейшыя крокі ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека. Таксама я буду пра гэта гаварыць з маімі суразмоўцамі ў Менску».

Як перадае БЕЛТА, Аляксандар Лукашэнка заявіў пра адкрыцьцё «новай старонкі ў адносінах зь Нямеччынай, накіраванай у лепшы бок».

«Шмат кажуць пра мінулае нашых адносін, аб нэгатыўных фактах і фактарах, але ў Мінску ёсьць шмат таго, што ў станоўчым пляне характарызуе нашы дзяржавы, — казаў Лукашэнка. — Час ідзе, ён мяняе многае. Так і ў сучасным сьвеце нашы адносіны зьмяняюцца з цягам часу».

Лукашэнка таксама адзначыў высокатэхналягічны імпарт зь Нямеччыны і выказаў пажаданьне больш інтэнсіўнай эканамічнай супрацы (у тым ліку прапанаваў «зьвярнуць увагу» на кітайска-беларускі індустрыяльны парк). Ён падзякаваў Нямеччыне за тэхналягічную падтрымку беларускай эканомікі і за дапамогу ў аздараўленьні дзяцей, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, адзначыў унёсак Нямеччыны ва ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе («Калі б Нямеччына не заняла жорсткую пазыцыю, там бы да гэтага часу гінулі людзі»).

***

Напярэдадні візыту Габрыэля пасол Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар расказаў, што візыт наўрад ці азначае новую фазу ў дачыненьнях Нямеччыны і Беларусі.

«Гэта проста пацьвярджае добры стан нашых дачыненьняў, таму я рады, што міністар замежных спраў знайшоў час, каб прыехаць сюды і пацьвердзіць гэта», — сказаў ён.